Чорная бяроза з бярозавай выспы

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

У першыя дні чарнобыльскай катастрофы Леанід Каткавец трапіў навабранцам у самае пекла. Яго чакала дзяўчына!.. Пра тое, што выпала на іх долю, — расповед нашага карэспандэнта. Цяпер у двары сям’і Каткаўцоў растуць белыя бярозы, якія Леанід пасадзіў сам. Зусім паблізу ад іх сяла Тышкавічы расце адна-адзіная ў акрузе рэліктавая чорная бяроза, быццам зноў і зноў нагадваючы: Белая Русь, чорная быль…

Перад тым, як мы сустрэліся з сям’ёй Каткаўцоў — Вольгай і Леанідам, — у даволі вялікім палескім сяле Тышкавічы Іванаўскага раёна, дзе яны жывуць, прайшоў ураган.

Шквалісты вецер абрываў правады і выкарчоўваў магутныя дрэвы. Пацярпелі сады і агароды. Але хто б мог падумаць, што з коранем вырве маладую моцную бярозу ў двары Каткаўцоў?

Неўзабаве Вольга, мясцовая даярка, патэлефанавала мне з Тышкавічаў у рэдакцыю і запрасіла ў госці.

— Прыязджайце хутчэй! — казала яна ўсхвалявана. — Хачу распавесці пра наша жыццё, якое доўжыцца пад Чарнобылем з першага дня… Чакаю.

Я выехала ў Тышкавічы якраз у той дзень, які на Беларусі шануюць асабліва, — дзень Чарнобыльскай катастрофы, чарговыя, дваццаць першыя яе ўгодкі! Колькі дзетак нарадзілася на Бацькаўшчыне з веданнем смаку горкага чарнобыльскага палыну!

Па дарозе мой добры знаёмы паказаў незвычайную бярозу.

— Ды яна ж не такая, як усе!

— Рэліктавая… Чорная бяроза… Ашчаджаюць яе ўсім светам, — растлумачыў ён.

Стаяла чорная бярозка, адгароджаная ад усёй белай бярозавай выспы. І была надзвычай прыгожая — адна-аднюткая на ўвесь гэты белы свет белых бяроз…

Вольга Каткавец таксама падвяла мяне да бярозы ў сваім двары, але да белай… Дрэва — дзіцё не абхопіць. Свежае,гонкае, нібы жанчына ў росквіце гадоў.
 

— Што гэта за рэмень? Навошта ён? — Мне было крыху не па сабе: белая бяроза была падперазаная салдацкім рэменем…

— Гэта Лёня і ўсе мы ратуем дрэва ад урагану. Можна сказаць, пасадзілі яго нанова, і яно выжыла. Значыць, і ў нас усе будуць здаровыя…

Салдацкі рэмень на бярозе, аказваецца, быў тут недарэмна.

Гэта гісторыя іх кахання, адна з яе дэталей, як сказалі б кіношнікі, калі б маглі зразумець і годна распавесці пра яе з дапамогай кінаплёнкі. Я расказала аднаму з іх сюжэт жыцця Волі і Лёні, але ён адказаў, што на такія гісторыі проста няма грошай.

І ў іх не было ніякіх грошай, калі Вольга праводзіла перад самай катастрофай 1986-га свайго хлопца ў войска. Быў вечар. Яны кахалі адно аднаго.

А потым, менавіта 26 красавіка, калі ніхто яшчэ ў Тышкавічах не ведаў пра Чарнобыль, Вольга, якая таксама не ведала, што яе Леанід знаходзіцца ў пекле, зразумела — яна цяжарная!

Што рабіць? Дзяўчына заканчвае школу. Хлопец у войску. Натуральна, яны не распісаны… Хто ж дазволіць раджаць у 17 гадоў? Дзяўчына — у роспачы. А тут усе даведаліся пра катастрофу. “Раптам і Лёня там, раптам і яго жыццю пагражае небяспека?!”… Усе белыя бярозкі ў адно імгненне сталі для яе чорнымі.

Вольгу перавялі ўжо ў бальніцу, хацелі збавіцца ад дзіцяці, але яна раптам адчула: “Гэта, безумоўна, дачка, і яна будзе здаровай, бо зачатая да катастрофы!”

Вольга раптам стала дарослай. Збегла з бальніцы. Маці плакала. А Вольга жыла спадзяваннем, што дачка (а яна ніколі не сумнявалася, што народзіцца дзяўчынка) будзе і здаровай, і прыгожай.

— Нарадзіла ж дзень у дзень! — з радасцю кажа яна мне, быццам вось пра гэтую, знявечаную ўраганам, але ўзнятую салдацкім рэменем бярозку. — Вельмі баялася, што раптам хоць на дзень раджу раней… Што скажа Лёня?..

Леанід прыехаў на пабыўку да родаў і нічога не сказаў. Ён і не мог што-небудзь сказаць: там, дзе давялося служыць, давалі падпіску на 25 гадоў аб захаванні тайны… Чарнобыльскай тайны… Тайны лёсаў многіх салдат, цывільных людзей, дзяцей…

— Давай пажэнімся! — сказаў ён проста, калі пабачыў, што Вольга чакае дзіця.

Адразу пасвятлела бярозка. Берасцянае іх вяселле — як шчаслівая бярозавая выспа. А ён нібы казаў: “Беражы гэтую выспу, перацярпі чорную быль…”.

Леанід вярнуўся на службу, у тое ж пекла. Вольга нічога пра гэта не ведала. Была шчаслівая. Чакала першую дачку.

Гэтым часам у Маскву ляцеў знакаміты доктар Гейл з Амерыкі, які павінен быў зрабіць перасадку касцявога мозгу тым, хто ратаваў Чарнобыльскую станцыю, хто не баяўся кідаць з верталётаў мяшкі пяску ў раз’юшаны рэактар. Але аперацыі гэтыя не спатрэбіліся…

Мне давялося менавіта ў гэты час сядзець у кіназале, дзе ўзнаўляўся чорны кашмар: выбух рэактара. Маланка пацэліла, здавалася, не толькі ў зямлю, але нават і ў космас. У той момант на рэактары працавала 170 чалавек. Што з імі стала? Ці застаўся хто-небудзь жывы? Секунды хронікі дакладна адбівалі гады пасля д’ябальскай успышкі. Вось і доктар Гейл пахмурна тлумачыць, што позна перасаджваць касцявы мозг хлопцам-пажарнікам. Наўкола — чорная смерць.

Вольга Каткавец таксама пазней пачула пра бяссілле доктара Гейла, самай сучаснай медыцыны. Аказалася, што першых пажарнікаў, якія загінулі на рэактары, было 28. І што іх не тое, што аперыраваць пры жыцці, але пасля смерці нельга… хаваць на звычайных могілках…Яны ператварыліся ў кавалкі графіту. Агульную цынкавую труну апусцілі вельмі глыбока. Інакш магіла таксама стала б маленькім рэактарам… Што і казаць, маленькімі рэактарамі былі ў той час звычайныя сялянскія печкі, якія паліліся дровамі. Гіганцкае духоўнае выпрабаванне выпала ўсім, нават такім, як доктар Гейл, які ніколі не жыў ні ў Беларусі, ні на Украіне, ні ў Расіі. Кажуць, што ён плакаў ад уласнага бяссілля дапамагчы пацярпелым ад катастрофы…

За некалькі дзён да Чарнобыля сфатаграфаваліся дзве сяброўкі, як і Вольга Каткавец, — абедзве шчаслівыя і цяжарныя. Муж адной з іх — верталётчык Васіль Вадалажскі і быў адным з 28-мі…

Вольга старалася не думаць пра тое, што будзе з Леанідам. Тым больш, што нават намёку ў яго лістах не было аб тым, як яму цяжка, што хворы, што таксама ў шпіталі… 

Бацькаўшчына, даруй нам усім за Чарнобыль…

Леанід вярнуўся. Яны збудавалі дом. За першай дачкой нарадзілася і другая. І абедзве былі здаровыя! Большага і чакаць не трэба…

Беглі гады. Жылі небагата, як усе, Вольга берагла мужа і дачок. Нават не пыталася ў Леаніда, што было з ім на службе. Дый не мог ён нічога расказаць. Усё лепшае, што было ў доме, гародзе, садзе імкнулася незаўважна аддаваць яму, а потым ужо — дзяўчынкам. А сабе, натуральна, — нічога…

Пачалі разам саджаць бярозы. Лёня быццам надзеі нейкія ўскладаў на гэты белы ачышчальны колер.

— Калі цяжка на душы — абдыму яго пад бярозкай, — прызнаецца Вольга. — І не было паміж намі ніякіх спрэчак.

Усё сплялося ў іх садзе — старыя галіны цёрну, ясеня і рознакаляровага бэзу… Вырошчваюць і вінаград — для дзяцей, а цяпер — ужо для дзвюх унучак, якіх дочкі, як і мама, нарадзілі вельмі рана. Раннія дочкі, раннія ўнучкі. Прыгожыя і здаровыя…

— Гэта лёс! — Вольга здымае з выратаванай бярозы салдацкі рэмень мужа.— Самім па 40 гадоў, і ўжо ўнучкі ў нас ёсць. Ці ж не ў гэтым шчасце!

Столькі гора разам перажылі, а кажуць, што шчаслівыя. “Грабавых” не дабіваліся, на жыццё не скардзіліся. Нават у санаторыі на адпачынак не ездзілі, не атрымлівалі і чарнобыльскіхграшовых дапамог. За дзяўчынкамі сачылі, выхоўвалі іх. Цяпер трэба ўнучак гадаваць. А ў дачок — па прэзідэнцкаму доміку. Рыхтуйце, мама і тата, дзве кухні, дзве мэблевыя сценкі.

Вольга на ферме ўжо многа гадоў, Леанід таксама без працы ні дня: што даручаць у гаспадарцы — заўжды зробіць як мае быць.

— А як з тайнай, пра якую не можаце распавесці аж 25 гадоў? — запытала ў Леаніда.

— Не паспеў запомніць! Жыў, жыў, стараўся радавацца, кахаць, любіць…

— І забыцца на чорны боль?

Не адказаў Леанід, але дадаў:

— Нас 14 хлопцаў было ў тым пекле… Я знайшоў толькі трох...

Іх белыя бярозы падраслі, папрыгажэлі. І хіба ж дзіва — усё Палессе ў бярозах. Ля вялікага і надзвычай чыстага возера Мульное — бярозавы гай, у якім з’явіліся ўжо першыя вясновыя грыбы.

— У Мульным вада чыстая, як у Нарачы, — пераконвае Вольга.

— Што б мы ўсе рабілі ў жыцці, калі б не вера ў гэтую чысціню?

Пагодзімся з Вольгай! Але не забудземся і на тую адну-адзіную рэліктавую чорную бярозу па дарозе ў Тышкавічы, якую сам Бог пакінуў сярод белых бяроз. Маленькія ўнучкі Вольгі і Леаніда Каткаўцоў таксама памятаюць пра яе. 

Вольга АЛЯКСАНДРАВА
Фота аўтара і Валерыя МІХАЛЬЧУКА