Лучнасць часу і творчасці

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

Калі гэты нумар рыхтаваўся да друку, стала вядома, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ, паводле якога былі зацверджаны афіцыйныя гербы і сцягі Віцебшчыны. Свае геральдычныя сімвалы атрымалі сама Віцебская вобласць, а таксама Лепель, Дзісна, Міёры, Новалукомль, Паставы, Чашнікі, Сянно і Сенненскі раён, гарадскія пасёлкі Багушэўск, Расоны, вёска Пераброддзе. Узгадалася, што амаль усе гэтыя і многія іншыя населеныя пункты былі пазначаны на карце вобласці, з відэапаказу якой пачынаўся гала-канцэрт творчай справаздачы “Віцебшчына — калыска маёй Беларусі”, прысвечанай 65годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

 /i/content/pi/cult/211/2519/3-1.jpg

Гарады былі пазначаны не толькі назвамі, але і сваімі "візітоўкамі" - самымі адметнымі архітэктурнымі помнікамі. Такая ж "гістарычна-архітэктурная" карта трапіла і на вокладку праграмкі канцэрта, што ўяўляла з сябе ледзь не буклет: "уступнае слова" і "пасляслоўе", змястоўна ўзнёслыя паэтычныя эпіграфы, цікавы дызайн, дзе кожная старонка, у адпаведнасці з канцэртным блокам, мае сваё адметнае аблічча, і, вядома, дакладнае пералічэнне не толькі нумароў і іх выканаўцаў, але і тых, хто застаўся "за кадрам", - усёй пастановачнай групы, уключаючы тэхнічныя службы. Скажаце, "індывідуальны падыход"? Але такая "індывідуалізацыя", імкненне паказаць не толькі масавасць, але і твар кожнага, з каго ўтвараюцца тыя "народныя масы", - усё гэта было ўласціва і самому гала-канцэрту, і выстаўцы народных майстроў, і прывітальнаму слову, якое агучыў першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Навадскі:

- Віцебшчына - край багатай гісторыі, унікальнай прыроды і працавітых людзей. Яна апета ў паэтычным слове і на мастацкіх палотнах. Наша старажытная зямля падарыла чалавецтву цудоўных людзей. Без іх творчасці і духоўнай спадчыны нельга ўявіць сабе развіццё нацыі. Гэта гуманісты і асветнікі Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі, Васіль Цяпінскі, бацька беларускага тэатра Ігнацій Буйніцкі, блізкія нам па часе Уладзімір Караткевіч, Міхаіл Савіцкі, Васіль Быкаў, Павел Сухой, Жарэс Алфёраў, Пётр Машэраў і многія іншыя асобы першай велічыні. Тысячы сапраўдных майстроў узмацняюць сёння эканоміку, робяць багацей і прыгажэй родны край.

 /i/content/pi/cult/211/2519/3-2.jpg

  Прыгажосць і багацце Віцебскага краю адлюстроўвала ўжо выстаўка. Кожны Дом рамёстваў і народны клуб меў не толькі спецыяльна падрыхтаваныя экспазіцыі, але і багата аздобленыя друкаваныя матэрыялы з аповедам пра тыя рамёствы, якія развіваюцца ў іх асабліва плённа, фотавыявы лепшых работ, звесткі пра самі ўстановы, калектывы, майстроў, пра ўдзел у святах і фестывалях і шмат чаго іншага. Дый кожная з устаноў мела свайго "экскурсавода", таму нават аповед пра кожны рэгіён Віцебшчыны меў свае асаблівасці.

На лесвіцы, што вядзе ў залу, публіку сустракалі дзяўчаты ў адметных сукенках-эмблемах, на якіх былі паэтычна адлюстраваны асноўныя сімвалы Віцебска: Ратуша, забудовы Старога Горада, эмблема "Славянскага базару ў Віцебску", помнік воінам-вызваліцелям. Кожны куточак-закуточак выстаўкі меў сваё адметнае музычнае суправаджэнне: у фае віравала сапраўдная "поліфанія пластоў", асабліва яркая на "памежжы". Хтосьці сустракаў прыпеўкамі, хтосьці - інструментальнай музыкай, можна было нават паслухаць і паглядзець казку "Калабок" у... батлеечным варыянце. Дарэчы, Віцебшчына прадставіла дзве розныя батлейкі: больш аўтэнтычную (тэатр лялек "Капялюш" Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры Наваполацка) і больш звыкла лялечную, шумілінскую. Увогуле, разнастайных лялек (і маленькіх, і вялікіх) было шмат. Яны "ажывалі" не толькі ў спектаклях, але і калі моўчкі стаялі на подыуме, дэманструючы нацыянальныя строі, ці калі заміралі ў кампазіцыі "Сялянскі двор", які быццам "выхапіў" тэатралізаваную сцэнку з сялянскага жыцця. У цэнтры выстаўкі апынуўся святочны карагод адноўленых старадаўніх строяў - розных часоў, рэгіёнаў і сацыяльных груп. Там былі строі жаночыя, мужчынскія, сялянскія, мяшчанскія. І кожны - не толькі са сваімі асаблівасцямі і адметным арнаментам, але і з дакладным тлумачэннем свайго прызначэння.

Гэта канцэпцыя "лялькі і людзі" сталася, на маю думку, асноўнай ва ўсёй справаздачы. Бо Віцебшчына быццам імкнулася ажывіць гісторыю, напоўніць яе асобамі і падкрэсліць гэты індывідуальны пачатак абсалютна ва ўсіх прадстаўленых работах.

Наведвальнікі маглі параўнаць і дзве розныя драўляныя выявы старадаўніх цэркваў, і два розныя "гастранамічныя" куткі. На нашых вачах майстры выраблялі паясы, плялі вырабы з лазы, займаліся ткацтвам.

Увагу прыцягвала вельмі тонкае тканае палатно з асаблівым малюнкам, якое вырабляла кіраўнік гуртка па ткацтве Гарадоцкага дома рамёстваў і фальклору Марына Гушчо.

  - Нашы бабулькі, - распавяла Марына Леанідаўна, - такую тонкую, ажурную тканіну з ільну называюць кісяёй. Гэткія "празрыстыя" ручнікі нават выкарыстоўвалі замест фіранак. Мне нават часам шкада было, што маладыя не надзявалі іх як вэлюм. Але сапраўды: праца над такімі вырабамі патрабуе вялікай цярплівасці, нейкага асаблівага, вельмі светлага светаўяўлення. А ў нас на Гарадоччыне такіх рэчаў шмат. Гала-канцэрт меў некалькі кульмінацый, сярод чаго цяжка было вызначыць "самую-самую". Ужо на пачатку прадстаўлення ўразіла кампазіцыя "Колазварот часу", аздобленая цудоўнымі дэкарацыямі. Перад намі быццам круцілася кола гэткага гістарычнага млына, якое часам спынялася, і на першы план, зноў-такі, выходзілі асобы. Гарманічным пераходам ад класічна-акадэмічнага блока канцэрта да ваеннага стала аздобленая тэатралізацыяй песня "Праважала сына маці" з цыкла Уладзіміра Мулявіна "Праз усю вайну", выкананая народным вакальным квартэтам "Натхненне". Песні ваенных гадоў спалучалі сучасныя аранжыроўкі і ілюзію абсалютнай рэальнасці дзеяння: сцэнаграфія ўяўляла з сябе "жывы" лес, на сцэну выязджаў сапраўдны грузавік тых часоў, у кузаве якога сядзелі артысты "франтавой канцэртнай брыгады". Ды ўсё ж канчатковае яднанне сцэны і залы адбылося ў момант шанавання ветэранаў, якія сядзелі сярод публікі.

 /i/content/pi/cult/211/2519/3-3.jpg

 Народны блок быў з'яднаны тэмай кірмашу, дзе кожны з калектываў мог прапанаваць свае "творчыя вырабы". Вабілі прафесіяналізм ансамбля песні, музыкі і танца "Талака" Віцебскай абласной філармоніі, шляхетная адметнасць наваполацкага ансамбля "Камарыкі", элементы танцавальнай аўтэнтыкі ў фальклорна-этнаграфічнага ансамбля "Сунічкі" з вёскі Стайкі, дый увогуле выбітная харэаграфія практычна ўсіх нумароў: "танчылі" нават самі кірмашовыя прылаўкі, якія час ад часу раз'язджалі па сцэне, вадзілі карагоды ды круціліся, бы кірмашовыя каруселі.

Старадаўняя ладдзя, што праплыла па сцэне, запрасіла ўсіх у старажытны і сучасны Віцебск. У гэтым дзівосным падарожжы было некалькі прыпынкаў: ля храма, будаванне якога ўвасобіла сучасная харэаграфія Дзіяны Юрчанка; у памятных мясцінах Марка Шагала, чые жывапісныя вобразы паэтычна ўвасаблялі артысты трох цыркавых студый; на экспазіцыі сучаснага жывапісу, што пачынаўся з дзейнасці УНОВИС ("Утвердителей нового искусства", 1919 г.). Прайшла "экскурсія" і па "Славянскім базары ў Віцебску". А над усім гала-канцэртам лунаў дух добрага харэаграфічнага густу і, шырэй, сучаснай філасофсказаглыбленай эстэтыкі фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC) - яшчэ і таму, што аўтарам ідэі, сцэнарыя і рэжысёрам відовішча выступіла галоўны арганізатар гэтага форуму Марына Раманоўская.

Творчая справаздача Віцебшчыны стала папраўдзе магутным акордам гэтага творчага праекта да 65годдзя вызвалення Беларусі, які ахапіў усе вобласці Беларусі і яе сталіцу.

Надзея БУНЦЭВІЧ

На здымках: першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Навадскі; велічны фінал гала-канцэрта; у фае Палаца Рэспублікі гледачоў чакала нямала цікавага.

Фота Юрыя ІВАНОВА