“Алмазны фонд” нашых талентаў

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

Сёлета, перш чым завітаць у Палац Рэспублікі, ва ўрачыстай, але па-бацькоўску нязмушанай атмасферы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі з таленавітымі дзецьмі і падлеткамі сустрэўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь.

 /i/content/pi/cult/210/2505/2-2.jpg

  Гаварылася, натуральна, пра тое, як развіваецца сёння наша дзяржава і якая роля ў гэтым адводзіцца моладзі - тым, хто ўжо сёння пачынае фарміраваць яе сацыякультурнае аблічча, пра тое, што робіцца ў краіне для падтрымкі маладых талентаў ды і ўсіх, хто жадае шчыра і аддана працаваць на дабрабыт уласнай дзяржавы. І, канешне ж, - пра тую адказнасць, і асабістую, і грамадскую, якую талент ускладае на свайго "гаспадара". Бо адна справа, безумоўна, няпростая, - перамагчы ў пэўным конкурсе ці творчым спаборніцтве, але ж не меншая, а, магчыма, нашмат большая складанасць - здолець захаваць гэтае адчуванне неабходнасці пастаяннага самаўдасканалення на ўсё сваё наступнае жыццё. І - не забывацца пра ўдзячнасць усім тым, хто прыклаў свае намаганні для таго, каб маладыя таленты набылі сваю "агранку": у самую першую чаргу - сваім бацькам, настаўнікам, якія заклалі асновы творчыя асновы і дапамаглі "зярнятку" прарасці ды забуяць, і, канешне ж, сваёй Радзіме, дзяржаве, - яна заўсёды клапоціцца пра тых, хто складае яе славу і гонар. Нездарма, падкрэсліў міністр культуры Уладзімір Матвейчук, сустрэча гэтая адбылася ў будынку галоўнай бібліятэкі краіны, форма якой - агранены алмаз - сімвалічна нагадвае і той шлях, што мусіць прайсці кожны малады талент, каб стаць сапраўдным творцам.

Як вядома, за выяўленне і развіццё таленавітых дзяцей і моладзі ў нашай краіне, іх дзяржаўную і сацыяльную абарону адказвае Дзяржаўная праграма "Маладыя таленты Беларусі", разлічаная да 2010 года. Да таго ж, у нашай краіне існуе спецыяльны фонд Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, па ўсіх праграмах якога цягам 13 гадоў існавання дапамогу атрымалі больш як 18 тысяч навучэнцаў, студэнтаў, а таксама выкладчыкаў. А за час існавання спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі колькасць яго лаўрэатаў і стыпендыятаў вырасла ў дзесяць разоў. За высокія дасягненні і актыўны ўдзел у творчых мерапрыемствах адрасную фінансавую падтрымку атрымалі, у тым ліку і неаднаразова, больш за 2 тысячы навучэнцаў, студэнтаў і маладых дзеячаў культуры, 86 мастацкіх калектываў. А на забеспячэнне ўдзелу творчай моладзі ў міжнародных конкурсах, выстаўках і іншых акцыях, выплаты прызавога фонду пераможцам міжнародных мастацка-творчых спаборніцтваў, набыццё музычных інструментаў, сцэнічных касцюмаў, матэрыялаў і абсталявання для заняткаў мастацкай творчасцю выдзелена 258 грантаў. Усё гэта, натуральна, паўплывала на той факт, што колькасць маладых талентаў, адзначаных у 2008 годзе, вырасла настолькі, што цырымонія іх узнагароджання заняла б не адну гадзіну. Менавіта таму значная частка з іх атрымлівала дыпломы, пасведчанні і нагрудныя знакі лаўрэатаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта з рук міністра культуры ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Таццяна КОМАНАВА

 На здымку: у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі на сустрэчы з міністрам культуры краіны.

Фота Юрыя ІВАНОВА