Апошні Т-34 генерал-маёра Хацкілевіча

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

Гімнасцёрка Сяргея Прытыцкага, эскіз партрэта Зоі Касмадзям’янскай, зроблены яе братам Аляксандрам,бінокль Героя Савецкага Саюза, генералмаёра Яна Фогеля, гадзіннік генерал-лейтэнанта Аляксандра Лапаціна, узнагароды генерал-палкоўніка Мікалая Паўлоўскага, кіцель контр-адмірала Сяргея Варкова, асабістыя рэчы і частка інтэр’ера кабінета генерала арміі Аляксея Антонава… У экспазіцыйных залах Гродзенскага гісторыкаархеалагічнага музея, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, багата прадметаў, што распавядаюць пра лёсы славутых землякоў-герояў ды ўсіх змагароў, хто зрабіў свой неацэнны ўнёсак у вызваленне гродзенскай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

"Гэтая экспазіцыя была адкрыта ў 1984 годзе, - распавяла карэспандэнту "К" загадчык аддзела гісторыі музея Рыта Янчалоўская. - Аўтары склалі яе такім чынам, каб максімальна дакладна і падрабязна паказаць унёсак ураджэнцаў Гродзеншчыны ў Вялікую Перамогу, якая складалася шляхам мужнага, упартага супраціўлення па ўсіх накірунках: на палях крывавых баёў, у падполлі, пад час партызанскіх аперацый... Паднеслі інфармацыю так, каб была бачна, згадваючы назву адной з рубрык "К", асоба ў кантэксце гісторыі".

/i/content/pi/cult/210/2503/23-1.jpg

  Асоба

 Героем сённяшняга артыкула карэспандэнт "К" выбраў асобу вядомую, бадай, толькі знаўцам. Міхаіл Георгіевіч Хацкілевіч, камандзір 6-га механізаванага корпуса 10-й арміі Заходняй асобай ваеннай акругі. Генерал-маёр, удзельнік грамадзянскай вайны, кавалер двух ордэнаў Чырвонага Сцяга, ён загінуў на другі дзень Вялікай Айчыннай вайны (24 чэрвеня) у баях пад Гродна. Нягледзячы на тое, што Міхаіл Хацкілевіч родам з Ніжняга Ноўгарада, постаць камандзіра 6-га механізаванага корпуса заняла пачэснае месца ў пантэоне гродзенскіх герояў.

Вось што распавядаюць сухія радкі біяграфіі Хацкілевіча. У Чырвонай Арміі - з 1918 года. У сакавіку скончыў Першыя Савецкія Цвярскія кавалерыйскія курсы, пасля змагаўся супраць фарміраванняў Пятлюры, Дзянікіна, белапалякаў, Урангеля, Махно. 1921 - 1924 гг. - Ваенная акадэмія РСЧА, 1930 - 1936 - начальнік і ваенкам Тамбоўскай аб'яднанай кавалерыйскай школы імя 1-й Коннай Арміі. У 1936 - 1937-м служыў камандзірам і ваенкамам 1-й кавалерыйскай дывізіі 1-га коннага корпуса Кіеўскай ваеннай акругі. З мая 1939-га - начальнік Курсаў удасканалення камсастава Паўночнакаўказскай ваеннай акругі. І з 4 чэрвеня 1940 года - камандзір 6-га механізаванага корпуса 10-й арміі Заходняй асобай ваеннай акругі.

Зусім няшмат сказана пра асобу генерал-маёра ў лісце яго жонкі, які знаходзіцца ў фондах музея. Вольга Дзмітрыеўна Хацкілевіч піша: "Гэта быў чалавек моцнага характару, вялізнага розуму, адукаваны, культурны, заўсёды падцягнуты, ён служыў прыкладам для сваіх падначаленых, у патрэбную хвіліну заўсёды мог прыйсці на дапамогу як камандзіру, так і байцу. У Арміі яго вельмі любілі і паважалі за сабранасць і справядлівасць. Шмат у яго было сяброў, да яго часта звярталіся з любымі пытаннямі, ён заўжды ўмеў выслухаць і дапамагчы... Але аб ваеннай дзейнасці яго я вам напісаць нічога не магу..." Вось, бадай, і ўсе асабістыя звесткі, якія ўдалося знайсці пра героя. Але зрабіць выразным яго аблічча-партрэт дапамагла гісторыя.

Кантэкст гісторыі

 Гродна быў адным з гарадоў Савецкага Саюза, які ўжо 22 чэрвеня 1941 года прыняў на сябе ўдар гітлераўцаў. Горад адразу ж пачала бамбіцьфашысцкая авіяцыя, знішчаючы мірнае насельніцтва і ваенныя часткі, якія дыслацыраваліся ў яго межах.

Як кажуць сучасныя даследчыкі, Сталін быў упэўнены, што Гітлер калі і рызыкне напасці на Савецкі Саюз, то зробіць першы ўдар ў паўднёвазаходнім накірунку - на Украіну з яе прыроднымі багаццямі. У адпаведнасці з гэтай устаноўкай там і былі размешчаны 80 дывізій, у тым ліку - 30 танкавых і механізаваных, што амаль у два разы больш, чым на Беларусі, дзе немцы ўвялі ў баявыя дзеянні свае самыя магутныя сухапутныя і паветраныя групіроўкі. Ды і размешчаны нешматлікія сілы Заходняй асобай ваеннай акругі, якая абараняла беларускую мяжу, былі, сведчаць дакументы, надзвычай не эфектыўна. Але нават у гэтым выпадку запланаванага немцамі "маланкавага" прарыву на беларускія землі не адбылося. Першымі ў барацьбу на подступах да Гродна ўступілі воіны 86-га Аўгустоўскага пагранічнага атрада. Дастаткова згадаць подзвіг Героя Савецкага Саюза, лейтэнанта Віктара Усава, начальніка 3-й заставы, каб зразумець, з якім гераізмам змагаліся гродзенскія пагранічнікі. Лейтэнант быў паранены пяць разоў і ўсё роўна працягваў бой, аддаючы каманды салдатам, пакуль яго не забіла асколкам снарада. Мужна і самааддана аказвалі супраціўленне ворагу лётчыкі 127-га знішчальнага авіяцыйнага палка, якія, адбіваючы атакі праціўніка, збілі і пашкодзілі 47 варожых самалётаў. У першы ж дзень вайны камандзір эскадрыллі 16-га хуткаснага бамбардзіровачнага палка капітан А.Пратасаў здзейсніў 22 паветраныя тараны... Умела і нечакана атакавала калону нямецкіх войскаў, якая рухалася на Гродна, 29-я танкавая дывізія 11-га механізаванага корпуса... Ды ўсё ж, нягледзячы на поспехі, мужнасць і самаахвярнасць воінаў, каб пазбегнуць пагрозы акружэння, часці 3-й арміі былі вымушаны адступіць. І з мэтай стварэння суцэльнага фронту абароны пакінулі горад. Не ведаючы нічога аб рэальным становішчы на фронце (вузлы сувязі былі знішчаны нямецкімі дыверсантамі), Стаўка Галоўнага камандавання патрабуе ад камандуючага Заходнім фронтам генерала арміі Дзмітрыя Паўлава "разгрому нямецкіх групіровак", якія прарвалі мяжу. І Паўлаў прымае рашэнне аб нанясенні сіламі 6-га механізаванага корпуса 10-й арміі, пры падтрымцы стралковых дывізій 3-й арміі, контрудару па наступаючых нямецкіх войсках у агульным накірунку Беласток - Гродна з мэтай знішчыць праціўніка на левым беразе Нёмана. Як бачым, спробу вызваліць Гродна савецкія войскі здзейснілі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Стаўкі ўжо ў першыя дні вайны. Спроба, як вядома, скончылася трагедыяй.

 Асоба ў кантэксце гісторыі

З прычыны адсутнасці сувязі са штабам фронту камандуючы 3-й арміяй генерал-лейтэнант Кузняцоў загад аб контратацы не атрымаў. У выніку асноўны ўдар на сябе ўзялі сілы 10-й арміі. Каб адбіць наступленне савецкіх войскаў, нямецкае камандаванне вымушана было накіраваць пад Гродна два армейскія корпусы і кінуць у бой буйныя сілы авіяцыі.

6-ы механізаваны корпус пад камандаваннем Міхаіла Хацкілевіча мужна змагаўся з фашыстамі, прадэманстраваўшы, па сведчаннях удзельнікаў тых падзей, вялікую арганізаванасць, вытрымку і дысцыпліну. Ваенны гісторык У.Анфлаў апісваў дзеянні падпарадкаванага Хацкілевічу корпуса наступным чынам: "Танкавыя злучэнні арганізавана выйшлі на рубеж разгортвання... Пры пераходзе ў атаку іх сустрэлі моцнае супраціўленне праціўніка і ўдары авіяцыі ворага. Акапаўшы частку танкаў, танкісты зніштожылі ворага агнём з месца. Варожыя часткі не вытрымалі моцнага агню нашых танкаў і пачалі адступаць... Калі ўдалося зламіць супраціўленне праціўніка на падрыхтаваным ім процітанкавым рубяжы, танкавыя злучэнні развярнуліся і нанеслі моцны ўдар. Танкісты разграмілі часці праціўніка, што ўклініліся на паўднёвы ўсход Гродна. Увечары 23 чэрвеня перадавыя часці корпуса выйшлі ў паласу абароны 27-й стралковай дывізіі 3-й арміі. Яны зноў сходу контратакавалі там пяхотныя злучэнні праціўніка, якія наступалі. Танкісты змагаліся храбра, яны прымусілі ворага адступіць і нанеслі яму вялікі ўрон". І на наступны дзень 6-ы механізаваны корпус рашуча атакаваў гітлераўцаў. Апошнія стварылі за ноч моцную абарону. І фашысты не вытрымалі ўдару, адышоўшы на паўночны захад ад Гродна. Але хутка абстаноўка ўскладнілася...

Ужо напрыканцы 23 чэрвеня ў танкістаў сталі заканчвацца боепрыпасы, паліва ў машынах. Па ўспамінах Мікалая Кульбіцкага - механікавадзіцеля 13-га танкавага палка 7-й танкавай дывізіі 6 механізаванага корпуса, танкіста, які выжыў у тым пекле, - Міхаіл Хацкілевіч угаворваў генерала Болдзіна, намесніка камандуючага Заходнім фронтам, даць танкістам паліва і боепрыпасы. "Дайце толькі ўсё неабходнае, і мы расправімся з фашыстамі", - прасіў генерал-маёр. Але боепрыпасаў не было: у Беластоку склады былі знішчаны фашыстамі ў першыя гадзіны вайны, а ў Гродне былі ўзарваны па загадзе камандавання пад час адступлення.

У рэжыме жорсткай эканоміі танкісты пратрымаліся яшчэ дзень, а потым пачалося адступленне пад бесперапыннай бамбёжкай. Пад вёскай Клепачы, што на шляху да Слоніма, адбыўся апошні бой генерала Хацкілевіча. Жыхары Клепачоў апісвалі яго так: "Нашы танкі наступалі з боку вёскі Кошалі. Вораг сустрэў іх моцным агнём. Але гэта не спыніла савецкіх воінаў. Адзін з экіпажаў, які аказаўся блізка ля могілак, выявіў устаноўленыя там процітанкавыя ўмацаванні і вырашыў прабіць шлях іншым танкам. "Трыццацьчацвёрка" на вялікай хуткасці накіравалася на батарэю. Механік-вадзіцель, па-майстэрску манеўруючы, ухіляўся ад агню. Самі ж танкісты не стралялі: у іх скончыліся снарады. Разлік быў адзіны: душыць ворага гусеніцамі. Танк зусім блізка падыйшоў да артылерыйскай пазіцыі, але тут яго спыніў варожы снарад..." У гэтым танку Т-34, як высветлілася, загінуў камандзір корпуса. Пазней, калі фашысты сышлі з вёскі, жыхары выцягнулі целы генерала і членаў экіпажа з танка і пахавалі іх з іншымі загінуўшымі танкістамі. У выніку контратакі загінула вялізная колькасць людзей, была пакінута і знішчана ворагам неабходная тэхніка, тысячы байцоў і камандзіраў трапілі ў палон. З 208 пахаваных у Клепачах байцоў вядомы імёны толькі 6-ці. Сярод іх - генерал-маёр Міхаіл Хацкілевіч. Адзін з 6-га механізаванага корпуса, адзін з 10-й арміі, якая ў выніку значных страт была расфарміравана. Пасмяротна генерал-маёр быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

Падрыхтавала Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ