Дуда з розуму звяла?

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

Афіцыйна ў “клане” беларускіх дудароў сёння налічваецца 52 чалавекі, а яшчэ каля дзвюх соцень зацікаўленых штотыднёва збіраюцца ў фан-клубе старажытнага інструмента. Сваю справу робяць і шматлікія канцэрты ды фестывалі ў сталіцы і рэгіёнах, пад час якіх папулярызуецца старажытная музыка наогул і інструмент у прыватнасці...

Разабрацца ў тым, што гучыць са сцэны, часцяком зусім не проста. Дуда шатландская, нямецкая, галісійская і, вядома ж, - беларуская. Як высветлілася, наша, да ўсяго, мае адметны тэмбр: яе гучанне больш лагоднае і камернае за іншых. "У ёй не закладзена патрэба гучаць вельмі моцна і "прабіваць" прастору, - тлумачыць прафесійны дудар Зміцер Сасноўскі. - Але нават калі яна зайграе побач з самай гучнай - шатландскай - яе будзе чуваць".

На нядаўнім фестывалі дудароў выступіла і Алена Рамашка, якая, як высветлілася, з'яўляецца ўжо трэцяй дударкай Беларусі. Асвоіла флейту, жалейку, а потым з гурта, дзе яна грае, сышоў дудар, і гэта стала моцным стымулам. У выніку праз восем месяцаў выконвала партыі на гэтым інструменце.

Тодар Кашкурэвіч, майстар па вырабе дуды, музыка, мастак і даследчык, да гэткіх "вольнасцей" з боку дзяўчат ставіцца насцярожана, хоць і не адмаўляе жаночага майстэрства ў гэтай справе.

- У беларускай традыцыі жанчына ніколі не магла граць на дудзе, - кажа ён. - Яшчэ этнограф М.Нікіфароўскі апісваў смешныя факты, што пэўныя сціплыя дзяўчаты не тое, што танцаваць не пойдуць пад гукі дуды, а нават знаходзіцца побач з інструментам лічаць "за сорам".

Цікавы факт. У плане міфалогіі беларуская традыцыя дударства пераклікаецца з грэчаскай культурай, дзе кожнаму інструменту быў уласцівы свой характар. Так, духавыя інструменты ў Грэцыі былі звязаны з культам Дыяніса і адпавядалі экстатычным перажыванням, а культ Апалона, ліры, наадварот, уводзіў у гарманічны стан, супакойваў... Гэтая паралель прасочваецца ў беларускіх фальклорных радках, якія гучаць так: "Як дуда раўла - усіх з розуму звяла, а як гуслі зайгралі - усіх на розум настаўлялі".

Таму і прынята: больш "да прыроды" дзяўчатам граць на гуслях.

На нядаўнім "Дударскім фэсце" ў Дудутках беларусы гралі музыку разнастайную: пачынаючы ад твораў старадаўняга "Полацкага сшытка" да імправізацый на аснове брэтонскіх кампазіцый. Але не абышоўся сёлетні злёт майстроў і музыкаў без заўваг. У прыватнасці, Тодар Кашкурэвіч лічыць месца правядзення першага фестывалюна вольным паветры ў Дудутках не самым адпаведным. "Мне асабіста не хапае густу, - адзначыў ён, - пры ўсім тым, што ініцыятыва, без сумневу, вартая адзнакі".

- Але з самага свайго заснавання музей ладзіў музычныя фестывалі, працягваючы традыцыі дому Ельскіх - сям'і знаных кампазітараў, выканаўцаў, краязнаўцаў, даследчыкаў, што жылі тут у ХVІІІ і ХІХ стагоддзях, - падкрэслівае адзін з заснавальнікаў музейнага комплексу Тамара Станкевіч.

- Увесь род Ельскіх быў вельмі музычным, - дадае краязнаўца Андрэй Захаранка. - Амаль кожны пісаў музыку, і - вельмі важна - у сваіх творах яны заўсёды ўмелі ўключыць у галоўную тэму нейкую частку, мелодыю з народных кампазіцый... А дуда - ці ж гэта не той народны інструмент, які адраджаецца?

 Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ