Шырокая прапанова на вузкі попыт

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

27 мая адбылася выязная калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Яе “адрас” — Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі — аказаўся цалкам не выпадковым: асноўнай тэмай, што абмяркоўвалася гэтым разам прадстаўнічым сходам, стала праца з тэатральнай моладдзю ў драматычных тэатрах нашай краіны.

Пачатак сустрэчы аказаўся даволі нетрадыцыйным: дырэктар і мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Анісенка прапанаваў усім прысутным невялічкую экскурсію па сваім творчым "доме" - з мэтай прадэманстраваць, колькі дадатковых магчымасцей для творчага развіцця маладых творцаў можна знайсці нават у такой "немаштабнай", з пункта гледжання занятых плошчаў, установе, як РТБД, калі да гэтай задачы падысці па-гаспадарску - рацыянальна і ашчадна.

Другім "нумарам" уступнай праграмы стала дэманстрацыя ўдзельнікам і членам калегіі ўрыўкаў са спектакля "Сляпая зорка" драматурга і рэжысёра Мікалая Рудкоўскага, пастаноўка якога пры падтрымцы Міністэрства культуры была ажыццёўлена Цэнтрам беларускай драматургіі і рэжысуры. Яна наглядна прадэманстравала, што ідэя творчага згуртавання маладых, аб'яднаных ідэяй сумеснага пошуку ўласных прафесійных сцяжынак у мастацтве, набыла сваю "матэрыялізацыю" і перастала з'яўляцца выключна віртуальнай дэкларацыяй.

Размова пра моладзь на сучаснай беларускай сцэне доўжылася амаль чатыры гадзіны, і за гэты час былі агучаны самыя розныя аспекты яе існавання ў такой спецыфічнай і няпростай "субстанцыі", як тэатральная прастора. Калі гаварыць пра агульную карціну творчага працэсу, якую агучыў начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Міхаіл Казловіч, то ў параўнанні з сітуацыяй яшчэ трох-пяцігадовай даўніны сённяшнія маладыя займаюць даволі трывалыя пазіцыі (маецца на ўвазе і занятасць іх у бягучым рэпертуары, і працэнтны састаў творчых труп). Да таго ж, на сённяшні дзень у структуры Міністэрства культуры распрацавана сістэма працы з маладымі творцамі практычна ўсіх накірункаў: конкурсы эксплікацый - для маладых рэжысёраў, драматургічныя конкурсы - для тых, хто спрабуе сябе ў майстэрстве стварэння твораў для тэатра, магчымасць атрымання творчых стыпендый і г. д. Але, як аказалася, такая шырокая прапанова і ініцыятыўная падтрымка з боку Міністэрства не заўсёды знаходзіць адпаведны "попыт": так, рэжысёры надзвычай неахвотна падаюць свае заяўкі для ўдзелу ў конкурсе эксплікацый, падобная сітуацыя складаецца з удзелам маладых у драматургічных конкурсах. І гэта сведчыць найперш пра тое, што сёння дапамога мусіць быць дакладна выверанай і надзвычай "прыцэльнай". Пра гэта, зрэшты, гаварылі збольшага нават не афіцыйныя асобы, а менавіта прадстаўнікі творчага цэха, адзначаючы, што тэатр - гэта няпростае мастацтва, дзе для таго, каб цябе прызналі першым, ты сам мусіш прыкласці вялікія намаганні і заслужыць, зарабіць гэтае права лідэрства і, адпаведна, дзяржаўнай падтрымкі сваіх далейшых творчых пачынанняў.

Многія з выступоўцаў адзначалі той факт, што на сённяшні дзень у тэатральнай прасторы аднымі з самых "абдзеленых" увагай аказаліся... маладыя акцёры. Аднак зусім не таму, што яны мала іграюць - гэтага ім стае. Іншая справа, што адсутнічае сістэма вылучэння і заахвочвання, дзякуючы чаму яны маглі б станавіцца лаўрэатамі спецыяльных фондаў Прэзідэнта. Як вядома, адной з умоў апошняга з'яўляецца перамога ў прэстыжных міжнародных і рэспубліканскіх фестывалях і конкурсах, а ў нашай краіне на сённяшні дзень няма ніводнага падобнага мерапрыемства. Зрэшты, і патрэбны яны, як паказвае практыка, не толькі для таго, каб скласці ўяўленне пра сітуацыю і творчыя вектары маладых ды зрабіць пэўныя высновы на гэты конт, але найперш для таго, каб самі маладыя акцёры, рэжысёры, драматургі маглі сустрэцца, убачыць, чым жыве кожны з іх, падзяліцца і сваімі клопатамі, і творчымі адкрыццямі. І якраз гэта дае магутны штуршок для далейшага творчага росту - нездарма пад час калегіі быў згаданы Рэспубліканскі фестываль тэатральнай творчай моладзі "Надзея", які напрыканцы 90-х гадоў праводзіўся ў Гродне: лаўрэатамі яго тады сталі цяперашнія галоўны рэжысёр Рэспубліканскага тэатра юнага гледача Наталля Башава, галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Сяргей Кавальчык, вядучы акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Ігар Сігоў, акцёр і рэжысёр Павел Адамчыкаў ды шэраг іншых творцаў, якія сёння шмат у чым вызначаюць абрысы сучаснага аблічча беларускага тэатра. Безумоўна, адрадзіць сёння той фестываль у ранейшым выглядзе наўрад ці магчыма, але ў якасці адной з прыярытэтных задач вызначана арганізацыя спецыяльных маладзёжных праграм у рамках ужо існуючых у нашай краіне фестываляў, такіх, як "Белая вежа" і "М.@rt.кантакт".

Пераважная большасць выступоўцаў, сярод іх, дарэчы, былі і самі маладыя практыкі тэатра - акцёры, рэжысёры, драматургі, - гаварыла зусім не пра "малыя заробкі", "адсутнасць жылля" і іншыя спрадвечныя праблемы, а найперш - пра стварэнне адпаведнага мікраклімату ў тэатральных калектывах ды і ва ўсёй нашай тэатральнай супольнасці, пра карпаратыўную этыку, павагу да ўласнай прафесіі, да калег, з якімі побач працуеш, у рэшце рэшт, да гледача, які прыходзіць у глядзельную залу ў якасці спажыўца нашага творчага "тавару". І пра тое, што маладыя творцы ў вялікай тэатральнай сям'і- гэта дзеці, у якіх апрыёры павінна быць больш правоў, чым у "бацькоў", бо толькі так яны могуць вырасці ў годнае і паўнавартаснае новае пакаленне айчынных тэатральных дзеячаў.

Т.К.