Кодэкс адказнасці

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

16 мая ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музеязапаведніка адкрылася выстаўка гравюр вядомага беларускага графіка-філосафа Уладзіміра Правідохіна пад назвай “Прысвячэнне Францыску Скарыну”.

Творы гэтага арыгінальнага мастака не маюць ніякіх выразных прататыпаў і аналагаў у гісторыі беларускай графікі, таму ён, хаця і з'яўляецца з 1983 года членам Саюза мастакоў, але вельмі далёкі ад мастацкіх суполак і напрамкаў. Ён - як бы сам па сабе, абсалютна незалежны ў сваіх поглядах ад меркаванняў людзей, што яго акружаюць.

/i/content/pi/cult/210/2511/11-2.jpg

 Правідохін перакананы, што "жыццё і творчасць - дар з маральным кодэксам адказнасці". І гэтую адказнасць ён бачыць у тым, каб гарманічна звязаць свой асабісты мастацкі метад, свае паэтычныя адкрыцці з сучаснымі яму "вялікімі ўспрыманнямі" і "вялікім адчуваннем жыцця", незалежна ад таго, што ён адлюстроўвае: "тэмы" В.Хлебнікава, Ф.Цютчава,Г.Гесэ, Э.Дыега або Х.Міро і В.Кандзінскага, нацюрморты ці міфалагічныя сюжэты.

Па сутнасці, кожная лінагравюра або абразная гравюра на дрэве мастака - не толькі рэбус, але і прытча, прытча пра вечнае, шарада. І шматмернасць яго творчасці вымагае ад гледача праходжання ўсіх ступеняў спасціжэння сэнсу, патрабуе "дайсці да дна", - толькі тады адкрыецца і затрымціць перад ім схаваны за тварам-маскай свет, поўны жарсці, болю, крыку аб дапамозе...

Да слова, калі шукаць канцэпцыю творчасці Правідохіна, то мы раней ці пазней прыйдзем менавіта да яго непрыняцця безаблічнасці, невыразнасці. Адсюль цягнуцца сэнсавыя нітачкі да ўсіх "сюжэтаў" ягонай графікі. Безаблічнасць, на думку мастака, - гэта не толькі зневажэнне чалавекам уласнага "Я", а і прычына многіх сацыяльных, гістарычных, экалагічных катастроф. Пра гэта апавядаюць многія работы выстаўкі: ад гравюры "Чарнобыль" да серыі "Метамарфозы".

Словам, Правідохін- адзін з тых мастакоў-філосафаў, якія адчуваюць мацнейшую і істотную ўзаемасувязь паміж усім і ўся.

 "Мы не новае пакаленне ў пачатку ХХІ стагоддзя, - кажа мастак, - мы- працяг старога на парозе будучага з пробліскам новага светаадчування. Гравюра ствараецца ў некалькі этапаў, але для мяне жыццё і творчасць ёсць стан духу, гэта значыць - свет без часу. Гэта іншая сістэма каардынат, іншае вымярэнне, дзе ўсё ў адным і з аднаго нараджаецца ўсё. Палярнасць чорнага і белага адлюстроўвае энергію прасторы і часу і праз трансфармацыю стварае новы пластычны свет гравюры, свет узаемаадносін Чалавека, Неба і Зямлі. Усё ў светабудове імкнецца да дасканаласці. Узыходжанне да свайго "Я" вяршыні не мае. Зроблена толькі частка работы, можна сказаць, яна - работа толькі распачатая..."

 Б.К.