Чаму скульптар — знаходка для жанчыны?

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

Нядаўна вядомаму віцебскаму мастаку Валерыю МАГУЧАМУ споўнілася 50 гадоў. Больш за 20 гадоў ён натхнёна працуе ў галіне манументальнай і станковай скульптуры. З’яўляецца аўтарам шэрагу помнікаў, бюстаў і мемарыяльных дошак у горадзе Віцебску, у тым ліку Марку Шагалу, мастацтвазнаўцу Івану Салярцінскаму, філосафу Міхаілу Бахціну, скульптару Заіру Азгуру, беларускай паэтэсе Еўдакіі Лось, а таксама Гіпакрату, Асклепію, Авіцэнну. Ён жа аўтар Гран-пры дарослага і дзіцячага вакальных конкурсаў Міжнароднага фэсту мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”... Зроблена нямала, а што наперадзе?

 

/i/content/pi/cult/211/2530/11-3.jpg

- У горадзе мала дэкаратыўна-паркавых скульптур, шмат скверыкаў, якія пустуюць. Калі я гуляю па Віцебску, у розных месцах, уяўляю, як добра глядзеліся б скульптуры ў бронзе, у мармуры. Напрыклад, ля Мастацкага музея, я лічу, вельмі вялікае поле дзейнасці для скульптараў.

- Вы ўжо зрабілі аднойчы герб Віцебска "Ісус Збавіцель", які ў 1997-м годзе быў усталяваны на ратушы, а зараз стаіць у сярэдзіне яе. Ці хочаце стварыць новы герб горада - з анёламі?

- Вядома, я хацеў бы зрабіць гэты герб. Лічу, яго трэба выканаць у некалькіх асобніках. Папершае, ёсць звесткі, што ён знаходзіўся на франтоне ратушы, і там жа мог бы паўстаць і цяпер. Па-другое, можна яго паставіць і дзесьці на адным з уездаў у горад.

 - Што для вас у занятку скульптурай самае цяжкае?

- Самае цяжкае - нятворчая частка, адсутнасць неабходных фінансаў. Скульптура - гэта від мастацтва, які больш за іншыя патрабуе аўтарскіх укладанняў сродкаў. Таму часам не можаш давесці работу да таго стану, у якім яе жадаеш бачыць. Хто такі скульптар? Гэта не адзін чалавек, а - некалькі. Таму што скульптар, акрамя асноўнага занятку, павінен набываць яшчэ масу ўсялякіх дадатковых навыкаў. Трэба адчуваць колер, з'яўляцца добрым графікам, таму што ўсё пачынаецца з эскіза на лісце паперы, трэба ўмець каркас рабіць, зварваць яго, быць яшчэ і архітэктарам абавязкова. Карацей, з гэтага пункта гледжання, кожны скульптар - знаходка для жанчыны: няма такога скульптара, які не ўмее забіць цвік.

- Што наогул можа зрабіць вас шчаслівым?

- Толькі занятак творчасцю робіць мяне шчаслівым, таму што тады я не адчуваю часу.

Алена АЛІМАВА

Віцебск