“Мы ведалі: гэта наш апошні бой”

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

“Прызнацца, пры магчымасці зрабіць экспазіцыю, прысвечаную тэме Вялікай Айчыннай вайны, — распавяла загадчык аддзела гісторыі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Рыта Янчалоўская карэспандэнту “К” пад час камандзіроўкі ва ўстанову, — можна было б пакінуць толькі тыя комплексы, якія датычацца менавіта гісторыі Гродзеншчыны. Кожны абласны музей мусіць распавесці штосьці сваё, нам не патрэбна дубліраваць адзін аднаго, тым больш, што пра агульны летапіс ваенных дзеянняў на Беларусі распавядае сталічны Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з яго багацейшымі фондамі. Наша будучыня — у стварэнні ўласнага расповеду аб героях Гродзеншчыны, яе абаронцах. Пачатковы перыяд вайны, час акупацыі, вызваленне… Хто пра гэта павінен ведаць, як не землякі?”

У 22 гадзіны пачаўся штурм

 Распавесці сёння менавіта пра дні вызвалення Гродзеншчыны мне даў падставу сам музей. Не кожная з падобных абласных устаноў можа пахваліцца комплексам экспанатаў, што расказваюць пра гэтую старонку гісторыі. У выпадку ж з экспазіцыяй Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея, з якой пазнаёмілася падрабязна ў час грунтоўнай экскурсіі, гаворка ідзе амаль пра цэлую залу.

 /i/content/pi/cult/212/2577/15-1.jpg /i/content/pi/cult/212/2577/15-2.jpg

 

Лічыцца, што Гродна вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 16 ліпеня 1944 года, але пры ўважлівым стаўленні да падзей праяўляецца іншая дата: 24 ліпеня. Вызвалялі Гродна ў ходзе другога этапа беларускай наступальнай аперацыі "Баграціён", і ў баях за горад удзельнічалі войскі 2-га і 3-га Беларускіх франтоў.

Вядома, што нямецкае камандаванне надавала вялікае значэнне гораду: ён з'яўляўся буйным вузлом камунікацыі і адным з асноўных пунктаў абароны на подступах да Усходняй Прусіі. Гітлераўцам было загадана трымацца, "чаго б гэта ні каштавала". Савецкія войскі, са свайго боку, імкнуліся як мага хутчэй вызваліць родную зямлю ад ворага. І, нягледзячы на тое, што ў ходзе папярэдніх наступальных баёў Чырвоная Армія панесла значныя страты ў людскіх і тэхнічных рэсурсах - у прыватнасці, адчуваўся недахоп боепрыпасаў, паліва, - усё ж імпэт байцоў граміць фашыстаў быў наймагутнейшы. Паспрабуем па днях аднавіць хроніку вызвалення горада. Першым на подступы да Гродна прарваўся 3-і гвардзейскі кавалерыйскі корпус - гэта адбылося 13 ліпеня. Але ён быў спынены моцнай агнявой абаронай фашыстаў. З поўдня горада ўпартае супраціўленне сустрэлі і войскі 50-й арміі. Аднак 14 ліпеня да 3-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса далучыліся часці 36-га стралковага корпуса 31-й арміі,- і войскам-такі ўдалося прайсці наперад і пачаць фарсіраванне Нёмана на поўнач ад горада. 15 ліпеня. Жорсткія баі на подступах да Гродна працягваюцца.

Савецкім войскам прыходзіцца літаральна крок за крокам пераадольваць абарону праціўніка. Абстаноўка была вельмі напружанай. Як пісаў у сваіх успамінах былы камандзір 878-га стралковага палка 290-й стралковай дывізіі М.Хамула, "нават сёння, праз трыццаць з гакам гадоў, я схільны верыць, што тады нашаму палку проста ўсміхнулася шчасце. Бо сілы гітлераўцаў, што абаранялі горад, былі нам не вядомы. <...> Ды ўсё ж такі мы рызыкнулі, накіравалі батальёны да яго (Гродна.- Д.А.) ускраін".

У 22 гадзіны пачаўся штурм.

Па сутнасці, свабода горада над Нёманам нараджалася ў начных баях. Савецкія войскі паступова прасоўваліся наперад, дэманструючы тактыку і ўменне, і пад раніцу правабярэжная частка Гродна была, у асноўным, вызвалена ад гітлераўцаў. Але пераправіцца на левы бераг Нёмана ўдалося нямногім: батальён 878-га стралковага палка пад кіраўніцтвам І.Хірнага захапіў галоўны чыгуначны мост і перайшоў на левы бераг рэчкі, але той аказаўся замініраваным фашыстамі. У выніку выбуху батальён застаўся адрэзаным на занёманскім плацдарме. Гітлераўцы ўзарвалі і аўтамост, куды ўжо ў першыя гадзіны 16-га ліпеня прарваўся батальён старшага лейтэнанта М.Глазунова 508-га стралковага палка. У абставінах, якія склаліся, наступленне савецкіх войск аказалася затрыманым: пачаліся цяжкія баі па ўтрыманні плацдарма за Нёманам. Вось тут у гісторыі вызвалення Гродна адбываецца цікавы паварот. Баявыя данясенні аб вызваленні правабярэжнай часткі Гродна адзначаюцца Стаўкай як значны крок наперад, як існуючая перамога. І ў яе гонар 16 ліпеня ў сталіцы СССР даюць салют. "Сёння, 16 ліпеня, у 23 гадзіны, сталіца нашай Радзімы Масква ад імя Радзімы салютуе доблесным войскам 2-га і 3-га Беларускіх франтоў, якія авалодалі горадам Гродна, дваццаццю артылерыйскімі залпамі з двухсот дваццаці чатырох гармат",- так гучаў загад Вярхоўнага галоўнакамандуючага. 17 часцей і злучэнняў узнагароджваюцца ордэнамі. Аднак канчатковая перамога - "дэ-факта" - над ворагам у Гродне адбываецца толькі... 24 ліпеня, праз сем дзён пасля пераможнага салюту. Раніцай гэтага дня савецкія воіны, нарэшце, адбіваюць контрудар фашыстаў на левабярэжжы Нёмана і цалкам вызваляюць горад.

/i/content/pi/cult/212/2577/15-3.jpg

 

"Калі не зробім цяпер - раніцай нас скінуць у Нёман"

У экспазіцыі залаў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея знаходзяцца фотаздымкі трох воінаў Чырвонай Арміі, якія за ўдзел у баях за горад былі прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза. Лейтэнант Іосіф Дзякаў - парторг 494-га Гродзенскага палка - адным з першых уварваўся ў Гродна, гвардыі капітан Мікалай Аўчыннікаў - камандзір шабельнага эскадрона 23-га гвардзейскага кавалерыйскага палка, чый полк у авангардзе выйшаў да пераправы праз Нёман, і Міхаіл Курбатаў - баец 878-га палка Магілёўскай стралковай дывізіі, які ў штурмавой групе пераправіўся на левы бераг Нёмана і быў забіты там на плацдарме. Калі чытаеш успаміны ветэрана 878-га стралковага палка Міхаіла Веснянцава, адкрываюцца ў дэталях падрабязнасці апошняга кроку вызвалення Гродна. Фарсіраванне Нёмана стала відавочнай неабходнасцю завяршэння наступлення, паколькі горад быў амаль "наш". Невыпадкова, бо задача аказалася неверагодна цяжкай, гэты апошні рывок Чырвонай Арміі зацягнуўся на сем дзён і забраў шмат жыццяў савецкіх байцоў. Прыводзім некалькі ўрыўкаў з успамінаў Міхаіла Веснянцава.

 "Загад быў кароткім: фарсіраваць Нёман без адзінага стрэлу і ўзяць першую траншэю. Нас было чацвёра: Міхаіл Макараў, Канстанцін Маўрычаў, Леанід Нікіцін і я. Нарэшце пачулі каманду: "Наперад!" Без шуму паднялі наш плот і - пабеглі да рэчкі. Раптам на рацэ штосьці забухала, а на вадзе разарваліся першыя міны. Мы былі далёка ад берага, калі ўдарылі кулямёты. Агонь вёўся непрыцэльны, але даволі шчыльны. Побач разарвалася вялікая міна. Міша, сціснуўшы маю руку, прашаптаў: "Бывайце!.." І гэтак жа ціха сышоў пад ваду. Мы імкнуліся ўсімі сіламі наблізіцца да варожага берага. Чарга трасіруючых куляў прайшла, як здавалася, побач, але, трошкі прыпадняўшыся, Лёня мёртвым адкінуўся на плот. Нечакана ногі дакрануліся да зямлі: бераг... Побач выцягвалі на бераг платы, рэчмяшкі, кулямёты байцы дэсантнага атрада. Камандзір атрада, старшы лейтэнант Ялохін, даў каманду: "Наперад!" Фашысты ўвесь агонь сканцэнтравалі на воднай роўнядзі, якую хаваў туман, і не маглі бачыць нас. А калі мы з'явіліся на высокім беразе, амаль перад акопамі, немцы былі ашаломлены. "Майн Гот!" - закрычалі яны. Вораг нават аслупянеў ад страху і на якую хвіліну спыніў стральбу. Гэтага было дастаткова, каб дабегчы да акопаў і забіць фашыстаў. Першую лінію абароны ўзялі хутка. Захапілі некалькі кулямётаў і вялікую колькасць патронаў. Але былі забітыя і раненыя з нашага боку. Сталі ўсталёўваць кулямётныя кропкі. Раптам камандзіраў аддзяленняў выклікалі ў траншэю. Старэйшы лейтэнант быў нешматслоўным: "Неабходна зараз жа ўзяць другую траншэю. Калі не зробім гэта цяпер, раніцай нас скінуць у Нёман". Роўна праз 10 хвілін пачалі дзейнічаць. Ідэя была простая: хутка прапаўзці ўзвышэнне, прабегчы па лагчыне і, наблізіўшыся да другой траншэі, закідаць фашыстаў гранатамі. Аглушаных немцаў дабівалі ўсім, што было ў руках - прыкладамі, штыкамі, супрацьтанкавымі гранатамі, расстрэльвалі з аўтаматаў. Бой доўжыўся не больш за паўгадзіны. Нашы страты былі адчувальныя. Загінулі сяржанты Жукаў, Курбатаў, радавыя Карэнін, Быкаў, Галапрыдаў, Захараў, Ібрагімаў, Істамгулаў, Ізотаў, Кузін, Кірылаў. У гэтай схватцы мы згубілі 11 байцоў. <...>

За дзень адбівалі па 2 - 3 контратакі

...Падкінуўшы падмацаванне з танкавай дывізіі "Мёртвая галава", нямецка-фашысцкае камандаванне вырашыла любым шляхам знішчыць падраздзяленне 878-га стралковага палка. ...За дзень адбівалі па 2 - 3 контратакі фашыстаў. Загінуў старшы лейтэнант Ялохін і іншыя байцы, нас засталося ўсяго 8 - радавых Савецкай Арміі. У прамежку паміж апошнімі контратакамі ў нашых акопах адбылася нейкая звалка. Потым адзін з байцоў выскачыў з акопа і пабег да вады. - Куды? Назад! - закрычаў я. Але баец працягваў бегчы ў тыл. Перакінуўшы кулямёт на супрацьлеглы бок, я прыцэліўся і даў чаргу. А калі ён зрабіў спробы паўзці далей, кулі наступнай чаргі ацвярозілі яго. Баец быў у істэрычным стане, хтосьці аплявухай прывёў яго ў прытомнасць. Фашысты зноў пайшлі на нас. Мы ведалі: гэта наш апошні бой. Абняліся, развіталіся. Па тварах беглі слёзы. На кожнага прыходзілася да 50 метраў абароны па фронце, а фашысты (каля роты аўтаматчыкаў, пры падтрымцы "фердынандаў") стралялі на хаду з аўтаматаў і кулямётаў. Яны ішлі ў поўны рост. Самаходныя гарматы вялі прыцэльны бой. Раптам немцы спыніліся, некаторыя заляглі і пачалі весці агонь у бок, супрацьлеглы ад нас. Потым пачалі адступаць. "Фердынанды" павярнулі гарматы ўправа, стрэльнулі, а потым схаваліся ў сасновым бары. Гучнае "ўра!" пачулася на правым флангу. Немцы кінуліся бегчы. Мы зразумелі: нашы сілы перайшлі ў наступленне. Мы таксама пачалі пераследаваць ворага. Потым плакалі ад шчасця, што засталіся жывыя".

Па ўспамінах Веснянцава, многіх забітых таварышаў яны пахавалі там, на левым беразе Нёмана. Што да Героя Савецкага Саюза Міхаіла Курбатава, дык ён быў пахаваны ў брацкай магіле на сённяшняй гродзенскай вуліцы Перамогі. У яго гонар - аднаго з многіх загінуўшых пад час вызвалення Гродна - названы вуліцы ў Гродне і Магдагачы. Апошні горад быў месцам яго нараджэння, а першы - стаў месцам подзвігу.

 Падрыхтавала Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ

 

На фота:

Зала Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея, экспазіцыя якой прысвечана часам Вялікай Айчыннай вайны.

Архіўныя кадры вызваленага Гродна і баёў за горад, якія працягваліся да 24 ліпеня 1944 года.