Манументальны пасыл у будучыню

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

Чым абумоўлены такі фундаментальны падыход да манументальнага мастацтва, як гэта вынікае з прапанаваных зводных планаў? З гэтага пытання пачалася гутарка карэспандэнта "К" з першым намеснікам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімірам РЫЛАТКАМ.

- Апошняе дзесяцігоддзе стала папраўдзе пераломным у манументальным мастацтве Беларусі. Паглядзіце, колькі новых адметных помнікаў паўстала за гэты час - не толькі ў Мінску, але і ў многіх іншых гарадах нашай краіны! І гэтая паўсюдная тэндэнцыя сведчыць пра адраджэнне гістарычнай памяці народа. Ці мог хто нават марыць у былыя часы, што краявіды Полацка будуць упрыгожваць постаці яго князёў? А цяпер жыхары нашай краіны здолелі ўбачыць сваю мінуўшчыну на ўласных вуліцах. Кіраўнік дзяржавы ўсведамляе неацэнную важнасць гэтай ініцыятывы не толькі ў эстэтычным, але і ў выхаваўчым, патрыятычным аспекце. Натуральна, што гэтая дзейнасць патрабуе сістэмнага падыходу. І таму сёння перад намі пастаўлена задача яе ўпарадкаваць. На дадзены момант зроблены толькі першыя крокі па стварэнні гэтага плана. Мы атрымалі прапановы ад кожнай з абласцей Беларусі - якія помнікі ім хацелася б бачыць на сваёй зямлі, - а потым накіравалі гэты спіс для абмеркавання ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі і творчыя ВНУ. Літаральна днямі атрымалі першы водгук - ад НАН Беларусі. Лічу, ён варты самай пільнай увагі. Пасля грамадскага абмеркавання, да якога мы заахвочваем і чытачоў "К", задумы будуць узгоднены з кіраўнікамі абласцей і набудуць адпаведны прававы статус, ператварыўшыся ў перспектыўны план манументальных збудаванняў.

- І тады да іх матэрыялізацыі застанецца адзін крок?

- Будзем рэалістамі: няма сумневу ў тым, што задуманае рэалізуецца зусім не вокамгненна. Магчыма, на гэта спатрэбіцца цэлае дзесяцігоддзе. Складанасць такога планавання заключаецца ў тым, што ідэалагічныя прыярытэты і прыгожыя ідэі павінны спалучыцца з рэальнымі магчымасцямі - у першую чаргу, фінансавымі, але таксама і творчымі.

- Хацелася б засяродзіць увагу менавіта на апошнім аспекце. Зразумела, што паміж задумай і рэалізацыяй павінен прайсці пэўны адмежак часу. Ці паспеюць нашы творцы выканаць запланаванае?

 - Многія задумы ўжо існуюць не толькі на паперы, але і ў выглядзе праектаў, якія можна ўбачыць у майстэрнях скульптараў. Кіруючыся сваім патрыятычным пачуццём і спадзеючыся, што рана ці позна іх высілкі будуць запатрабаваны, творцы працавалі на будучыню. Аўтары самых маштабных праектаў будуць вызначаны конкурсным шляхам. Скульптурная школа на Беларусі вельмі добрая, пра што сведчыць хаця б яе запатрабаванасць за мяжой. Магу адзначыць і маладых скульптараў - у тым ліку і тых, хто яшчэ толькі вучыцца. Яны выпраменьваюць свежыя ідэі і маюць майстэртва, каб іх рэалізаваць. Спадзяюся, талент гэтай творчай моладзі будзе задзейнічаны напоўніцу. Думаю, пабачыўшы на вашых старонках пералік асоб і падзей, якім плануецца прысвяціць мемарыяльныя збудаванні, скульптар выбярэ са спісу тую тэму, якая найбольш яго цікавіць, возьме свой штодзённік і зробіць там пазнаку. Напрыклад: "Не забыць! У Гродзенскай вобласці плануюць паставіць помнік Антонію Тызенгаузу". У творцаў ёсць досыць часу, каб паразважаць над праектам - у тым ліку і наведаць бібліятэку, каб глыбей вывучыць гісторыю, звязаную з той ці іншай персаналіяй або падзеяй.

 - Напэўна, сістэматызацыя ў сферы манументальнага мастацтва дазволіць выкрышталізаваць і агульную яго канцэпцыю - прынамсі, на бліжэйшую перспектыву...

- Не толькі на бліжэйшую, але і на далёкую. Яе можна выказаць літаральна ў некалькіх словах: увекавечванне знакавых постацей і падзей беларускай гісторыі. Манументальнае мастацтва здатнае азнаёміць з ёю не горш, чым школьны падручнік. Прыехаўшы ў незнаёмы горад, ты ідзеш па яго вуліцах і міжволі задаеш сабе пытанне: "А каму гэты помнік?" І спакваля, бы адкрытую кнігу, чытаеш лёс гэтай зямлі і яе народа. Пакуль жа ў Мінску няма помніка Усяславу Чарадзею або яго сыну Глебу - першаму мінскаму князю. Нідзе на Беларусі не ўбачыш і велічную постаць Тадэвуша Касцюшкі... Не так даўно было прынята рашэнне Саюзнай дзяржавы па стварэнні двух манументальных збудаванняў. Адно з іх прысвечана падзеям 1812 года - гэта аднаўленне помніка, які быў узведзены ў Полацку да сотай гадавіны перамогі над Напалеонам. Другая звяртае ўвагу на вайну, якая нашым народам, прызнацца, крыху падзабыта, - Першую сусветную. Помнік паўстане ў Смаргоні- горадзе, які напалам перарэзала лінія фронту і які быў амаль цалкам зруйнаваны. Дарэчы, выдатнае адлюстраванне гэтай канцэпцыі - велічны манумент, які ў хуткім часе мае паўстаць да тысячагоддзя Брэста. У ім злучаны гістарычныя постаці розных эпох. Мы павінны шанаваць і далёкіх продкаў, і герояў Вялікай Айчыннай вайны, і тых асоб, якія былі нашымі сучаснікамі і адышлі ў вечнасць зусім нядаўна, зрабіўшы вялізны ўнёсак у развіццё беларускага грамадства. Таму, апрача маштабных помнікаў, увага будзе канцэнтравацца таксама і на ўсталяванні мемарыяльных дошак.

- Без сумневу, увекавечванне землякоў залежыць ад актыўнасці кіраўнікоў рэгіянальнага ўзроўню. Якую ролю ў рэалізацыі Зводнага плана можна адвесці "ініцыятыве з месцаў"?

 - Выключную. Манументальнае мастацтва - гэта перш-наперш асэнсаванне сваёй гісторыі. Цяпершні досвед паказвае: у тых рэгіёнах, дзе добра пастаўлена краязнаўчая і музейная справа, актыўна з'яўляюцца і помнікі слынным землякам або знамянальным падзеям. Найлепшы прыклад тут - той самы Полацк. Як бачым, знаходзяцца і творчыя, і фінансавыя рэсурсы - галоўнае, каб была патрэба!

- Але ж часам такая ініцыятыва спараджала моманты непаразумення паміж Рэспубліканскім саветам па манументальным мастацтве і асобнымі прадстаўнікамі муніцыпальных улад.

 - Думаю, гэта ўжо ў мінулым. Дзякуючы павышанай увазе Кіраўніка дзяржавы да манументальнага мастацтва, гэтая работа становіцца ўсё больш і больш сістэмнай. Вельмі важны зрух - стварэнне экспертных саветаў па манументальным мастацтве ў кожнай з абласцей. Сёння яны толькі "ўстаюць на ногі", але неўзабаве, спадзяюся, будуць выконваць сваю галоўную задачу: суаднесці ініцыятыву на месцах з дзяржаўнай палітыкай у галіне культуры. Хочацца верыць, што і ўсе прадстаўнікі мясцовых улад паставяцца да гэтай пазіцыі з разуменнем. Бо яна не мае на мэце забараніць або неяк абмежаваць чыюсьці ініцыятыву. Зусім не! Гутарка пра іншае: добрая задума павінна быць і выканана належным чынам. Гэта тычыцца і працы скульптара, і аптымальнага архітэктурнага вырашэння, і яшчэ многіх аспектаў, якія можна даверыць толькі прафесіяналам. Так, сёння некаторыя грэбуюць іх прыдзірлівым меркаваннем і кажуць: маўляў, мы ўсё самі зробім, не марнуючы сіл на ўзгадненні, і помнік у хуткім часе будзе стаяць. Ён і сапраўды будзе стаяць доўгія гады. Пытанне ў іншым: ці не давядзецца нашчадкам пра гэта пашкадаваць? Ці не скажуць яны потым, што ён толькі псуе аблічча іх горада? Гэта прыкра ўдвая: яшчэ і таму, што такое ўспрыняцце тычыцца не толькі аўтараў помніка, але і той асобы, каму ён прысвечаны. Мастак-манументаліст можа ўзвялічыць гістарычную постаць, на вякі стварыць яе прывабны вобраз, якому будуць верыць нават болей, чым біяграфічным фактам. А можа і наадварот - прынізіць. Не вельмі ўдалыя помнікі геніяльным асобам у нас ужо ёсць, і не варта множыць іх лік.

- Ці "зацвердзяць" цяперашнія ўзоры манументальнага мастацтва нашчадкі, адназначна казаць немагчыма: ніхто не ўмее прадказваць будучыню. Але ж "візу" сучаснікаў яны могуць атрымаць і сёння - праз грамадскае абмеркаванне з удзелам спецыялістаў.

- Канешне! Вельмі кепска, калі новыя ініцыятывы абмяркоўваюцца і рэалізуюцца "за зачыненымі дзвярыма", а грамадскасць потым ставяць як бы перад фактам. Трэба, каб свае прапановы адносна таго ці іншага помніка маглі выказаць усе зацікаўленыя людзі, а не якоесьці вузкае кола, дзе кожны адстойвае свае інтарэсы. Калі паўстанне новых манументальных аб'ектаў ахутана штучнай "аурай таямнічасці", ніякага парадку ў гэтай сферы не будзе. Таму самае галоўнае тут - галоснасць. Апошняе тычыцца і выбару тэм. Магу прадбачыць такую рэакцыю з боку прадстаўніка мясцовых улад: маўляў, мне не патрэбны помнік гэтаму дзеячу, бо ён у сваім жыцці праявіў сябе не толькі з лепшага боку. І тут узнікае пытанне: ці можа адзін чалавек выносіць такія прысуды гістарычным асобам? Як вядома, адназначна станоўчых герояў у гісторыі не так і шмат. Паўтаруся: помнікі ствараюцца не на год і не на два. Таму іх паўстанне патрабуе дэталёвага ўліку кожнай важнай дэталі і карпатлівай працы прафесіяналаў з розных сфер.

- Карыстаючыся нагодай, закрану яшчэ адну спрэчную тэму - малыя архітэктурныя формы, якія нярэдка ўсталёўваюцца без дазволу экспертнага савета. Ці патрэбна іх жорсткая рэгламентацыя?

- Зусім неабавязкова везці з Мінска цэлы аўтобус экспертаў, каб тыя разглядалі, скажам, скульптуру дзяўчынкі з апельсінам у парку пэўнага райцэнтра. Лічу, што калі рэгіянальныя саветы па манументальным мастацтве пачнуць працаваць у поўную сілу, пытанне будзе знята само сабою. Зрэшты, для гэтага патрэбна і яшчэ адна ўмова: каб ініцыятары паўстання "малых форм" падпарадкоўваліся дзяржаўным законам і запрашалі членаў савета - прафесійных архітэктараў і скульптараў. Тады гэтая сфера ўпарадкуецца.

- У гісторыі ёсць нямала прыкладаў, калі шырокія колы грамадства бралі ўдзел не толькі ў абмеркаванні праекта помніка, але і ў яго стварэнні самым непасрэдным чынам: ахвяруючы ўласныя грошы. Ці актуальныя падобныя акцыі ў наш час?

- Так, вельмі актуальныя, і яны маюць свой прыклад: простыя грамадзяне ахвотна ахвяруюць сродкі на паўстанне помніка Тысячагоддзя Брэста. Ды, зрэшты, нават не ў грошах тут справа. Галоўнае тое, што і стаўленне да помніка, які стаў вынікам грамадскага пачыну, у гараджан будзе іншым. Уяўляеце, з якім гонарам яны стануць паказваць яго гасцям! Дарэчы, важна прыгадаць і яшчэ адзін аспект агульнаграмадскага абмеркавання - гістарычную асвету. Ствараецца спецыяльнае інфармацыйнае поле, і трапіўшы ў яго, уцягнуўшыся ў дыскусію, людзі пачынаюць цікавіцца біяграфіямі і падзеямі. У іх з'яўляецца патрэба лепш ведаць гісторыю свайго краю. Такі "эфект далучанасці" вельмі важны. Помнік - гэта пасланне ў будучыню, пасланне сучаснікаў нашчадкам. І, адначасова, вяртанне на радзіму тых нашых продкаў, якія калісьці былі вымушаны яе пакінуць.

 - Але якім чынам адбываецца гэтае вяртанне?

- Тут прыгадваюцца словы Льва Гумілёва (цытую па памяці): "Беларусы, вы так шмат і шчодра раздалі чалавецтву. Калі ж вы, нарэшце, пачняце збіраць?" Так, многія сыны беларускага народа ўвайшлі ў гісторыю іншых краін, і іх лёсаў ужо не зменіш. Але помнік з надпісам "Тут нарадзіўся..." можа стаяць толькі ў адным месцы на свеце.

 Ілля СВІРЫН