Палац за адну “базавую”*

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

*Прапанова дзейнічае толькі для сапраўдных гаспадароў Наведванне занядбанай і незапатрабаванай у нашы дні панскай сядзібы з прагнілым дахам і пустымі ваканіцамі натхніць, мусіць, кожнага на адну і тую ж самую думку: помніку даўніны патрэбны сапраўдны гаспадар, а не проста фармальны “ўласнік”. Сёння пошукі такіх гаспадароў, здольных узяць на сябе адказнасць за адраджэнне занядбаных набыткаў беларускай архітэктуры, адбываюцца ўжо на дзяржаўным узроўні.

 /i/content/pi/cult/212/2558/5-1.jpg

 Па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі Міністэрства культуры нашай краіны сумесна з абласнымі выканаўчымі камітэтамі рыхтуе спіс аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, уласнікамі якіх змогуць стаць па-добраму апантаныя (або проста прагматычна зацікаўленыя) прыватныя інвестары. І гэты крок зразумелы. Залішне будзе казаць пра тое, што дзяржаўны бюджэт сёння далёка не заўжды ў стане "падсілкаваць" рэстаўрацыю ўсіх тых помнікаў архітэктуры, якія неадкладна патрабуюць, шчыра скажам, выратавальных мер, - надта іх шмат. Аднак... Тут непазбежна ўзнікае шэраг пытанняў. Апынуўшыся ў прыватнай уласнасці, ці не стане помнік беларускай культурнай спадчыны выключна прыватным здабыткам? Ці не абнясуць гэты аб'ект плотам, непераадольным для простага грамадзяніна? Ці будуць там праведзены рэстаўрацыйныя работы і ці ёсць гарантыі, што яны займеюць належную навуковую аснову? Тым больш, спакуса замяніць дзіравы дах класіцыстычнага палаца на модную металадахоўку даволі актуальная. - Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці ў беларускім заканадаўстве, - начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі быў лаканічны. - Лепшых гарантый і не трэба.

"Галоўнае - пачаць"

Фарміраванне спіса адбываецца на аснове тых прапаноў, якія былі дасланы ва ўпраўленне па ахове спадчыны і рэстаўрацыі з рэгіёнаў. Амаль усе гэтыя аб'екты - закінутыя сядзібы. Амаль ва ўсіх выпадках іх будучая функцыя вызначана як "турыстычны цэнтр". Часам яшчэ і з дадаткам "культурна-". Па словах намесніка начальніка ўпраўлення Аляксандра Ленкава, агулам у спісе будзе не больш за 30 пазіцый. Відавочна, гэтая лічба зусім не адпавядае колькасці аб'ектаў спадчыны, сёння незапатрабаваных. Але, на думку спецыяліста, прычына тут у тым, што вобласці ўлічвалі рэальны патэнцыял тых аб'ектаў, якія яны прапаноўвалі. Тое, што ўвагу інвестараў прыцягне сядзібны комплекс у Опсе, асаблівых сумневаў не выклікае. Сходы палаца каскадам вядуць да аднаго з азёраў Браслаўшчыны. А вось даўно закінуты панскі дом у глухой вёсцы Дзедзіна, куды нават асфальт не пракладзены, падаецца куды менш прывабным для турбізнесу. І тым не менш... - Наколькі мне вядома, ахвотны набыць гэты будынак ужо знайшоўся,- прыемна здзівіў мяне Аляксандр Ленкаў. Часам інвестарам прапаноўваюцца не толькі парэпаныя муры з даўняй гісторыяй, але таксама, "у камплекце", і перспектыўны план іх выкарыстання. Гомельскі палацава-паркавы ансамбль выступіў з ідэяй стварыць на базе сядзібы ў вёсцы Хальч, што на Веткаўшчыне, музейнатурыстычны комплекс. І распрацаваў спецыяльны яго праект, які ўжо браў удзел у Гомельскім эканамічным форуме. Кошт праекта - больш за два мільёны долараў. - Увогуле, галоўнае тут - пачаць,- кажа Аляксандр Ленкаў. - Займець нейкую практыку, досвед - хай сабе і не заўсёды станоўчы. А калі знойдуцца ахвотныя інвеставаць у тыя аб'екты, якія ў спісе адсутнічаюць, думаецца, іх уласнікі будуць гэтаму толькі рады.

Свіран - калі ласка!

Але - не замак

Адной маёй знаёмай закарцела зрабіць сабе лецішча не проста ў вясковай хаціне, а ў якойсьці старасвецкай камянічцы. Яна нават нагледзела прыдатную для гэтых мэт закінутую пабудову - ці то свіран, ці то лядоўню з "панскіх" часоў. Але тут жа ўсумнілася: ці адпавядае гэтая яе ідэя айчынным законам? - Чаму ж не? - адказаў Ігар Чарняўскі. - Паводле заканадаўства, аб'екты спадчыны могуць мець любую форму ўласнасці і належаць не толькі юрыдычным асобам, але нават і грамадзянам, у тым ліку - замежнікам. Не думаю, што трэба засцерагацца давяраць ім такія аб'екты: замак або палац ніхто з Беларусі не звязе. А тое, што для аднаўлення помніка будуць прыцягнуты замежныя інвестыцыі - гэта вялікі плюс. Апошняе пераканаўча пацвярджае і сусветная практыка. Але як стасуецца недатыкальнасць прыватнай уласнасці з даступнасцю такіх аб'ектаў для наведвання турыстамі? Не надта прыемна, калі ў тваім доме дзверы - насцеж... Зрэшты, такая самая праблема ўзнікае не толькі ў выпадку з лецішчам, але і, скажам, з элітным санаторыем. - Сапраўды, помнік спадчыны павінен быць адкрыты для ўсеагульнага наведвання, - патлумачыў Ігар Чарняўскі, - але не абавязкова круглыя суткі. У міжнароднай практыцы ёсць такая завядзёнка: тыя гісторыка-культурныя адметнасці, наведаць якія ў звыклы час даволі праблематычна, прымаюць турыстаў літаральна некалькі дзён на год - скажам, у Еўрапейскія дні спадчыны. Думаю, гэтая традыцыя вартая ўкаранення і ў беларускай рэчаіснасці. Таму стары і даўно ўжо нікому не патрэбны свіран цалкам можа стаць уласнасцю прыватнай асобы. А вось брацца сваімі сіламі за адраджэнне замка Ігар Чарняўскі не рэкамендуе. Прыкладаў перадачы гістарычных будынкаў у прыватную ўласнасць прыгадваецца пакуль небагата. Сярод іх ужо сёння ёсць не толькі станоўчыя - як, напрыклад, сядзіба ў Бянюнах, якая з закінутай хаціны ператварылася ў прывабны тураб'ект. Добры намер не надта буйнога прадпрымальніка, які ўзяўся за адраджэнне Быхаўскага замка, спазнаў фіяска, прыкрае і для рупліўца, і, на жаль, для самога замка: з прычыны пажару, які там адбыўся, прадпрымальнік пакінуў старыя муры яшчэ ў горшым стане, чым узяў. Адолець неймаверны аб'ём рэстаўрацыйных работ яму не ўдалося, і здзіўляцца тут не выпадае. - Безумоўна, гэты энтузіяст папросту не разлічыў уласныя сілы, - кажа Ігар Чарняўскі. - Паглядзіце, колькі сродкаў патрабуе рэстаўрацыя ў Нясвіжы, і падумайце, ці здолеў бы гэтыя работы "пацягнуць" адзін чалавек. Але ў дадзеным выпадку трэба канстатаваць і недагляд мясцовых улад, якія - мусіць, паддаўшыся эйфарыі, створанай СМІ вакол гэтага выпадку, - не зарыентавалі працу прадпрымальніка належным чынам. Трэба было пачынаць з малога, з аднаго канкрэтнага памяшкання, адносна прыстасавання якога меліся б канкрэтныя планы. А астатнюю частку комплексу папросту закансерваваць. І тады, напэўна, вынікі аказаліся б іншымі. Таму, паводле прынцыповай пазіцыі Міністэрства культуры, аднаго жадання мала - да яго інвестар павінен дапасаваць яшчэ і канцэптуальны план сваіх дзеянняў, з выразна ўсвядомленымі задачамі. Безумоўна, замак здатны "пацягнуць" толькі вельмі буйны інвестар- не прыватная асоба, а магутная бізнесструктура. Пакуль што такіх інвестараў на прыкмеце няма. Але Ігар Чарняўскі спадзяецца, што, разам з развіццём турызму, сітуацыя зменіцца. І дзеліцца амаль што сенсацыйнай навіной: не так даўно з'явілася праектная прапанова па рэгенерацыі Навагрудскага замка, які раней аднаўляць ніхто і не думаў. І калі знойдзецца ахвотны яе рэалізаваць...

Цана пытання, альбо пытанне цаны?

У спіс, які сёння фарміруюць спецыялісты ўпраўлення, мае патрапіць і знакамітая сядзіба ў Свяцку. Як вядома, гэта ўжо далёка не першая спроба знайсці новага гаспадара шыкоўнаму барочнаму палацу Валовічаў і прылегламу да яго паркаваму комплексу. Здавалася б, усе аргументы на карысць ператварэння яго ў прэзентабельны тураб'ект - навідавоку, тым больш, калі ўлічыць яго месцазнаходжанне: недалёка ад Гродна і зусім блізка ад Аўгустоўскага канала. Але ж стартавая цана, якая напачатку складала 16 мільярдаў рублёў... Многія мяркуюць, што менавіта гэты фактар напалохаў патэнцыйна зацікаўленых інвестараў. - Стартавая цана фарміруецца зусім не адвольна, - тлумачыць Ігар Чарняўскі. - І ў гэтай справе важна ўлічыць інтарэсы не толькі пакупнікоў, але і ўласніка аб'екта, якім з'яўляецца тая ці іншая дзяржаўная арганізацыя. Але ж тут пачынае дзейнічаць правіла аўкцыённых таргоў. Калі аб'ект не прадаецца за пачатковую цану, яе зніжаюць - ажно пакуль пакупнік усё ж знойдзецца. Згодна з гэтым правілам, стартавая цана на палац у Свяцку істотна ўпадзе. І тут узнікае пытанне адносна тых фактараў, што ўтвараюць "цану пытання". А яны куды больш размаітыя, чым у выпадку з нейкім блочным буданам. Бо гутарка вядзецца не толькі пра матэрыяльную каштоўнасць, але і пра гісторыка-культурную. І, з іншага боку,- менавіта з апошняй прычыны рэстаўрацыя аб'екта спадчыны абыходзіцца нашмат даражэй за давядзенне да ладу бетоннага будана. Да пазамінулага года, калі быў прыняты Указ Прэзідэнта №190, практыкі такой ацэнкі на Беларусі наогул, бадай, не было. Але ж дадатак да гэтага нарматыўнага акта змяшчае амаль вычарпальны пералік крытэрыяў ацэнкі аб'ектаў спадчыны. Сярод іх - не толькі гістарычная і культурная каштоўнасць, але таксама і фізічны стан помніка- ці, іншымі словамі, ступень яго захаванасці. Зразумела, у выпадку з сядзібай у Свяцку гэты фактар нельга не ўлічваць - яе рэстаўрацыя запатрабуе не аднаго мільярда рублёў. Тое ж самае тычыцца ці не ўсіх аб'ектаў з прадстаўленага ўвазе інвестараў спіса. У графе "Стан помніка" зазвычай можна сустрэць надпіс: "Нездавальняючы". І гэтыя фактары пры ацэнцы сёння бяруцца пад увагу. - Мы зыходзім з таго, што ацэнка павінна ўлічваць выдаткі не толькі па рэстаўрацыі, але і па прыстасаванні пад сучасныя патрэбы, - дадаў Ігар Чарняўскі. - Бо, самі разумееце, санітарныя і супрацьпажарныя нормы ў XVIII стагоддзі былі не тыя, што цяпер. Неаспрэчна, гэтыя затраты павінны спрыяць паніжэнню цаны. Калі мы ўжо згадалі правілы аўкцыёну, нялішне будзе ўспомніць і яшчэ пра адзін Указ Прэзідэнта - № 108. Ён дазваляе мясцовым уладам санкцыянаваць продаж незапатрабаванага аб'екта спадчыны за сімвалічную плату - усяго адну базавую велічыню. Але пры ўмове, што гэты аб'ект будзе выкарыстоўвацца і дазволіць стварыць новыя працоўныя месцы. Такі рэалістычны падыход цалкам адпавядае міжнароднай практыцы: у Заходняй Еўропе старыя занядбаныя будынкі можна набыць усяго за 1 еўра. Але "ў нагрузку" вы возьмеце на сябе цэлы комплекс абавязкаў. І наўрад ці ў вас атрымаецца беспакарана паставіцца да іх легкадумна. "А што ў нас?" - спытаеце вы. - Беларускае заканадаўства ў сферы аховы помнікаў поўнасцю адпавядае міжнародным стандартам, - адказаў Ігар Чарняўскі. - І калі інвестар паставіцца да сваіх задач несумленна і нанясе помніку шкоду, ён будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай і нават крымінальнай адказнасці. Больш за тое: адказнасць можа наступіць і проста за бяздзейнасць, якая таксама зусім не бясшкодная для аб'екта спадчыны.

Хацеў, але не дазволілі...

Гэтую гісторыю мне даводзілася чуць, прынамсі, у кожнай трэцяй вёсцы, дзе ёсць закінутая сядзіба. Мясцовыя жыхары ў розных частках краіны распавядаюцьпрыкладна адно і тое ж: пра нейкага "багатага хлопца" (часам - з замежным пашпартам), які гарэў жаданнем укласці грошы ў гэты аб'ект, аднак мясцовыя ўлады яму тое не дазволілі. - Думаю, падобныя гісторыі цікавыя перадусім фалькларыстам, якія збіраюць мясцовыя паданні, - выказаўся на гэты конт Ігар Чарняўскі. - Калі б такія інвестары існавалі ў рэальнасці, пра іх ведалі б не толькі жыхары вёсак. Насамрэч, павышаную цікавасць да сядзіб у глыбінцы канстатаваць пакуль што зарана. Хаця яна прыкметна расце - разам з увагай дзяржавы да развіцця турызму. Залежнасць тут - відавочная. Легенда - легендай, але... Ці ёсць механізм уздзеяння на тых уласнікаў з ліку дзяржаўных арганізацый, якія самі помнік спадчыны не выкарыстоўваюць, сродкаў на яго рэканструкцыю не маюць, як і планаў адносна новага прыстасавання, а прадаваць не спяшаюцца: ці то з-за ўласнай нядбайнасці, ці то праз залішнюю асцярожнасць? - Такая сітуацыя таксама прадугледжана нашым заканадаўствам, - тлумачыць Ігар Чарняўскі. - Аб'ект, які доўгі час не выкарыстоўваецца, можа быць забраны ва ўласніка і перададзены тым, хто здатны знайсці для яго прымяненне. Дарэчы, не варта агулам ганіць мясцовыя ўлады: яны зусім не ігнаруюць праблему захавання спадчыны, як многім падаецца. Да нас рэгулярна тэлефануюць, скажам, старшыні сельсаветаў і пытаюцца, якім чынам знайсці гаспадара для закінутага млына або свірна на іх тэрыторыі.

* * *

Неаспрэчна, кантроль з боку Кіраўніка дзяржавы дазволіць многім помнікам архітэктуры займець будучыню. Але, безумоўна, чакаць, што кожная з закінутых сядзіб зменіць свой лёс у самым хуткім часе, было б празмерным аптымізмам. І таму Ігар Чарняўскі чарговы раз засяродзіў увагу мясцовых улад на неабходнасці захадаў па кансервацыі аб'ектаў спадчыны. - Бывае так, што спецыяліст, у чые абавязкі ўваходзіць кантроль за аховай помнікаў у пэўным раёне, даведваецца пра існаванне таго або іншага аб'екта толькі тады, калі супрацоўнікі Міністэрства прыязджаюць да іх з інспекцыяй, - прызнаўся ён. - Здараюцца і такія дзівосы: выяўляецца, што гэты спецыяліст у дадзеным раёне наогул адсутнічае,- хаця ён мусіць быць літаральна ў кожным! Падкрэслюяшчэ раз: падобнае стаўленне супярэчыць беларускаму заканадаўству. Сапраўды, на інвестараў, канешне ж, можна і трэба спадзявацца, але... Галоўнай панацэяй ад страты аб'ектаў спадчыны з'яўляецца ўсё ж сістэмная ўвага да праблемы яе захавання "на месцах" - у кожным кутку Беларусі.

Iлля СВІРЫН