Чаму ў школе нельга грукаць дзвярыма?

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

Вядучая роля ў працы па выхаванні маладых талентаў сярод устаноў культуры рэспублікі належыць дзіцячым школам мастацтваў. Вілейка ў гэтым плане не выключэнне, а наадварот — яскравы прыклад таго, як у малым горадзе можна стварыць некалькі унікальных творчых калектываў, запатрабаваных і вядомых не толькі ў раёне і вобласці, але літаральна ва ўсёй Беларусі. Калі з дзецьмі працуюць неабыякавыя людзі, калі настаўнікі сапраўды перажываюць за няўдачы і поспехі сваіх навучэнцаў — толькі тады можна весці гаворку пра мэтанакіраваную перадачу назапашаных ведаў наступнаму пакаленню. Ці варта паўтарацца яшчэ пра тое, што дзеці — наша будучыня, што дзейнасць устаноў, у тым ліку і навучальных, падпарадкаваных Міністэрству культуры, накіравана, у тым ліку, і на выкананне Прэзідэнцкай праграмы “Дзеці Беларусі”?

Зразумела, у той установе, дзе зроблены адпаведныя захады па паляпшэнні ўмоў навучання, журналісту толькі і застаецца паглыбляцца ў вывучэнне менавіта мастацкіх і педагагічных бакоў дзейнасці. Але цяпер гаворка - пра дыяметральна адваротную сітуацыю: у горадзе над Віліяй навучэнцы і выкладчыкі мясцовай ДШМ працуюць, у тым ліку, і ў будынку, што знаходзіцца ў аварыйным стане... Пра Вілейку наша газета пісала апошнім разам у кастрычніку мінулага года. Што ж змянілася або з'явілася новага ў Вілейцы за гэтыя паўгода? У гарадскім Доме культуры летась прайшоў касметычны рамонт глядзельнай залы, былі заменены крэслы, асвятляльная апаратура. Па словах дырэктара ГДК Васіля Сляпцова, цяпер праводзіцца тэндэр, каб увосень зрабіць новае "адзенне" для сцэны, а на лета запланавана замена аконных блокаў на фасадзе ўстановы культуры. У мясцовым краязнаўчым музеі на пачатку мая адкрыўся новы раздзел экспазіцыі "Пакуты", прысвечаны Першай сусветнай вайне. Рыхтуецца горад і да святкавання 65годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У ліпені з гэтай нагоды будзе ўсталяваны бюст Азі Асланава - двойчы Героя Савецкага Саюза, які камандаваў танкавай брыгадай, што вызваліла Вілейку. Карацей, станоўчых з'яў у культурным жыцці горада хапае. А вось дзіцячая школа мастацтваў, якой сёлета спаўняецца 56 гадоў, агульны партрэт Вілейкі аптымістычнымі фарбамі ніяк не ўпрыгожвае. Хоць ДШМ і мае слаўную гісторыю. Сярод найбольш вядомых яе выпускнікоў - народны артыст Беларусі, прафесар, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага аркестра народных інструментаў імя І.Жыновіча Міхаіл Казінец, саліст ансамбля "Россия" пад кіраўніцтвам Людмілы Зыкінай - Дзмітрый Шкет. Далёка за межамі Міншчыны вядомы лаўрэат міжнародных конкурсаў, узорны духавы аркестр і ўзорны дзіцячы хор "Cantus"...

/i/content/pi/cult/211/2534/19-1.jpg

 

"Не фатаграфуйце!"

 На вілейскай вуліцы Вадап'янава звярнуў увагу на шматок паперы, прылеплены да акна аднаго з будынкаў. Імправізаваная "шыльда" сцвярджала, што тут размешчана Дзіцячая школа мастацтваў. Вырашыў зайсці... І быў зусім не прыемна ўражаны тым, што ўбачыў за дзвярыма: у вялікім двухпавярховым будынку, відавочна, збудаваным не адно дзесяцігоддзе таму, вяліся рамонтныя работы, у вочы кідаліся пашкуматаныя сцены, толькі што пракладзеная праводка... А сярод гэтага "гармідару" чуліся гукі духавых інструментаў... Толькі дастаў фотаапарат, каб зафіксаваць незвычайнае суіснаванне музыкі і рамонту, як вахцёрка, якой, дарэчы, на ўваходзе паказаў журналісцкае пасведчанне і патлумачыў мэту прыходу, катэгарычна забараніла фатаграфаваць: - Без начальства - не дазволю! - сказала яна мне. Спрачацца, зразумела, не захацеў. Завітаў да дырэктара Вілейскай школы мастацтваў Анатоля Шагава ў цэнтральны будынак гэтай установы, што месціцца непадалёк на той жа вуліцы. З дапамогай кіраўніка ДШМ вахцёрскае "табу" на фотаздымкі было адразу ж скасавана. Яны, спадзяюся, і перададуць уражанне ад будынка, дзе цяпер паралельна вядзецца рамонт і адначасова ладзяцца заняткі. Выкладчыкі ж, з якімі давялося паразмаўляць, кажуць, што ўжо прывыклі да такога становішча, але, канешне ж, мараць пра заканчэнне рамонтных работ. Асабліва ж здзівіла цярплівасць тых хлопцаў і дзяўчат, якіх давялося пабачыць у навучальных пакоях і якім прыходзіцца навучацца ў такіх небяспечных умовах. Таму першае пытанне, якое я задаў дырэктару, было, натуральна, пра сітуацыю са школай.

Рамонт, рамонт, рамонт...

Паводле слоў Анатоля Шагава, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, гісторыя з памяшканнямі Вілейскай школы мастацтваў доўжыцца ўжо шмат гадоў. Адразу выбачаюся перад чытачамі за досыць доўгі рэтраспектыўны расповед, але без гэтага экскурсу па лёсавызначальных для Вілейскай ДШМ датах, немагчыма, на маю думку, зразумець, што цяпер адбываецца з установай і - яшчэ больш важна - чаму ўзнікла падобная сітуацыя. - Калектыў даўно звыкся з такім становішчам, - кажа Анатоль Аляксандравіч. - А што рабіць? Рамонтнай і "пераезнай" эпапеі, калі можна яе так назваць, няма канцукраю. Музычная школа ў Вілейцы - правобраз сённяшняй ДШМ - з'явілася ў 1953 годзе. Тады ў старым будынку Дома культуры размяшчалася ўсяго некалькі аддзяленняў. Пасля, прыкладна ў пачатку 1960-х, ужо як мастацкая школа, установа нарэшце займела свой уласны будынак па вуліцы Маркава. Будынак тут - драўляны, і калі ў 1960-я гады, можа, і адпавядаў доўгачаканым марам пра асобнае месца для школы, дык цяпер, праз паўстагоддзя, безумоўна, састарэў, дырэкцыю і навучэнцаў ніякім чынам не здавальняе. - Я на пасадзе кіраўніка ДШМ працую больш за 20 гадоў і цягам гэтага часу заўжды імкнуўся павялічыць колькасць навучэнцаў: калі раней іх было 150, дык цяпер 320 - на асноўных аддзяленнях і 40 - на падрыхтоўчым. Таму, зразумела, востра паўстала пытанне пра іншы, больш зручны школьны будынак. З гэтым пытаннем я неаднаразова звяртаўся да раённых улад. Нельга сказаць, што захады дырэктара не былі падтрыманы. Прыкладна ў канцы 1989 - пачатку 1990 гг. школа атрымала будынак зачыненага дзіцячага садка ў аварыйным стане. Быў праведзены неабходны рамонт, пасля чаго тут размясцілася духавое аддзяленне, а таксама аддзяленне эстэтычнага выхавання. Частка "духавікоў" займела невялікі будынак побач, што з'яўляўся раней кухняй дзіцячага садка. Харэаграфічнае аддзяленне размясцілася ў двух пакоях новага Дома культуры Вілейкі. А на пачатку 1990-х школа мастацтваў атрымала будынак гарвыканкама, які перабраўся ў колішні гмах райкама партыі, што месціцца ў цэнтры горада. У 2003 годзе гарвыканкамаўскія памяшканні былі адрамантаваны, і цэнтральны будынак мастацкай школы цяпер выглядае прыстойна. Але, як кажа Анатоль Аляксандравіч, цалкам праблему гэта не вырашыла, таму што змясціць усіх навучэнцаў у досыць невялікім цэнтральным будынку, а таксама ў былых памяшканнях дзіцячага садка, пакоях новага ДК і драўляным будынку па вуліцы Маркава - не ўдалося...   

 /i/content/pi/cult/211/2534/19-2.jpg

 

270 подпісаў - замала?

 Пойдзем далей. З 2003 года апошні з названых карпусоў прызнаны экспертнай камісіяй Інстытута "Мінскграмадзянпраект" аварыйным, а з 2005 года далейшая эксплуатацыя гэтага будынка пастановай № 2 Дзяржпажарнагляду з 1 красавіка 2005 года была ўвогуле забаронена, хоць потым дырэкцыі ўдалося ліквідаваць недахопы і зняць прэтэнзіі пажарнікаў... Шматлікія звароты Анатоля Шагава да раённых, абласных улад з просьбай аб прадастаўленні новых памяшканняў для ДШМ так нічога і не змянілі: заняткі працягваліся, нягледзячы на прамую рызыку для дзяцей і выкладчыкаў. Дайшло нават да таго, што Анатолю Аляксандравічу давялося тады ж, чатыры гады таму, збіраць подпісы бацькоў навучэнцаў, каб стары будынак школы зачынілі. Хоць і падпісаліся 270 чалавек, справу гэтая акцыя не зрушыла з месца. І толькі летась пачаліся хоць і невялікія, але змены. Паводле рашэння раённых улад, аддзелу культуры быў перададзены будынак старога Дома культуры, што знаходзіўся перад тым на балансе аддзела адукацыі, каб з цягам часу размясціць там духавое аддзяленне школы мастацтваў. У гэтым навучальным годзе тут адбываліся заняткі: частка "духавікоў" летась пераехала сюды з памяшканняў былога дзіцячага садка (цяпер усе пакоі ў ім займае "Цэнтр мастацкай творчасці навучэнцаў", які быў ператвораны ў асобную ўстанову з аддзялення эстэтычнага выхавання ДШМ і доўгі час суседнічаў з музыкантамі), а другая частка так і вучыцца ў будынку былой кухні. Але будынку 1930-х гадоў па вуліцы Вадап'янава таксама неабходны рамонт. Я ў гэтым пераканаўся, пачаўшы менавіта з гэтага адраса сваё знаёмства з ДШМ. Як кажа начальнік аддзела культуры Сяргей Паўлоўскі, летась для ДШМ ("раскідана" яна сёння па пяці месцах) выдаткавана каля 150 мільёнаў рублёў, сёлета - яшчэ каля 200. На гэтыя грошы ў старым ГДК па Вадап'янава быў зроблены рамонт да ху, даведзены да ладу некалькі кабінетаў, заменены праводка і сантэхніка. Па словах Анатоля Шагава, сёлета было прынята рашэнне аб тым, каб правесці экспертызу аб мэтазгоднасці далейшай эксплуатацыі будынка па вуліцы Вадап'янава. Вердыкт - стан тэхнічных канструкцый адпавядае нормам. Але ў сувязі са змяненнем функцыянальнага прызначэння будынка патрабуецца капітальны рамонт. Цяпер упраўленне капітальнага будаўніцтва рыхтуе праектна-каштарысную дакументацыю. За яе неабходна будзе заплаціць прыкладна 40 з 200 мільёнаў, якія выдаткаваны школе мастацтваў. Таму і дырэктар, і начальнік аддзела культуры Сяргей Паўлоўскі, і намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама Мікалай Кароткі кажуць, што рамонт зацягнецца яшчэ не на адзін год. - Я рэаліст, - кажа Анатоль Шагаў. - Дай Бог, каб мы ўклаліся ў чатырохгадовы тэрмін. Думаю, каб адрамантаваць фасад будынка, усе класы і кабінеты, глядзельную залу, замяніць падлогу, спатрэбіцца блізу 750 мільёнаў... Інакш лічыць кіраўніцтва раёна. На думку Сяргея Паўлоўскага і Мікалая Кароткага, на рамонт былога ГДК спатрэбіцца меншая сума: ад 250 да 300 мільёнаў рублёў. А як жа быць навучэнцам у аварыйным корпусе на Маркава? Па словах Мікалая Кароткага, будуць прыкладзены ўсе намаганні, каб навучэнцы выселіліся адтуль як мага хутчэй. Але адбудзецца гэта, зразумела, толькі пасля капітальнага рамонту перададзенага на баланс аддзела культуры будынка. Карацей, як у вядомай песні, і туды гара, і сюды гара...

 /i/content/pi/cult/211/2534/19-4.jpg

 

"Як вы тут працуеце?..."

" Пытанне, вынесенае ў назву гэтага раздзела, неаднаразова задаваў тым выкладчыкам, якія вымушаны ісці кожны дзень на працу ў будынак, што знаходзіцца ў аварыйным стане. Дарэчы, гэта не толькі маё пытанне. Прыкладна такія словы былі сказаны адным з членаў камісіі Інстытута "Мінскграмадзянпраект", якая правярала стан перакрыццяў у корпусе ДШМ. Амаль кожны супрацоўнік школы згадваў несуцяшальную гісторыю: калі правяралі перакрыцці, дык металічны шчуп, якім ударылі ў бэльку ў паддашшы, прайшоў літаральна наскрозь!.. Пасля гэтага члены камісіі засведчылі наступнае: у такім будынку працаваць нельга... - Як жывём? Як бачыце. Выжываем. І сапраўды, страшначасам бывае. Нехта грукне дзвярыма - і бачна, як дрыжаць сцены. Абяцаюць кожны год, што мы пераедзем, але абяцанні так і застаюцца абяцаннямі, - кажа выкладчык школы Уладзімір Лапцік. - У памяшканнях - вельмі холадна, праз дзіры і шчыліны дзьме вецер, вокны старыя і, канешне ж, не могуць утрымаць цяпла або засцерагчы ад холаду, - дадае выкладчыца Аксана Зюбіна. Я пахадзіў па школе. На першым паверсе бачны шматлікія трэшчыны, шчыліны на сценах, а на столі - плямы ад вады, якая заліваецца з другога паверха, бо працякае дах. Як кажуць супрацоўнікі, пад час вялікага дажджу яны выстаўляюць у шмат якіх месцах на другім паверсе тазы і вёдры, каб не было патопу. Але, канешне, справу гэтыя паўмеры не вырашаюць. Што да другога паверха, дык разруха там яшчэ большая. Акром шматлікіх шчылін і дзірак, няўзброеным вокам відаць: падлога ў некаторых кабінетах знаходзіцца пад вуглом. Мне распавялі: аднойчы, пасля таго, як у адным пакоі сабралі аркестр, дык на першым паверсе заўважылі, што столь пачала прагінацца. Тады і было прынята рашэнне праводзіць рэпетыцыі на першым паверсе, перанесці ўсе фартэп'яна ўніз і ўвогуле зачыніць другі паверх для навучэнцаў... Заняткі цяпер праходзяць толькі на першым, і, зразумела, месца для ўсіх не стае. Аркестр народных інструментаў, што таксама займаецца ў гэтым будынку і складаецца з 20 удзельнікаў, вымушаны праводзіць свае рэпетыцыі ў холе. Заўсёдныя скразнякі і адчыненыя дзверы здароўя дзецям не дадаюць. Сумна было глядзець на пустыя класы, на старыя інструменты, якія адміністрацыя складзіруе ў невялічкім пакойчыку на другім паверсе. Але пагаджаюся з выкладчыкамі: працаваць у такім будынку страшна. Праблема аварыйнага будынка Вілейскай ДШМ патрабуе неадкладнага вырашэння, і не гаварыць аб гэтым трэба, а крычаць, бо дзеці і выкладчыкі (а іх, нагадаю, толькі ў корпусе на Маркава пад сто чалавек) дасюль працуюць у такіх умовах і ходзяць кожны дзень, літаральна кажучы, нібыта па лязе нажа...

У кухні - з духавымі інструментамі

 Завітаў і ў невялічкі будынак былой кухні дзіцячага садка, у двух пакойчыках якога навучаецца каля 20 падлеткаў. Цесна і чуваць усё, што робіцца ў суседнім пакоі. Якая ж тут можа быць гаворка пра выкананне нормаў па гукаізаляцыі і сапраўднае навучанне? Ды і сам будынак патрабуе неадкладнага рамонту. Калі галоўны фасад выглядае яшчэ нішто сабе, дык з боку двара тынкоўка адвалілася ад сцен. - Нам таксама абяцаюць, што мы хутка пераедзем. Кожны год пачынаецца з таго, што прыходзім да дырэктара і пытаемся, калі будзе пераезд або рамонт. Але абяцанні так і застаюцца толькі словамі, - распавялі мне выкладчыкі. Каменціраваць гэтую сітуацыю не буду. Але звярну ўвагу яшчэ на адну праблему, якая паўстае з-за таго, што Вілейская школа мастацтваў фактычна раскідана цяпер па пяці розных месцах. Як расказала намеснік дырэктара школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірына Балуш, часам адбываецца так, што два заняткі ў школьнікаў праходзяць у розных будынках. Напрыклад, тэарэтычны курс - у адным, а практычны - у другім. І мала бяды, калі вясна і лета, а вечарам даволі светла. А вось зімой, а таксама ў асеннія месяцы гэта, канешне, стварае праблемы, звязаныя з бяспекай юных пешаходаў.

/i/content/pi/cult/211/2534/19-5.jpg

 

Жыццё насуперак

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, Вілейская школа мастацтваў працягвае жыць. За мінулы год і за першы квартал бягучага ўдзельнікі дзіцячага хору "Cantus" і духавога аркестра, а таксама народнага хору "Любанія" неаднаразова пацвярджалі высокае выканальніцкае майстэрства. На конкурсе юных піяністаў Мінскай вобласці Настасся Раманоўская стала лаўрэатам І ступені, а яе сястра Марыя сёлета ўдзельнічала ў ІІ Міжнародным конкурсе маладых піяністаў "Nad Kamenna", што праходзіў у Польшчы, і заваявала дыплом ІІ ступені. Летась на абласным конкурсе выканаўцаў духавых інструментаў навучэнец Мікіта Мяцельскі быў адзначаны дыпломам І ступені. Напрыканцы 2008 года дзіцячы хор "Cantus" прымаў удзел у VIII фестывалі народнай творчасці "Напеў зямлі маёй", дзе быў уганараваны Гран-пры - аўтамабілем "газель". Можна было б пагаварыць і пра самога Анатоля Шагава - унікальнага хормайстра, заслужанага дзеяча культуры Беларусі... А ўявіце, як павялічылася б выніковасць спраў у ДШМ, калі б дырэктара не турбавалі рамонтныя клопаты, каб не было непакою за лёс і, паўтаруся, за здароўе дзяцей і настаўнікаў, якія дасюль вучацца і працуюць у аварыйным будынку па вуліцы Маркава... Нездарма ж, як прызнаваўся мне дырэктар, ён не можа спакойна спаць па начах... - Нармальны варыянт - гэта будынак, дзе школа, дзе ўсе - і выкладчыкі, і навучэнцы - сабраны пад адным дахам, дзе не трэба бегаць па горадзе, каб пабачыць, як наладжаны навучальны працэс, - гаворыць Анатоль Шагаў. - Бо калектыў супрацоўнікаў і навучэнцаў - гэта адна сям'я, якая не можа жыць у розных месцах... *** "Я спадзяюся, што публікацыя ў газеце "Культура" нейкім чынам паспрыяе вырашэнню праблемных пытанняў Вілейскай школы мастацтваў. Бо ў мяне баліць сэрца за маіх навучэнцаў, і, зразумела, тыя ўмовы, у якіх мы вымушаны працаваць, - гэта не тое, што павінна быць у нашых дзяцей", - сказаў мне на развітанне Анатоль Шагаў. Цалкам пагаджаюся з дырэктарам і таму яшчэ раз стаўлю пытанне: калі ж будынак па Маркава будзе ўсё ж такі зачынены для наведвальнікаў? Калі завершыцца рамонтная эпапея? Чаму маўчаць прадстаўнікі тых мясцовых дзяржаўных органаў, якія адказваюць за тэхнічны стан гарадскіх будынкаў? Бо дасюль пытанне са школай мастацтваў у Вілейцы не вырашана. Да таго ж, і з заканчэннем рамонту Дзіцячая школа мастацтваў усё роўна будзе раскідана па некалькіх месцах. Можа, сапраўды варта падумаць над увасабленнем у жыццё мары дырэктара пра адзіны будынак для ДШМ? А вось меркаванне начальніка аддзела тэхнічнага нагляду за капітальным рамонтам упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Таццяны Дубік, якая ў курсе сітуацыі з Вілейскай ДШМ. Яна пераканана, што недапушчальна, калі ў аварыйным будынку праходзяць заняткі і вучацца дзеці. Раённыя ўлады павінны адшукаць часовыя памяшканні, каб размясціць там навучэнцаў да таго часу, пакуль рамонт былога ГДК па Вадап'янава не завершыцца. Дадам ад сябе, што лета - якраз той час, калі можна ажыццявіць усе пярэбары і рамонтныя работы. А наша газета будзе пільна сачыць за вырашэннем небяспечнай сітуацыі, якая склалася ў Вілейцы.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ,

 наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Вілейка - Мінск

Фота аўтара