Саракагоддзі мемарыялаў

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

5 ліпеня 1969-га, да 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў, былі адкрыты два знакавыя не толькі для Міншчыны, але і для ўсёй Беларусі мемарыяльныя аб’екты— “Хатынь” і Курган славы.

 Як адзначыў намеснік дырэктара Мемарыяльнага комплексу "Хатынь" Андрэй Дашукевіч, дзяржава, нягледзячы на не надта спрыяльныя эканамічныя ўмовы, ніколі не забываецца на фінансаванне двух згаданых аб'ектаў. На самім Кургане славы, які знаходзіцца ў падпарадкаванні дырэкцыі "Хатыні", і вакол яго ўладкавана на сёння газонапалівальная сістэма. Зроблена добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Беларусі, тут пройдуць буйныя мерапрыемствы з нагоды 65-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Мемарыяльным комплексе "Хатынь" завершана рэканструкцыя электрасеткі. Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на замену водаправода і каналізацыі. Работы плануецца распачаць у самы бліжэйшы час. У адміністрацыйным будынку з'явіліся новыя камп'ютэрная і аргтэхніка, мэбля. Наведвальнікі Мемарыяльнага комплексу могуць набыць тут друкаваныя выданні, у прыватнасці, зборнік дакументаў "Хатынь. Трагедыя і памяць", а таксама сувенірную прадукцыю, выпушчаную, у тым ліку, і з нагоды 40-годдзя "Хатыні" і Кургана славы.