Усе на “... Арэну”!

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Васіль РАІНЧЫК, дырэктар — мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады, народны артыст Беларусі, кампазітар, старшыня журы нацыянальнага адбору дзіцячага “Еўрабачання-2009”:

- Цудоўна, што дзіцячае "Еўрабачанне-2010" пройдзе, нарэшце, у Беларусі. Гэта красамоўна сведчыць аб павышэнні ролі нашай краіны ў еўрапейскай супольнасці. Чаму было прынята такое рашэнне? Найперш, лічу, на гэта паўплывалі добра праведзеныя перамовы. Па-другое, сказалася і наша геаграфічнае становішча - у цэнтры Еўропы. У свеце таксама добра ведаюць наш менталітэт - гасціннасць, сардэчнасць, прыязнасць і павагу да прадстаўнікоў іншых культур. Важным спрыяльным фактарам стала і тое, што хутка ў нас адкрыецца шматфункцыянальны комплекс "Мінск-Арэна", які і стане "арэнай" для дзіцячага спаборніцтва. Ну, і, вядома, хацелася б верыць, што не самай апошняй прычынай правядзення дзіцячага "Еўрабачання" ў Беларусі сталі шматлікія перамогі нашых юных зорачак на гэтым прэстыжным форуме. Па праўдзе, калі меркаваць па выніках дзіцячага "Еўрабачання", наша дзятва можа лічыцца, бадай, самай спеўнай у свеце, бо некалькі перамог запар прадстаўнікоў адной краіны на "Еўрабачанні" - гэта рэкорд, годны ўнясення ў кнігу Гінеса. Беларусы ўжо з першага ўдзелу ў гэтым спаборніцтве літаральна скарылі Еўропу: Вольга Сацюк у 2003 годзе, нагадаю, заняла чацвёртае месца. Потым былі першае месца Ксеніі Сітнік у 2005-м, другое - Андрэя Кунца ў 2006-м, зноў першае - Аляксея Жыгалковіча ў 2007-м. Пасля такой гронкі вышэйшых узнагарод мінулагодняе шостае месца, на якое выйшла трыо Дашы Надзінай, Аліны Молаш і Карыны Жуковіч, - таксама добры паказчык. Так што засталося прыкласці ўсе намаганні, каб дзіцячае "Еўрабачанне-2010" стала адным з самых запамінальных і яркіх для ўсіх гасцей і ўдзельнікаў.

 Н.Б.