Бронзавы “Кадэт” на “Залатым Віцязі”

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

Задуманы народным артыстам Расіі Мікалаем Бурляевым амаль два дзесяцігоддзі таму, міжнародны кінафорум “Залаты Віцязь” кожны год змяняе сваю “дыслакацыю”. Мінчане памятаюць “Залаты Віцязь-1996”, які праходзіў у беларускай сталіцы. То былі першыя крокі фестывалю, і падтрымка з боку нашай дзяржавы і яе кіраўніцтва вельмі дапамагла ператварыць яго ў паўнавартасную старонку на календары фестывальнага руху.

 /i/content/pi/cult/211/2520/3-4.jpg

Рэжысёр Віталь Дудзін.

 

 "Залаты Віцязь-2009" запомніўся не толькі паказамі, імпрэзамі, сустрэчамі, але, найперш, мноствам дыскусій. Як распавёў "К" мастацкі кіраўнік студыі "Летапіс" Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" і адзін з членаў беларускай дэлегацыі Міхаіл Жданоўскі, пад час ліпецкага форуму спецыялісты абмяркоўвалі сучаснае становішча кінамастацтва. Дарэчы, беларусы прынялі ў пасяджэннях самы актыўны ўдзел. Не засталася наша дэлегацыя і без узнагарод. Так, у самым прэстыжным конкурсе поўнаметражнага ігравога мастацкага фільма пачэснае трэцяе месца і статуэтку "Бронзавага Віцязя" атрымала стужка "Кадэт" рэжысёра Віталя Дудзіна. Спецыяльны прыз Ліпецкай епархіі "За лепшы праваслаўны фільм" на "Залатым Віцязі-2009" атрымала анімацыйная стужка Ірыны Кадзюковай "Старажытная аповесць пра жыццё і каханне". У конкурсе дэбютных і студэнцкіх фільмаў дыплом прысуджаны маладому рэжысёру-дакументалісту Кацярыне Махавай і яе фільму "Коліш". У конкурсе дзіцячага кіно спецыяльны дыплом атрымала карціна "Навагоднія прыгоды ў ліпені" Алены Туравай і Івана Паўлава. Не засталося без высокай ацэнкі і старэйшае пакаленне беларускіх дакументалістаў. За кароткаметражную стужку "Пётр Конюх" узнагароджаны рэжысёр Анатоль Алай: яму ўручылі спецыяльны дыплом імя Аляксандра Сідзельнікава з фармулёўкай "За вяртанне забытага імя і ўзбагачэнне культурнай спадчыны народаў Беларусі і Расіі".

С.А.