Дзесятак прэм’ер

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Размову пра зборнік “Век маладосці” варта пачаць з тлумачэння. У нашай краіне паспяхова працуе велізарная колькасць харавых калектываў:аматарскіх і прафесійных, дзіцячых і “дарослых”, жаночых, мужчынскіх, змешаных, тых, якія маюць шматгадовыя традыцыі, і зусім маладых...

Але кіраўніка амаль кожнага харавога калектыву хвалюе самае галоўная праблема - рэпертуар, а значыць - наяўнасць новых твораў: без арыгінальных сачыненняў нельга дасягнуць значных мастацкіх вынікаў, утрымаць увагу калектыву. Урэшце, нельга прэтэндаваць на тое, каб быць заўважаным журы шматлікіх конкурсаў і фестываляў харавой творчасці.

 "Век маладосці" - нотны зборнік, а дакладней - вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўнікаў спецыяльных вучэбных прадметаў музычнага цыкла - уклала дацэнт кафедры харавога і вакальнага мастацтва БДУКіМ Ала Свірыдовіч. Тут прадстаўлена 10 аўтараў: хтосьці з іх, як Вячаслаў Кузняцоў і Рыгор Сурус, вядомыя і прызнаныя творцы, хтосьці - зусім малады, альбо пачаў актыўна гучаць не так і даўно, як А.Даньшова, Н.Усцінава, С.Бугасаў. Для некага, як А.Атрашкевіч і А.Безенсон, харавы жанр з'яўляецца асноўным і вызначальным у творчасці. Складальнік адабрала сярод шматлікіх сачыненняў кожнага з кампазітараў найперш творы, напісаныя на вершы класікаў беларускай літаратуры: Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Танка. Прадстаўлены ў "Веку маладосці" таксама харавыя творы на вершы С.Грахоўскага, Ю.Тувіма, Б.Захадэра, М.Карэма.

 Харавыя сачыненні пададзены ў адпаведнасці з узростам і выканаўчымі магчымасцямі: для малодшай групы хору, сярэдняй і старэйшай. Культура выдання выяўляецца ў наяўнасці ў зборніку метадычных рэкамендыцый, звесткак пра аўтараў, практыкаванняў па артыкуляцыйнай і дыхальнай гімнастыках, - гэтыя раздзелы напісаны А.Свірыдовіч. Аўтарам раздзела "Творчае развіццё вучняў у працэсе харавых спеваў" з'яўляецца Алена Гуляева - загадчык сектара Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Варта нагадаць, што "Век маладосці", які пабачыў свет у выдавецтве "Зорны верасень", - гэта не першы для А.Свірыдовіч вопыт надзвычай карпатлівай, але вельмі патрэбнай музыкантам працы па складанні нотных зборнікаў. Калі ўлічыць, што ўсе згаданыя харавыя цыклы друкуюцца ўпершыню, - гэта яшчэ ў большай ступені павялічвае каштоўнасць выдання. Самае ж галоўнае - такія зборнікі дапамагаюць кампазітарам і харавым калектывам, так бы мовіць, своечасова знайсці адзін аднаго.

Таццяна МІХАЙЛАВА