Іерогліфы ў "Абсерваторыі рэчаіснасці”

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

Гродзенская гарадская выставачная зала прапануе завітаць у “Абсерваторыю рэчаіснасці”. Серыю работ пад такой назвай прывезла ў горад над Нёманам творчае аб’яднанне выпускнікоў Акадэміі мастацтваў польскага горада Гданьска.

/i/content/pi/cult/211/2531/11-4.jpg

 Ідэя стварэння гэтага незвычайнага аб'яднання нарадзілася пад час рэалізацыі дабрачыннага праекта. Цягам 2004 года група студэнтаў-добраахвотнікаў упрыгожвала фрэскамі сцены новай дзіцячай анкалагічнай бальніцы ў Гданьску. Вопыт сумеснай працы спарадзіў асэнсаванне адзінства творчых поглядаў і даў штуршок да злучэння крэатыўных сіл. Прадстаўленыя ў "абсерваторыі" палотны ўражваюць не толькі сваімі велізарнымі памерамі, але і яскравасцю фарбаў, спалучэннем, здавалася б, неспалучальных прадметаў. Серыі карцін "Без назвы" вяртаюць нас да ўнутраных уражанняў, прымушаючы задумацца, параўнаць сваё светаўспрыманне з аўтарскім. Некаторыя з прадстаўленых работ можна было б назваць "звышрэалістычнымі": настолькі дакладна, часам нават фатаграфічна, адлюстраваны ўсе дэталі. Тут шмат філасофскіх матываў: разважанне над марнасцю быцця ў серыі "Чэрап", спроба здабыць "Філасофскі камень" ці напіцца "Вады жыцця". На сценах, побач з выявамі такіх вечных жаночых вобразаў, як Божая Маці, Ева, Венера, - партрэты звычайных сучасных жанчын. Шматлікія дэталі, на першы погляд, бессістэмна раскіданыя прадметы вакол фігуры чалавека, нібы іерогліфы, - знаёмыя і загадкавыя адначасова. Яны запрашаюць нас прачытаць і зразумець тое, з чаго складаецца рэчаіснасць для аўтара.

Аляксандра ДУБРАВІНА

Гродна