Рэжысёр Віталь Дудзін. |
"Залаты Віцязь-2009" запомніўся не толькі паказамі, імпрэзамі, сустрэчамі, але, найперш, мноствам дыскусій. Як распавёў "К" мастацкі кіраўнік студыі "Летапіс" Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" і адзін з членаў беларускай дэлегацыі Міхаіл Жданоўскі, пад час ліпецкага форуму спецыялісты абмяркоўвалі сучаснае становішча кінамастацтва. Дарэчы, беларусы прынялі ў пасяджэннях самы актыўны ўдзел. Не засталася наша дэлегацыя і без узнагарод. Так, у самым прэстыжным конкурсе поўнаметражнага ігравога мастацкага фільма пачэснае трэцяе месца і статуэтку "Бронзавага Віцязя" атрымала стужка "Кадэт" рэжысёра Віталя Дудзіна. Спецыяльны прыз Ліпецкай епархіі "За лепшы праваслаўны фільм" на "Залатым Віцязі-2009" атрымала анімацыйная стужка Ірыны Кадзюковай "Старажытная аповесць пра жыццё і каханне". У конкурсе дэбютных і студэнцкіх фільмаў дыплом прысуджаны маладому рэжысёру-дакументалісту Кацярыне Махавай і яе фільму "Коліш". У конкурсе дзіцячага кіно спецыяльны дыплом атрымала карціна "Навагоднія прыгоды ў ліпені" Алены Туравай і Івана Паўлава. Не засталося без высокай ацэнкі і старэйшае пакаленне беларускіх дакументалістаў. За кароткаметражную стужку "Пётр Конюх" узнагароджаны рэжысёр Анатоль Алай: яму ўручылі спецыяльны дыплом імя Аляксандра Сідзельнікава з фармулёўкай "За вяртанне забытага імя і ўзбагачэнне культурнай спадчыны народаў Беларусі і Расіі".
С.А.