У галоўнай ролі — крэпасць

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

Здымкі беларуска-расійскай стужкі “Брэсцкая крэпасць” павінны распачацца 1 ліпеня на месцы рэальных баявых дзеянняў. Аб гэтым паведаміла кіраўніцтва РУП “Беларусьфільм”. Па словах намесніка генеральнага дырэктара кінастудыі Аляксандра Цялушкі, праект стане самым важным і буйным для беларускіх кінавытворцаў на бліжэйшы год.

Фільм "Брэсцкая крэпасць" стане першым, створаным па замове Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы. Таксама ўдзел у здымках прыме расійская кампанія "Цэнтрал Партнершып". Прэм'ера карціны плануецца ўжо меней чым праз год і будзе прымеркавана да 65-годдзя Вялікай Перамогі. У якасці рэжысёра-пастаноўшчыка абраны вядомы расійскі рэжысёр Аляксандр Котт, які мае вопыт працы як над тэлевізійным кіно, так і над кіно для вялікага экрана і стужкі якога адзначаны прызамі шматлікіх фестываляў. Сцэнарый карціны напісаў інтэрнацыянальны аўтарскі калектыў на чале з вядомым беларускім драматургам Аляксеем Дударавым. Па словах прадстаўніка "Беларусьфільма", здымачны перыяд запланаваны на ліпень - верасень, а ў кастрычніку праца перамесціцца ў павільёны нацыянальнай кінастудыі. Працаваць над фільмам будуць па 70 спецыялістаў як з беларускага, так і з расійскага боку. Першая група маскоўскіх кінематаграфістаў з 25 чалавек ужо прыехала ў Брэст і працуе над стварэннем дэкарацый. У гэтай рабоце бяруць удзел і ваеннаслужачыя Беларускай Арміі. Дарэчы, па творчай задуме, на тэрыторыі крэпасці, якая была пабудавана яшчэ ў ХІХ стагоддзі, спецыяльна для здымак будзе адноўлены будынак колішняга клуба. Паралельна з падрыхтоўкай пляцоўкі ідзе падбор выканаўцаў на галоўныя ролі. Іх імёны стваральнікі фільма абяцаюць назваць бліжэй да пачатку работы. Аднак вядома, што акцёрскі склад стане таксама, як і здымачная група, міжнародным.

Антон СІДАРЭНКА