Хто дызайнер васілька?

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

Пра вырабы слуцкай персіярні— шыкоўныя шляхецкія паясы, шырока вядомыя ў свой час ва ўсёй Еўропе, — здавалася б, сказана ўжо ўсё, і тым не менш, цікавасць да іх з цягам часу не знікае. Асабліва ў знаўцаў і аматараў айчыннай даўніны, якім пабачыць іх “жыўцом” у Беларусі да апошняга часу было досыць праблематычна.

 
/i/content/pi/cult/210/2501/22-pravo.jpg

  Сёння адзінкавыя паясы, а то і іхнія фрагменты, раскіданы па музеях краіны. У 2005 годзе можна было ўпершыню ў гісторыі суверэннай краіны пабачыць іх разам на выстаўцы пад час сумеснага праекта Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі і Дзяржаўнага гістарычнага музея Расіі. Але толькі нядаўна, дзякуючы спецыяльнаму фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, пабачыла свет выданне, якое адлюстоўвае вынікі гэтай выстаўкі, - альбомкаталог "Слуцкія паясы".

Як адзначае ўкладальнік, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Ірына Зварыка, інфармацыя, змешчаная ў каталогу, разбурае міф аб тым, што ў Беларусі не засталося слуцкіх паясоў. Адна з першых выставак на тэрыторыі нашай краіны, дзе дэманстраваліся паясы слуцкага тыпу, праходзіла ў 1916 годзе ў Мінскім гарадскім музеі. Наступная адбылася ў красавіку 1927 года ў Беларускім дзяржаўным музеі - папярэдніку Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі - і была цалкам прысвечана слуцкім паясам. Новая экспазіцыя, што прайшла амаль праз 80 гадоў, дала магчымасць зрабіць агляд слуцкіх паясоў з беларускіх музеяў, узняць праблемы іх даследавання, захавання і выяўлення, пра што сведчыць, уласна, і альбом-каталог.

Таксама ў альбоме-каталогу ўзняты некаторыя аспекты стварэння слуцкага пояса. Большасць даследчыкаў упэўнены, што ў асобе Яна Маджарскага спалучаўся і мастак, і выканаўца. Па іншым меркаванні, прыдворныя мастакі Радзівілаў, у прыватнасці, Тамаш Хаецкі і Ян Гадоўскі распрацоўвалі дэкор, а ткачы віртуозна ўвасаблялі маляваныя ўзоры ў тэхніцы ткацтва. Тым не менш, бясспрэчны той факт, адзначае ўкладальнік выдання, што слуцкі пояс зрабіўся мастацкай з'явай дзякуючы менавіта Яну Маджарскаму. Пры ім прадукцыя слуцкай персіярні стала сапраўдным брэндам, які ўвасабляў усходнія і заходнееўрапейскія традыцыі, але, разам з тым, і меў свае адметнасці. Да прыкладу, па меркаванні кандыдата гістарычных навук, Ірыны Скварцовай, адзін з сямі тыпаў дэкору канцоў пояса - "уквечаныя пні" - быў уласнабеларускім. Дамінуючае месца дэкаратыўнай кампазіцыі такіх паясоў займала выява сухіх выкарчаваных пнёў, адкуль выбіваўся парастак і квітнеў дзвюма вялікімі краскамі. Нельга абмінуць таксама і матэрыялы, змешчаныя ў альбоме-каталогу загадчыкам аддзела тканін і касцюма Дзяржаўнага гістарычнага музея Расіі Таццянай Івановай, якія даюць інфармацыю па гісторыі стварэння калекцыі слуцкіх паясоў П.Шчукіна, чатыры ўзоры з якой дэманстраваліся на выстаўцы. Апрача таго, упершыню ў Беларусі прадстаўлена асоба Лідзіі Якунінай, аўтара класічнай работы, прысвечанай слуцкім паясам.

Галоўнае ж, што ў альбоме-каталогу ўпершыню сістэматызавана, падрабязна апісана з указаннем месцазнаходжання пераважная большасць слуцкіх паясоў і паясоў слуцкага тыпу, якія належаць музейным зборам Беларусі. Кніга дае яснае ўяўленне пра колькасны і якасны стан гэтых твораў дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва, гісторыю іх з'яўлення ў музейных калекцыях. Акрамя гэтага, каментарыі ўтрымліваюць звесткі пра іх бытаванне, падрабязнае апісанне кампазіцыйна-графічнага ладу.

К.А.