“Беларускі каравай” на Кубані ацанілі

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

З 29 сакавіка па 2 красавіка 2007 года ў горадзе Краснадары ў рамках фестывалю “Сучаснае еўрапейскае кіно” прайшлі Дні беларускага кіно. Гэтае мерапрыемства адбылося па ініцыятыве Дэпартамента культуры Краснадарскага краю і падтрымцы галоўнага ўпраўлення кінематаграфіі Краснадарскага краю “Кубанькіно”, Прадстаўніцтва Краснадарскага краю ў Рэспубліцы Беларусь, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Паўночнай федэральнай акрузе Расійскай Федэрацыі, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў горадзе Краснадары.

 /i/content/pi/cult/111/253/Bel-karavaj.jpg
Сучасны беларускі кінематограф прадставілі мастацкія фільмы “Анастасія Слуцкая” (рэжысёр — Юрый Ялхоў), “Прыкаваны” (рэжысёр — Валерый Рыбараў), “Я памятаю”
(рэжысёр — Сяргей Сычоў), “Яшчэ раз пра вайну” (рэжысёр — Пётр Крывастаненка), “Бальная сукенка” (рэжысёры — Маргарыта Касымава, Ірына Волах), “Маленькія ўцекачы” (рэжысёр — Рыната Грыцкова) і дакументальныя стужкі “Беларускі каравай” (рэжысёр — Валерый Каралёў), “Квітней, Беларусь” (рэжысёр — Станіслаў Гайдук), “Скарбніца слова” (рэжысёр — Сяргей Смірноў).

У склад беларускай дэлегацыі ўваходзілі народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Святлана Сухавей, актрыса Святлана Зелянкоўская. Узначальвала дэлегацыю вядучы спецыяліст Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вольга Раманава.

Праграма мерапрыемства не абмяжоўвалася аднымі толькі кінапаказамі, але і ўмясціла ў сябе шэраг прэс-канферэнцый, сустрэч з дзеячамі культуры краю, прадстаўнікамі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Краснадарскім краі. Вялікую цікаўнасць у расійскіх аматараў кіно выклікалі творчыя сустрэчы з актрысамі Святланай Сухавей і Святланай Зелянкоўскай. Асабліва змястоўным і насычаным атрымаўся дыспут з удзелам Уладзіміра Гасцюхіна пасля прагляду стужкі “Прыкаваны”.

Падчас урачыстай цырымоніі закрыцця Дзён беларускага кіно былі выказаны словы ўдзячнасці беларускім гасцям і падзякі Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь і Дэпартаменту па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за вялікі ўнёсак у развіццё творчых і культурных сувязей паміж Краснадарскім краем і Рэспублікай Беларусь. Улічваючы вялікую глядацкую цікаўнасць да імпрэзы, Дэпартамент культуры Краснадарскага краю выказаў прапанову зрабіць правядзенне Дзён беларускага кіно традыцыйным.

 На здымку: дэлегацыя беларускіх
кінематаграфістаў у
Краснадары.