Чарговы этап — у верасні

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэс-канферэнцыя паводле вынікаў пасяджэння Экспертнага савета па прэміях Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2009 — 2010 гг.

У сустрэчы прынялі ўдзел першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка, намеснік міністра культуры Расійскай Федэрацыі Андрэй Бусыгін, намеснік Дзяржаўнага сакратара, член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Сяргей Шухно, начальнік Дэпартамента па забеспячэнні дзейнасці саветніка Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па пытаннях развіцця культуры і Савета пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па культуры і мастацтве Аляксандр Цярэхін, старшыня Саюза мастакоў Расіі, народны мастак СССР Валянцін Сідараў, народны артыст Расіі Барыс Клюеў ды іншыя. Ва ўступным слове Уладзімір Рылатка распавёў, што Экспертны савет, куды ўваходзяць вядомыя дзеячы літаратуры і мастацтва, прадстаўнікі творчых саюзаў, дзяржустаноў, арганізацый дзвюх краін, разгледзеў прапановы аб намінантах. Першы намеснік міністра культуры нашай краіны азнаёміў таксама з парадкам уручэння прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.

На сустрэчу ў залу адукацыйных тэхналогій Нацыянальнай бібліятэкі былі запрошаны намінанты на прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2009 - 2010 гады. Прысутныя азнаёміліся з серыяй "Палітра майго часу" народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, кавалера ордэна Францыска Скарыны Леаніда Шчамялёва. Другім намінантам стаўся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік, публіцыст, дзяржаўны дзеяч Мікалай Чаргінец за раманы "Вам- задание!" і "Сыновья". Намінантамі на прэмію Саюзнай дзяржавы вылучаны стваральнікі помніка Янку Купалу ў Маскве - беларускія скульптары Леў і Сяргей Гумілеўскія і аўтар помніка Аляксандру Пушкіну ў Мінску - народны мастак СССР Юрый Арэхаў. У абедзвюх работах удзельнічаў расійскі архітэктар Юрый Грыгор'еў. На атрыманне прэміі вылучаны таксама народныя мастакі СССР, лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі СССР Сяргей і Аляксей Ткачовы за жывапісныя творы з цыкла "Родная зямля" (1965 - 2004 гг.).

Сёлета ў межах XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе дэманстрацыя работ мастакоў і архітэктараў, якія вылучаюцца на атрыманне прэмій Саюзнай дзяржавы, адбудзецца творчая вечарына пісьменніка Мікалая Чаргінца. А ў верасні ў Маскве пройдзе чарговы этап працы Экспертнага савета.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА