Ухвалена Глебавым

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

Шаноўныя культасветработнікі! Каб вы паспелі падрыхтаваць да пастаноўкі ў сваіх калектывах п’есу “Маленькі Ясь і Папараць-кветка, або Прыгоды ў ноч на Івана Купалу”, мы вырашылі прапанаваць вам яшчэ адзін “Куфаррадцу” запар. Па традыцыі, старонкі ягоныя паспрыяюць і пашырэнню рэпертуару вакалістаў ва ўстановах культуры нашай краіны. І адкрывае гэты выпуск песня Дзмітрыя Даўгалёва на верш Васіля Віткі “Беларусь”, прасякнутая высокай любоўю да роднай краіны, нашай Беларусі. Чарговы, ужо 30-ы па ліку, “Куфар” будзе карысным асабліва цяпер — у час летніх канікул школьнікаў. Да новых сустрэч!

Шчаслівы той кампазітар, якому не сорамна нават за свае студэнцкія работы. Гэта - пра Дзмітрыя Даўгалёва. Бо песню "Беларусь", якая і сёння застаецца надзвычай актуальнай і запатрабавальнай, ён напісаў, калі вучыўся на чацвёртым курсе Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.  

- Песня заняла першае месца, - распавядае Дзмітрый, - на кансерваторскім конкурсе патрыятычных твораў. Такія конкурсы тады праводзіліся рэгулярна, па ініцыятыве тагачаснага рэктара, знакамітага кампазітара Уладзіміра Алоўнікава. І мелі працяг, прычым не толькі ў выглядзе невялікай грашовай узнагароды. Песня была запісана дзіцячым хорам Беларускага радыё і тэлебачання пад кіраўніцтвам Веры Лашук і тамтэйшым эстрадна-сімфанічным аркестрам на чале з Барысам Райскім (дарэчы, я сам рабіў яе аркестроўку). І ледзь толькі песня загучала ў эфіры, да мяне сталі звяртацца харавыя калектывы: дзе ўзяць ноты? Я падрыхтаваў копіі, і твор спявалі больш як дзесяць хораў: не толькі з Мінска, але і з Віцебска, Наваполацка, Гродна, Брэста. Тыя гады былі папраўдзе "харавой эпохай". Сёння назіраецца своеасаблівае адраджэнне харавых традыцый, таму, спадзяюся, песня атрымае новыя выканальніцкія версіі.

- Як вам працавалася з паэзіяй Васіля Віткі?

- Цудоўна! Можна сказаць, яна сама мяне знайшла. Пад час вучобы я часта хадзіў у бібліятэкі - па цішыню, "хаваючыся" ад інтэрнатаўскага шуму. Браў якую-небудзь кніжку - пагартаць, але больш прыходзіў у чытальную залу, каб проста адпачыць. Узяў чарговы раз нейкі паэтычнызборнік розных аўтараў - і ён разгарнуўся акурат на гэтым вершы. Усё адбылося быццам само сабой: толькі ўчора я даведаўся пра конкурс, і тут раптам - гатовы тэкст. Адразу ўразіў вобраз: Беларусь - як зялёны кляновы лісток, што зляцеў на карту свету. Прыгадалася наша беларуская прырода, прыгажосць краявідаў, па якой заўсёды сумуеш у горадзе. Патрыятызм гэтай песні не "плакатны", не "лозунгавы", а - вельмі асабісты, шчыры, кранальна лірычны: "душы запаветны куток". Таму і мелодыя нарадзілася быццам сама - засталося толькі запісаць.

 - Ці паказвалі вы яе свайму педагогу, у класе якога тады займаліся, - Яўгену Глебаву?

- Канешне! І саму песню, і яе далейшую партытуру, хаця стваралася ўсё гэта, зразумела, па-за вучэбнымі планамі. Я прыносіў Яўгену Аляксандравічу ўсё, што пісаў. І калі ён гаварыў: "Не", - я ці цалкам перапрацоўваў матэрыял, ці ўвогуле ад яго адмаўляўся і больш нідзе нікому не паказваў. Але гэтую песню ён ухваліў. Таму і сёння мне за яе не сорамна.

 - Яна і папраўдзе гучыць, быццам напісаная цяпер, блізкая і зразумелая людзям усіх узростаў: "як песня гарачага лета", "як роднае матчына сэрца"...

Надзея БУНЦЭВІЧ