Эфектыўная мабільнасць

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

У № 15 “К” за гэты год пад рубрыкай “Родная зямля: час крэатыву” быў змешчаны артыкул “Як бібліобусу не трапіць у “Чырвоную кнігу” Гомельшчыны?” Гаворка вялася пра ўдасканаленне работы мабільных устаноў культуры Рэчыцкага раёна, а таксама пра тое, што ў вобласці дзейнічае толькі адна аўтабібліятэка. Артыкул быў накіраваны на рэагаванне кіраўніцтву Гомельшчыны. Вось што адказвае рэдакцыі намеснік старшыні аблвыканкама Пётр Кірычэнка:

"Разгледзеўшы зварот на адрас старшыні Гомельскага аблвыканкама Якабсона А.С. па паляпшэнні мабільнага культурнага абслугоўвання насельніцтва, упраўленне культуры аблвыканкама паведамляе наступнае. У сельскай мясцовасці Гомельскай вобласці функцыянуюць 657 клубных устаноў, 605 бібліятэк, 30 дзіцячых школ мастацтваў. Для арганізацыі культурнага абслугоўвання насельніцтва мабільнымі ўстановамі культуры ў вобласці працуюць 20 аўтаклубаў, 26 відэаперасовак і аўтабібліятэка. Вобласць цягам апошніх гадоў лідзіруе ў рэспубліканскім спаборніцтве на лепшую арганізацыю работы ўстаноў культуры і мастацтва па канцэртным і тэатральным абслугоўванні сельскага насельніцтва (2008 г. - 24,2 тыс. мерапрыемстваў, 2007 г. - 20,7 тыс. мерапрыемстваў). Тэатральна-відовішчнымі ўстановамі вобласці для сельскага насельніцтва штогод праводзіцца больш за тысячу канцэртаў і спектакляў. Улічваючы адсутнасць транспарту ў цэнтралізаваных бібліятэчных сістэмах, для абслугоўвання літаратурай жыхароў маланаселеных пунктаў актыўна выкарыстоўваюцца аўтаклубы. З канцэртнымі праграмамі аўтаклубаў выязджаюць і бібліятэчныя работнікі з наборам літаратуры і перыядычных выданняў. Акрамя таго, у вобласці працуе 221 бібліятэчны пункт па абмене літаратуры, больш за 3 тысячы пажылых людзей бібліятэкары абслугоўваюць дома. Штогод павялічваецца колькасць сельскіх жыхароў, якія абслугоўваюцца відэаперасоўкамі (2008 г. - 443,8 тыс. чалавек, 2007 г. - 384,2 тыс., 2006 г. - 311 тыс. чалавек). Для ўдасканальвання работы відэаперасовак за папярэднія тры гады былі набыты 6 адзінак транспарту, 65 камплектаў відэапраекцыйных сістэм. Для ўзнаўлення работы аўтаклубаў за чатыры апошнія гады было накіравана для набыцця аўтобусаў, камплектаў гукаўзмацняльнага абсталявання больш за 2 млрд. рублёў, у тым ліку ў 2007 годзе для аддзела культуры Рэчыцкага райвыканкама быў набыты аўтобус ПАЗ для арганізацыі работы аўтаклуба. У 2008 годзе клубныя ўстановы аграгарадкоў "Заспа" і "Каравацічы" Рэчыцкага раёна былі забяспечаны відэапраекцыйным абсталяваннем. Для паляпшэння якасці работы кінаперасовак ККУП "Рэчыцакінавідэасетка" бязвыплатна быў перададзены аўтамабіль для відэаабслугоўвання населеных пунктаў, якія не маюць стацыянарнага кінавідэаабсталявання. Па выніках работы за 2008 год колькасць гледачоў Рэчыцкага раёна, абслугоўваемых відэаперасоўкай, павялічылася на 11%. Культурнае абслугоўванне жыхароў маланаселеных пунктаў ажыццяўляе аўтаклуб аддзела культуры Рэчыцкага райвыканкама, які выязджае з канцэртнымі праграмамі калектываў мастацкай самадзейнасці, ладзіць мерапрыемствы на адкрытых пляцоўках, фермах, мехдварах, палявых станах, у пакоях жывёлаводаў. За мінулы год абслужана 4,8 тыс. чалавек, што пражываюць у вёсках, дзе няма стацыянарных устаноў культуры, за студзень - красавік 2009 года - 1,5 тыс. чалавек. Сёлета аддзел культуры Рэчыцкага райвыканкама будзе больш актыўна сумяшчаць дзейнасць аўтаклуба і бібліобуса. Улічваючы вышэйназванае, работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы мабільных устаноў культуры будзе працягнута. У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў па выкананні Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005-2010 гады сёлета плануецца аснасціць спецыяльным абсталяваннем 12 адзінак транспарту. Для больш эфектыўнага мабільнага абслугоўвання ва ўстаноўленым парадку аддзелу культуры Лоеўскага райвыканкама бязвыплатна перададзены аўтобус ЛАЗ".