Ці стане мамантавы бівень прыбытковым для аддзела культуры?

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

Базіс рэгіёна: рэзервы платных паслуг У Маладзечне з поспехам прайшоў “Маладзічок” — ІІІ Адкрыты конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні. У ім выступілі 52 спевакі ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. Па ўмовах, кожны павінен быў прадставіць дзве рознахарактарныя песні, прычым адну — на мове сваёй краіны. Установы культуры Калінкавіцкага раёна Гомельшчыны не справіліся з леташнім планам па аказанні насельніцтву платных паслуг. Фактычны паказчык у супастаўных цэнах склаў 111% пры дзяржаўным заданні 112. Здавалася б, не вялікая бяда: усяго адзін працэнт “недабору”. Аднак ужо сёлета гадавы раённы план вырас да 329 мільёнаў пры абавязковых 115% “супастаўнага” прыросту. А паказчык першага квартала ледзь перавысіў 100-працэнтны рубеж. Тэндэнцыя, справакаваная эфектам “снежнага камяка”? Не, запэўніваюць мясцовыя культасветнікі. Маўляў, сёлета план будзе ўрэшце выкананы. Між тым, пераканаўчых гарантый аптымістычных перспектыў ніхто не дае...

Яшчэ па дарозе ў Калінкавічы разважаў пра тое, што раён для тутэйшых устаноў культуры - "залатое дно" ў плане доўгатэрміновых фінансавых ініцыятыў. Мяркуйце самі. Калінкавіччына даўно знакаміта Усебеларускім фестывалем народнага гумару, што раз на два гады ладзіцца ў Малых і Вялікіх Аўцюках і прыцягвае процьму турыстаў ды аматараў аўтэнтычнага фальклору. Хапае артэфактаў і для знаўцаў беларускай даўніны. На Юравіцкай стаянцы першабытнага чалавека, узрост якой ацэньваюць у 30 тысяч гадоў, апроч скрабкоў і разцоў адшуканы мамантавыя чарапы з біўнямі. У вёсцы Ліпава - сядзібна-паркавы комплекс Горвата, што з'явіўся тут у ХІХ стагоддзі. А ў вёсцы Сырод - не менш адметны сквер "Пацалунак", разбіты некалькі гадоў таму мясцовым кіраўніцтвам... Карацей, цікавых, часам абсалютна не "раскручаных", аб'ектаў стае ледзь не ў кожным паселішчы Калінкавіччыны. І ўсе яны з дапамогай мясцовых музейшчыкаў, бібліятэкараў, клубнікаў павінны стаць запатрабаванымі сярод шматлікай арміі турыстаў, якія ў крызісны перададпускны час катэгарычна адмовіліся ад турэцкіх берагоў, а вось карту Беларусі ў пошуках прывабных мясцін для адпачынку літаральна зашмальцавалі. Калі тут не "пакрэатывіць" з наладжваннем платных выязных канцэртаў, продажаў-выставак, мабільных тэатральных дзей, дык "фінансавую" нішу зоймуць ці ініцыятыўныя прыватнікі, ці іншыя рэгіёны. І атрымаецца ўсё ўрэшце, як у той аўцюкоўскай показцы: "Што новага ў нашым клубе?" - "Нічога, апрача замка!"

"Грашовы" флагман, або Уменне працаваць камандай

Ніякім чынам не хачу абвінаваціць начальніка аддзела культуры Калінкавіцкага райвыканкама Віктара Левановіча ў "культасветных грахах": апатыі ці бязвольнасці. Якраз якасцямі ён валодае адваротнымі. Але працуе на пасадзе ўсяго другі год. Між тым, кіраваць установамі культуры аднаго з буйных рэгіёнаў Гомельшчыны - хлеб не з лёгкіх. Карацей кажучы, Левановіч толькі стварае вакол сябе каманду, здольную на ажыццяўленне самых смелых праектаў. Атрымліваецца, натуральна, пакуль не ўсё. Думаецца, пачаць варта з таго, што атрымалася. Маю на ўвазе захады раённага Цэнтра дасугу па рэалізацыі платных паслуг. Менавіта тут на чале з дырэктарам РЦД Людмілай Пінскай працуе сапраўдная каманда "крэатыўшчыкаў", чый сярэдні ўзрост - 25 - 27 гадоў. У выніку "мазгавых штурмаў" і анкетавання насельніцтва і быў складзены пералік сённяшніх 16 платных паслуг РЦД. Сярод іх - танцавальныя вечары для дзяцей і моладзі, шэйпінг, заняткі ў фітнес-клубе, студыі танца жывата, артбалеце "Імперыя", аматарскіх аб'яднаннях "Свет музыкі і танца", "Маладосць", "Імяніннік", "Школьнік" (усяго - 6 аб'яднанняў), а таксама ранішнікі і прафесійныя святы ці юбілеі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў... Ёсць сярод відаў паслуг і навінкі. Напрыклад, днямі структура РЦД - студыя святаў "Вясёлка мары" - пачала прапаноўваць платныя дзіцячыя мерапрыемствы кшталту дзён нараджэння (у тым ліку і з выклікам артыстаў дамоў), выпускных вечароў, а таксама напісанне арыгінальных сцэнарыяў для самых розных культурна-масавых мерапрыемстваў. І яшчэ - хоць і не ноў-хаў, але рымейк з гарантаваным вынікам - платны клуб "Каму за...". Прэм'ернае пасяджэнне адбылося ўвесну і займела ашаламляльны поспех сярод 40 - 50-гадовых жыхароў райцэнтра. Самая "праблемная" публіка, якую - паказвае практыка - у Цэнтр дасугу ледзь не пішчом трэба зацягваць. Думаю, пасля ўсяго вышэйназванага цалкам зразумелым падаецца той факт, што раённы Цэнтр дасугу зарабіў летась 102 мільёны рублёў пры плане 78 і быў узнагароджаны па выніках абласнога конкурсу дыпломам другой ступені ў намінацыі "Развіццё платных відаў паслуг". Менавіта з пазабюджэтных сродкаў РЦД набыў светлавое афармленне сцэны, сістэму "караоке", сцэнічныя касцюмы, відэапраектар... Дык чаму ж па вёсках раёна, якія наведаў за час камандзіроўкі, выкарыстоўваецца толькі па 2 - 3 віды платных паслуг? Чаму досвед пэўнай эканамічнай самастойнасці раённага Цэнтра дасугу так і не стаў для сельскіх устаноў ні прывабным, ні, тым больш, - абавязковым? "У любы момант і па першай просьбе наша каманда гатова дапамагчы любому вясковаму калегу, - тлумачыць сітуацыю, так бы мовіць, "са сваёй званіцы" дырэктар РЦД Людміла Пінская. - Але штосьці не надта шмат гэтых просьбаў..." Мяркуючы па лічбах і фактах, РЦД пачувае сябе вельмі няблага. Нават канкурэнт - ведамасны ДК чыгуначнікаў - не перашкода. І справа тут у мэтанакіраваным "амаладжэнні" супрацоўнікаў Цэнтра, у каманднай сістэме "гульні", наладжанай начальнікам аддзела культуры. І робіцца гэта "з галавой": у лік платных "кліентаў" ніколі не трапіць ні ветэран, ні пенсіянер, ні інвалід або сірата. Усё правільна: эканоміка- эканомікай... А цяпер пра вёску.

Колькі "каштуе"... глядач?

 Колькі каштуе квіток на маладзёжны вечар танцаў у вёсцы Дудзічы, ведаюць тут кожны юнак і кожная дзяўчына: 1,5 тысячы рублёў. А колькі "каштуе" глядач, слухач, удзельнік любога платнага культурнага мерапрыемства на сяле? Па меркаванні намесніка старшыні Калінкавіцкага райвыканкама Алены Клічкоўскай, зусім не танна. Інакш кажучы, за кошт чаго і якімі высілкамі можна займець стабільную, удзячную публіку не толькі ў горадзе, але і ў вёсцы? Цалкам пагаджаюся з Аленай Клічкоўскай: складнікаў гэтага "кошту" не вельмі шмат. Дыхтоўная матэрыяльная база ўстаноў, якасць мерапрыемстваў, перспектыўнасць мыслення культасветнікаў. Без наяўнасці названых фактараў ніхто ў клуб, бібліятэку, музей проста не пойдзе... Дык вось, вёска Дудзічы, якая месціцца ўсяго за сем кіламетраў ад Калінкавічаў. Матэрыяльная база мясцовага Цэнтра народнай творчасці, калі мець на ўвазе будынак (пад адным дахам - клуб, школа мастацтваў, бібліятэка), - проста цудоўная, бо "Дудзічы" - адзін з першых аграгарадкоў раёна, адкрытых у 2005 годзе. А вось з якасцю клубнай справы і крэатыўнасцю мысленняпакуль не ўсё гладка. Па-першае, няма ніводнага народнага ці ўзорнага калектыву (дый на вялізны раён, дзе 44 бібліятэкі і 50 клубаў, такіх калектываў усяго 9) - паказчык далёка не са станоўчых, і кіраўніцтва Калінкавіччыны з гэтым цалкам пагаджаецца. Па-другое, мясцовая клубная ўстанова прапаноўвае на сёння толькі два віды платных паслуг: дыскатэку і канцэрт. Вось і ўвесь крэатыў... Але начальнік аддзела культуры Віктар Левановіч спадзяецца на лепшае. Колішні кіраўнік Цэнтра народнай творчасці так і не здолела ажывіць культасвету ў вёсцы, дзе пражывае 750 чалавек. Сённяшні дырэктар ЦНТ Вольга Трафімава прыступіла да працы два месяцы таму. Я б сказаў, яшчэ агледзецца як след не паспела, але, маючы спецыяльную адукацыю, імгненна зарыентавалася: без належнай апаратуры, наяўнасці спрактыкаваных DJ і MC гаворкі няма пра тэматычную дыскатэку. А ладзяцца ў Дудзічах звычайныя танцавальныя вечары. Ёсць для гэтага неблагія ўзмацняльнікі, мікшэрны пульт, а вось клубны прайгравальнік МР-3 фармат не ўзнаўляе, - Вольга карыстаецца сваім, хатнім. Суботнія танцавальныя вечары прынеслі за красавік 264 тысячы рублёў. Безумоўна, усё гэта толькі маленькая кропля грашовых паступленняў у вялізным моры хранічна невыконваемага плана. "Чым, Вольга, збіраешся вяскоўцаў зацікаўліваць? - пытаецца начальнік аддзела культуры, - каб не бегла моладзь на танцы ў Калінкавічы?" "Прывабліваць будзем яркімі мерапрыемствамі, - запэўнівае маладзенькая кіраўніца, - сёе-тое з вопыту РЦД запазычым!"

Калькуляцыя ўласнага дабрабыту

 

І яшчэ пра некалькі праблем, якія неаднаразова агучваліся ў Дудзічах. Вольга Трафімава, да прыкладу, запыталася ў мяне: "А што рабіць з моладдзю да 18 гадоў, якую мы па заканадаўстве не маем права затрымліваць на танцах да 22 гадзін?" Маўляў, справа не ў грошах, а ў аспекце маральнага плана, бо за гэтых падлеткаў пасля дзесяці ночы не адказваюць ні школа, ні клуб, таму і пачынаюць займацца яны абы-чым. А так - да бяды недалёка... Прыйшлося доўга патыліцу чухаць, бо пытанне - слушнае, надзённае (лета - на носе). Адказаў жа на яго няма пакуль ні ў мяне, ні ў начальніка аддзела культуры. А вось праблема зусім іншага кшталту. І звязана яна найперш са стратэгіяй і тактыкай пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў культуры Калінкавіцкага раёна. Гаворка ў артыкуле ўжо ішла пра разумнасць, дыферэнцыраванасць культурных платных паслуг. Безумоўна, планы застаюцца абавязковымі і для дзіцячых школ мастацтваў, і для бібліятэк. Але львіная доля пазабюджэтнай дзейнасці кладзецца, як мне падаецца, на клубныя ўстановы, на больш масавыя і запатрабаваныя насельніцтвам і ў плане культурнай асветы, нацыянальнага адраджэння, канцэртнай дзейнасці, і ў плане мерапрыемстваў забаўляльных па змесце і жанрах. Тым больш, у адпаведнасці з сёлетняй пастановай Савета Міністраў ад 25.03.2009 г. № 353 "Аб парадку рэгістрацыі адпускных цэн (тарыфаў)" дазволена вар'іраваць коштамі на білеты. Але, зразумела, павышэнне коштаў без павышэння якасці абслугоўвання свайго плёну не дасць. Як пераканана намеснік старшыні райвыканкама Алена Клічкоўская, колькасць відаў платных паслуг - адзін з фактараў паспяховага выканання плана. Згодны: чым больш выдумкі ў культасветнікаў, чым больш яркіх запамінальных "зацікавак", падмацаваных прафесіяналізмам і самабытнасцю, тым больш у выніку грошай на рахунку аддзела культуры, тым больш грошай і ў кішэнях саміх культасветнікаў, бо адзіны сродак павелічэння заробкаў на сёння - актывізацыя пазабюджэтнай дзейнасці. З гэтай нагоды разумею сітуацыю так: фінансавыя шчыраванні ўстаноў культуры - не самамэта; калі ты прафесіянал, дык нестандартны падыход да працы- неад'емная частка твайго штодзённага творчага пошуку з выкарыстаннем усіх магчымых рэзерваў, а грашовая аддзяка гэтага пошуку - натуральны вынік творчай непаўторнасці. Дык ці выкарыстоўваюцца на Калінкавіччыне ўсе рэзервы? Не. Хоць і настойвае начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Чумакоў у афіцыйных распараджэннях "стабілізаваць абслугоўванне сельскага насельніцтва мабільнымі ўстановамі: аўтаклубамі і аўтабібліятэкамі", але "Газель", якой аддзел культуры карыстаецца ўжо два гады, у якасці бібліобуса выедзе на раён толькі сёлета. Не менш здзівіла і галоўны эканаміст аддзела Таццяна Калінко: аказваецца, за апошні месяц з раённых устаноў культуры не паступіла на зацвярджэнне ніводнай калькуляцыі на культурна-масавае мерапрыемства. Чаму? Ды па той прычыне, што ўсе працуюць па старых, даўно пракалькуляваных і "накатаных", сцэнарыях, імкнуцца зарабіць на лічаных і традыцыйных ужо відах паслуг. Як тут не згадаць аддзел культуры, скажам, Слуцкага райвыканкама, дзе за тыдзень завяраецца ледзь не з дзесятак калькуляцый? Але ж там і даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці досыць важкія, і ёсць рэальная магчымасць выкарыстаць іх для матэрыяльнага стымулявання культасветнікаў. А эканамічная служба аддзела культуры Калінкавіцкага райвыканкама аформіла апошнім часам толькі два новыя віды платных паслуг ЦБС: прыём кніжных заявак па тэлефоне і замова кніг у міжбібліятэчным абанеменце... Але прадоўжым знаёмства з раёнам, а дакладней - з ягонымі нявыкарыстанымі ў плане аказання платных паслуг рэзервамі.

Даеш юравіцкі кірмаш!

Юравічы, як Гомель, Мазыр, Ветка, Тураў, іншыя гарады і паселішчы вобласці, уваходзяць у турыстычнае "Залатое кольца Гомельшчыны". І вёска, паверце, таго вартая. Ёсць тут храм XVIII стагоддзя, а ў будынку колішняга калегіума езуітаў дзейнічае мужчынскі манастыр. Некалькі гадоў таму на схіле 25-метровага пагорка, дзе калісьці была адшукана самая старадаўняя ў краіне стаянка першабытнага чалавека, з'явілася бетонная лесвіца, што вядзе да ўзвышша з земляным зрэзам. Далейшае будаўніцтва гэтага аб'екта рэспубліканскага значэння па зразумелых прычынах спынілася. Але ў перспектыве тут абавязкова з'явяцца музейны павільён, куды, натуральна, будзе перанесена з Калінкавіцкага краязнаўчага музея частка мамантавых костак, а таксама макет-жытло першабытнага чалавека, стылізаваная пячора краманьёнцаў. Але толькі ў перспектыве. Гэткія ж - перспектыўныя - і прыкідкі ў Віктара Левановіча: наладзіць культзабеспячэнне гэтага турыстычнага аб'екта, бо ўжо сёння Юравічы маюць трывалую славу незвычайнага кутка Беларусі. Побач з маляўнічым "краманьёнскім" пагоркам месціцца дыхтоўны будынак Цэнтра культуры, якасна рэканструяваны летась за кошт сродкаў, выдаткаваных згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла, - толькі на мэблю пайшло каля 40 мільёнаў рублёў. Установа, дзейнасць якой зза аграгарадоцкіх пераўтварэнняў была часова спынена, толькі пачынае набіраць творчыя "абароты". Дарэчы, і тут, як паведамляе дырэктар Цэнтра культуры Анжэла Паташка, не надта каб шмат відаў платных паслуг: дзіцячая дыскатэка, танцавальны вечар, канцэрт, забаўляльная праграма, віншаванні дома. Не так даўно распачалі арганізацыю платных шлюбных абрадаў. Але агульная "хвароба" - усё тая ж: аднастайнасць прапаноў. Пагаджаюся, натуральна, што і шараговыя канцэрт ці вечар адпачынку можна правесці іскрамётна. Але вёску з насельніцтвам ледзь не ў тысячу чалавек пасля доўгага клубнага заняпаду абуджаць, на мой погляд, трэба творчай акцыяй "рэвалюцыйнага" зместу. Гэтага ж прагне і Віктар Левановіч. Ён з замілаваннем згадвае вірлівы юравіцкі кірмаш, бліскуча апісаны Іванам Мележам у "Людзях на балоце" (дарэчы, да мележаўскага Гнілішча, што ў Хойніцкім раёне, адсюль - рукой падаць). Імгненна нараджаецца ідэя: "А чаму б, Віктар Станіслававіч, не адрадзіць тутэйшую кірмашовую справу?! Майстры ў раёне - знакамітыя, іх вырабы ў Аўцюках - нарасхват, але Аўцюкі - сталіца гумару, а Юравічы стануць мястэчкам кірмашовым... "Культура" ж, у сваю чаргу, інфармацыйна падтрымае і праект, і будучую акцыю!" Начальнік аддзела культуры пагаджаецца: маўляў, зарабляць дык зарабляць! А праект, на мой погляд, самы што ні ёсць жыццяздольны. Канешне, і вырабы павінны быць не абы-якімі, і арганізацыю трэба ўсебакова прадумаць, і мастацкую самадзейнасць максімальна падключыць, каб спяваў і танчыў не толькі Цэнтр культуры, але і кожныя юравіцкая вуліца ды завулак. А сцэнарый галоўнай тэатралізаванай дзеі падрыхтаваць - не праблема: адкрывай "Палескую хроніку" ў патрэбным месцы - вось Яўхім з Ганнай, вось Васіль, а вось шчодры на хатнія ласункі і народнае мастацтва юравіцкі кірмаш! А пакупнік - з Гомеля, Мазыра, Хойнікаў і Мінска - прыедзе абавязкова. Вунь прыватнік Сяргей Гарбар яшчэ не паспеў уладкаваць як след свой "гатэль" ля возера Літвін, а італьянцы ўжо тут як тут. Бо своечасова свае экатурыстычныя платныя паслугі ў Інтэрнеце "вывесіў". Падыход грунтоўны. Гаворка пра яго - асобная.

Аддзелаўскае Купалле, Гарбарава - жытло

На Сяргея Гарбара начальнік аддзела культуры Віктар Левановіч таксама робіць перспектыўную творчую стаўку. І не саромеецца, дарэчы, павучыцца ў яго разваротлівасці. Гарбар кожным учынкам даказвае, што калі чалавек шукае кропку прыкладання творчых сіл, дык ён яе заўжды знойдзе і рэалізуецца напоўніцу. Гарбарава юшка на аўцюкоўскіх конкурсах - найлепшая. У грамадска-культурных справах ён - ледзь не пазаштатны супрацоўнік аддзела. Разам з сынам трымае табун у сотню коней, 10 гадоў арандуе возера. На ягоным беразе і распачаў узвядзенне турыстычных дамкоў, лазні, а будынак крухмальнага завода рэканструюе пад гатэль, спартыўны комплекс з саунай, більярдам і закрытым кортам для вялікага тэніса... Але гаворка цяпер не аб тым, як у беларусаў абуджаюцца і перспектыўнае мысленне, і павага да роднай культуры, і прага давесці замежнікам, што Беларусь - некрануты край прыроднага хараства. Гаворка пра тое, што крэатыўнасць Сяргея - прыклад (калі не казаць - дакор) для культасветнікаў раёна: заняў ён сёння тую нішу, якую не здолелі заняць іншыя. І не пра грошы я, а пра ініцыятыву. Ужо гэтым летам збіраецца прыватнік прыняць першых турыстаў - і замежных, і айчынных. Пытаецца: "А 40 - 50 тысяч за суткі са сваіх - гэта не надта дорага?" Столькі ж каштуе шараговы нумар у гасцініцы ледзь не любога райцэнтра, а тут - двухпавярховы дамок з камінам. Але галоўнае для артыкула не гэта. Справа ў тым, што начальнік аддзела культуры Віктар Левановіч хоча ў летнія вечары "агучыць" гэтыя азёрныя берагі. Скажам, правесці тут Купалле сіламі мастацкай самадзейнасці мясцовага Цэнтра культуры і зрабіць мерапрыемства платным. А вось гэта ўжо - крэатыў! Сяргей Гарбар абедзвюма рукамі "за", камфорт пражывання і гасціннасць сустрэчы гарантуе. А аддзелу культуры - прамая эканамічная выгода пры рэалізацыі новага "прыазёрнага" віду паслуг.

Патанчым ля Чапаева

 Мая б воля - я і вёску Агароднікі паказваў бы турыстам хоць за невялікія, але грошы. Месціцца яна аж за 40 кіламетраў ад райцэнтра- мядзведжы кут, можна сказаць. Быў тут калісьці калгас (менавіта ў будынку яго канторы і дзейнічаюць цяпер СДК і бібліятэка), які насіў імя ўсенародна любімага Васіля Іванавіча Чапаева. Калгас знік, а бюст зухаватага чырвонага камандзіра застаўся і знаходзіцца ва ўзорным стане. Хаця б дзеля таго, каб яго пабачыць, варта сюды ехаць... Культасветнікі Агароднікаў - адзіныя, бадай, за гэты дзень, хто пераканаў мяне: план па платных паслугах тут будзе выкананы. Дый хіба ж дзіва: крыху больш за 200 жыхароў у паселішчы, таму і гадавы план - усяго 600 тысяч. І два знаёмыя да болю віды паслуг: танцы ды канцэрт. Пагуляў па адзінай вуліцы, сустрэўся з васьмікласніцай Кацяй Сакалоўскай і дзевяцікласніцай Ларысай Прышчэп. "Колькі вас такіх набярэцца?" - "З дзесятак". - "А цікава вас у клубе?" - "Вельмі!" Пераканаўся сам, бо і бібліятэчныя пакоі, і клубныя- утульныя, ёсць апаратура неблагая, на падлогах - дыванкі самаробныя, - утульна. Але зайшоў у невялічкі этнаграфічны музей-пакойчык і вачам не паверыў: дах у гэтым месцы, відаць, лядашчы - уся сценка ад нядаўніх шчодрых дажджоў набрыняла, а фарба на ёй - палупілася. "Адрамантуем!" - строга заўважыў Левановіч. Якасць культработы, ініцыятыўнасць і матэрыяльная база - тры складнікі гарантаванага выканання плана платных паслуг. У прывабным клубе і атмасфера прывабная. І не паўтараўся б пра гэта, калі па вуліцы Фрунзе ў Калінкавічах не выйшаў да левага фасада РЦД: фарба - змрочная, тынкоўка там-сям абвалілася. Як аказалася, старшыня райвыканкама Яўген Адаменка ўжо зрабіў гарадскім культасветнікам заўвагу: "Пры першай магчымасці трэба ўсё выправіць!"

Яўген РАГІН, наш спецыяльны карэспандэнт Мінск - Калінкавіцкі раён- Мінск