“Смак” сцэны

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Канец навучальнага года быў традыцыйна пазначаны шматлікімі справаздачнымі канцэртамі школьнікаў і студэнтаў, якія займаюцца мастацкай творчасцю. Некаторыя з такіх паказаў сталі сапраўднай прыступкай на шляху да прафесіі і прадэманстравалі вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі ў навучальных установах мастацтваў малодшага, сярэдняга і вышэйшага ўзроўняў.

/i/content/pi/cult/212/2563/8-1.jpg

 На яркую вясёлку быў падобны канцэрт пераможцаў ІІ Адкрытага гарадскога конкурсу сучаснай музыкі "Новыя гукі свету".

 - Вельмі прыемна, - адзначыла адзін з галоўных арганізатараў праекта, кампазітар Ганна Кароткіна, - што цяперашні конкурс, у параўнанні з першым, меў яшчэ больш шырокі разгорт. І сабраў юных музыкантаў не толькі сталіцы, але і з розных куткоў Беларусі. Відавочна, што адораныя дзеці маюць магчымасць выказаць сваю індывідуальнасць у розных відах творчасці, уключаючы не толькі выканальніцкую, але і кампазітарскую. Праграма канцэрта сімфанічнага аркестра Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.Глінкі ў Вялікай зале сталічнай філармоніі была складзена з вельмі адметных твораў, кожны з якіх мае не толькі вялікую папулярнасць, але і цяжкасці для выканання. Бетховен, Шуберт, Рахманінаў, Грыг - кожны кампазітарскі стыль атрымаў сваё годнае адлюстраванне. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор аркестра Мікалай Макарэвіч, нядаўні выпускнік нашай Акадэміі музыкі па класе оперна-сімфанічнага дырыжыравання, паказаў не толькі высокі ўзровень сваёй прафесіі, але і цудоўнае ўменне знаходзіць паразуменне з падлеткамі. Сола ж віяланчэлісткі-першакурсніцы Настассі Жук уразіла прыгажосцю гучання і сапраўды дарослай асэнсаванасцю музыкі А.Глазунова. Буйны канцэрт у двух аддзяленнях ладзілі і навучэнцы, якія асвойваюць эстрадныя спевы ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Атрымалася - супер!

/i/content/pi/cult/212/2563/8-3.jpg

 

- Вельмі хацелася, - расказала загадчык аддзялення мастацтваў эстрады, кампазітар Алена Атрашкевіч, - паказаць абсалютна ўсіх навучэнцаў. Таму, можа, з боку публікі некаторыя нумары маглі ўяўляцца "залішнімі", але дзякуючы такому педагагічнаму падыходу кожны з маладых музыкантаў змог рэальна адчуць свае магчымасці і "пасмакаваць" прыцягальнае пачуццё сцэны. Добрай шматгадовай традыцыяй стаў фестываль "Артмажор" Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, у якім кожны факультэт і кафедра могуць прадэманстраваць свае дасягненні.

/i/content/pi/cult/212/2563/8-4.jpg

 

- Нумары былі падабраны з добрым густам, - ухваліў канцэрт, зладжаны кафедрай мастацтва эстрады, народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Зарыцкі, які тры гады запар быў старшынёй Дзяржаўнай камісіі. - Асаблівае ўражанне пакінула стылёва вытрыманае выкананне джазавых кампазіцый. Адчуваецца, што на кафедры створаны ўсе ўмовы для плённай працы. Як заўсёды, цудоўным каляровым суквеццем выглядаў канцэрт кафедры харэаграфіі БДУКіМ, дзе былі прадстаўлены нумары самых розных накірункаў: ад фолька да эстраднага танца, ад мадэрна да фрагментаў з мюзіклаў. Адзначым, што большасць з іх была не толькі выканана, але і пастаўлена самімі студэнтамі і выкладчыкамі.

 На здымках: пад час канцэрта кафедры харэаграфіі БДУКіМ.

Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА