Не бедная Ліза

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Заўтра ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь — прэм’ера адноўленай пастаноўкі балета “Марная перасцярога”.

Дзеля гэтага на 10 дзён у Мінск прыехаў знакаміты нямецкі харэограф Дзітмар Зайферт, які ставіў у нас гэты спектакль у 2003 годзе. У час рамонту будынка "Марная перасцярога" не ішла, а зараз у ёй танцуе пераважна новае пакаленне артыстаў: склад салістаў змяніўся амаль цалкам, кардэбалета - больш як напалову. Артысты развучвалі спектакль па відэазапісе і з дапамогай былых удзельнікаў, але канчатковыя карэктывы ўнёс сам пастаноўшчык.

- Ваш кардэбалет стаў танцаваць яшчэ лепей, дый я сам сёння не такі, як некалькі гадоў таму. Да таго ж, да кожнай пары салістаў я звычайна падыходжу індывідуальна. Не змяняючы агульнай канцэпцыі, шукаю для кожнага артыста свае нюансы.

Улічваючы, што Лізу і яе каханага Калена ўвасабляюць шэсць розных пар артыстаў, а на іншыя сольныя партыі прыпадае па тры-чатыры склады, можна меркаваць, што кожны чарговы спектакль будзе ў чымсьці новым. Па прызнанні саміх артыстаў, самае карыснае для іх у гэтым спектаклі - сутыкненне з французскай стылістыкай XVIII стагоддзя, пераасэнсаванай сучасным нямецкім харэографам. А яшчэ - гумар, які ў балеце сустракаецца не так часта.

Дадамо, што паралельна трупа занята ў оперы "Чужое багацце...", прэм'ера якой адбудзецца 7 ліпеня, распачалася праца і над балетам "Папялушка". Яго мы ўбачым у наступным сезоне: расійскі харэограф Юрый Пузакоў паставіў ужо два дуэты.