“65!”: марафон і стужка

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

Адразу дзве акцыі рэалізуе напярэдадні 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

 /i/content/pi/cult/213/2583/2-3.gif

15 чэрвеня на плошчы Перамогі беларускай сталіцы стартаваў маладзёжны марафон "65!". Да 22 чэрвеня ўдзельнікі пранясуць эстафету "Агню Памяці", што запалены ад Вечнага агню ў Мінску, па месцах баявой славы Вялікай Айчыннай вайны, ускладуць вянкі да помнікаў і мемарыялаў, наладзяць канцэрты і флэш-акцыі "Дзякуй за жыццё!", "Палявая пошта", "Памятаем...". Пачаўся марафон з перадачы яго ўдзельнікам 12-метровага Палатна Перамогі горадагероя Мінска, да якога далучацца аналагічныя палотны з абласцей. Дарэчы, захоўвацца гэтая рэліквія Памяці будзе ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У суправаджэнні байкераў калона марафонцаў выправілася на цюнінгаваных аўтамабілях у Рагачоў. Далей маршрут пралёг дарогамі герояў праз Мемарыяльны комплекс "Буйніцкае поле", Полацк, населеныя пункты Гродзеншчыны, Мемарыяльны-комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой". Завершыцца акцыя на Кургане славы пад Мінскам 22 чэрвеня. У складзе ўдзельнікаў марафона - ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, актывісты БРСМ, спартсмены, моладзь органаў унутраных спраў, унутраных войск, аддзелаў па надзвычайным сітуацыям, органаў памежнай службы. Культурны складнік гэтай акцыі забяспечваюць удзельнікі конкурсу "Новыя галасы Беларусі", артысты беларускай эстрады. Яшчэ адна патрыятычная акцыя БРСМ, што рэалізуецца з 1 па 3 ліпеня, - "Я памятаю! Я ганаруся". Пад час яе будуць здзейснены шматлікія флэш-мобы, шэсці, радыёпраекты, конкурсы, семінары, тэатральныя пастаноўкі, канцэрты. Усім грамадзянам Беларусі прапануецца далучыцца да акцыі праз стужачку колераў Дзяржаўнага сцяга, якую можна замацаваць на адзенні, аксесуарах, антэне аўтамабіля як сімвал гонару за нашу краіну.