Славянскае лета

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

Кажам: “Лета” — маем на ўвазе “Славянскі базар у Віцебску”. Менавіта такая асацыятыўная повязь усё часцей узнікае ў беларускіх дзеячаў культуры і віцебскай публікі. Сёлета гэты Міжнародны фестываль мастацтваў пройдзе 18-ы раз і ахопіць роўна тыдзень — з 10 па 16 ліпеня.

За ўсе гады ў гэтым фестывалі, які стартаваў у 1992-м, удзельнічалі дэлегацыі ўжо 65 краін. Сёлета ў Віцебск завітаюць прадстаўнікі больш як 30-ці дзяржаў. У суквецце разнастайных фестывальных праграм вернецца традыцыя начных канцэртаў. Разнастайных праектаў, прэзентацый будзе шмат. Але ў цэнтры падзей, як заўсёды, апынуцца не толькі гала-канцэрты адкрыцця, закрыцця, Беларусі, Расіі, Украіны і Саюзнай дзяржавы, але і два міжнародныя конкурсы - "дарослы" і дзіцячы. Наша краіна будзе прадстаўлена на фестывалі не толькі гала-канцэртам у Дзень Беларусі, але і сольнымі праектамі Дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі", Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга, нарэшце, праектам "Новыя галасы Беларусі".

Асабліва хвалявацца мы будзем за нашых канкурсантаў. Саліст Гомельскай абласной філармоніі Андрэй Коласаў праходзіць "конкурсную падрыхтоўку" ў студыі "Песняроў" на чале з Вячаславам Шарапавым. Дарэчы, сёлета ўпершыню выступленні канкурсантаў пад фанаграму "мінус адзін" будуць аздоблены харэаграфічнымі нумарамі і разнастайнымі шоу. У дзіцячым конкурсе мы зможам убачыць Машу Новік, якая займаецца ў Святланы Стацэнка ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна, а таксама Лаліту Гайдукевіч - вучаніцу СШ № 64 г. Мінска. "Дарослае" журы ўзначаліць Мікалай Баскаў, а "дзіцячае" - наш знакаміты кампазітар, народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны.