Юрыдычныя тонкасці (elegantia juris)

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Ці магчымае вяртанне білетаў на культурнавідовішчныя мерапрыемствы? На пытанне адказвае начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена ВЕШТАРТ:

- У апошні час пачасціліся звароты ў Міністэрства культуры, іншыя дзяржаўныя органы па пытаннях магчымасці вяртання білетаў на культурна-відовішчныя мерапрыемствы. Яно і зразумела, бо кошт білетаў часам можа дасягаць некалькіх соцень тысяч рублёў, білеты набываюцца загадзя, але да часу правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства абставіны могуць змяніцца і глядач не можа яго наведаць. Што рабіць у такой сітуацыі?

 Інструкцыяй па вядзенні білетнай гаспадаркі ў тэатральна-відовішчных арганізацыях, зацверджанай пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 30 мая 2007 г. № 24 (далей - Інструкцыя), прадугледжвалася магчымасць вяртання білетаў з вяртаннем грашовых сродкаў толькі ў двух выпадках: адмена культурна-відовішчнага мерапрыемства ці замена яго іншым. У іншых выпадках набытыя гледачамі білеты вяртанню не падлягалі.

Улічваючы абставіны, указаныя ў пачатку артыкула, пастановай Міністэрства культуры ад 19 мая 2009 г. №17 у Інструкцыю ўнесены змяненні, у адпаведнасці з якімі набытыя гледачамі білеты могуць быць імі вернуты не толькі ў выпадку адмены культурна-відовішчнага мерапрыемства або яго замены, але і тады, калі білет вяртаецца не менш чым за 5 дзён да мерапрыемства і не мае відавочных пашкоджанняў. Вызначэнне тэрміну, да якога могуць быць вернуты білеты, абумоўлена тым, што тэатральна-відовішчныя арганізацыі павінны мець магчымасць рэалізаваць вернутыя білеты.

Акрамя таго, у Інструкцыю ўнесены і іншыя змяненні і дапаўненні, у прыватнасці, устаноўлена, што рэалізацыя білетаў юрыдычным і фізічным асобам ажыццяўляецца як за наяўны, так і за безнаяўны разлік, магчымы папярэдні заказ білетаў па тэлефоне і з выкарыстаннем сеткі Інтэрнет. Парадак прыёму заказаў вызначаецца тэатральна-відовішчнай арганізацыяй.

Дадзена вызначэнне паняццю "месцы, прызначаныя для службовага карыстання" - гэта месцы, што выкарыстоўваюцца адміністрацыяй тэатральна-відовішчнай арганізацыі з мэтай ажыццяўлення кантролю якасці культурна-відовішчных мерапрыемстваў, якія праводзяцца. Пры гэтым на месцы, прызначаныя для службовага карыстання, білеты не рэалізоўваюцца. Колькасць месцаў, прызначаных для службовага карыстання, вызначаецца тэатральна-відовішчнай арганізацыяй па ўзгадненні з заснавальнікам. Асобныя палажэнні Інструкцыі прыведзены ў адпаведнасць з заканадаўствам па цэнаўтварэнні.