"Салёнае дзяцінства"

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

Ёсць адна вельмі “няўтульная”, вельмі датклівая і не зусім прыемная тэма ў жыцці любога грамадства. Гэта — жорсткасць у адносінах да дзяцей. І таму яна вельмі часта замоўчваецца.

Нам дзесяцігоддзямі гаварылі, што наша грамадства — гэта грамадства для дзяцей і дзеля дзяцей. Але колькі недарэчнасцей і цяжкасцей уносім мы, дарослыя, у іх дзіцячае “Я”?! Прыклады таму — амаль штодзённыя забароны: не чапай, не запэцкай, не бяры, зламаеш, не выдумляй і гэтак далей. Ці не раўнадушша гэта да дзяцей, якое часам мяжуе з жорсткасцю? Што лягчэй і хутчэй — сказаць свайму дзіцяці: “Я люблю цябе!”, ці “Ну і чаго ты равеш?” Хіба не балюча малому, калі мы, дарослыя, кажам: “Та-ак, нічога добрага з цябе не атрымаецца…”? А ў нас часта — і рэмень у руцэ, і шафа, з дапамогай якой малечы можна даць урок, які ён ніколі не забудзе. Дзіця безабароннае, а мы — не!
Але ёсць людзі, якія па складзе сваёй душы не могуць не заступіцца за дзіця. Яны  нястомна нагадваюць усім і кожнаму пра нялёгкія праблемы ўзаемадачыненняў дзяцей і дарослых. І вось гэтыя нераўнадушныя людзі ствараюць рухі, аб’яднанні, якія дамагаюць дзецям, абараняюць іх ад жорсткасці. Прыкладам — аб’яднанне “Паразуменне”, што абараняе інтарэсы дзяцей, якія церпяць жорсткасць і гвалт з боку дарослых. Аб’яднанне працуе з дзецьмі-сіротамі і іншымі “складанымі катэгорыямі” дзяцей.
З 11 па 15 красавіка, па рашэнні “Паразумення”, ладзіцца выстаўка-інсталяцыя “Салёнае дзяцінства”. Экспанаты не прэтэндуюць на вялікае мастацтва. Там прадстаўлены фатаграфіі, зробленыя спецыяльна для выстаўкі добраахвотнікамі аб’яднання. Па словах куратара і дырэктара праграм “Паразумення” Н.Іванюк, галоўная мэта выстаўкі — кожнай фатаграфіяй, кожным аб’ектам даць даросламу зразумець, што адчувае дзіця, калі церпіць жорсткія адносіны да сябе.Арганізатары выстаўкі спадзяюцца, што, калі дарослыя наведаюць выстаўку, дык, можа, паменшае ў нас дзіцячага гора і дзіцячых слёз.
Прэзентацыя выстаўкі адбылася ў кінатэатры “Перамога” 11 красавіка. Падчас адкрыцця, дзякуючы ўдзелу Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ), быў арганізаваны бясплатны паказ фільма “Нябачныя дзеці”. Гэты фільм — сусветны праект ЮНІСЕФ і Міжнароднай харчовай кампаніі ААН. Фільм з’яўляецца ўдзельнікам пазаконкурснай праграмы Міжнароднага кінафестывалю ў Венецыі 2005 г. Таксама дзякуючы ўдзелу ЮНІСЕФ і кінатэатра “Перамога”, падчас закрыцця выстаўкі, 15 красавіка, у нядзелю, адбудзецца бясплатны паказ другога фільма “Скандальны дзённік”.
Выстаўка арганізавана ў рамках Сусветнага тыдня пад блакітнай стужкай — Тыдня дзеянняў супраць гвалту і жорсткасці да дзяцей. 

Спартак СІВЕРЫН