Сваё “Чужое багацце...”

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

Дзякуючы гранту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, усяго праз месяц “з хвосцікам”, 7 ліпеня, у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета нашай краіны адбудзецца прэм’ера оперы “Чужое багацце нікому не служыць”. Спектакль не толькі звяжа беларускую мінуўшчыну і сучаснасць, але і дадаткова нагадае пра найбагацейшыя еўрапейскія традыцыі нашай культуры.

Упершыню гэтая опера (праўда, пад назвай "Чужое багацце нікому не на карысць") была пастаўлена ў Нясвіжы ў 1785 годзе. Яе аўтарамі выступілі лібрэтыст Дмушэўскі і кампазітар Ян Давід Голанд, якога Радзівілы запрасілі да сябе з Германіі (дарэчы, ён жа напісаў для Нясвіжа оперу "Агатка, або Прыезд Пана" і балет "Арфей і Эўрыдзіка", прымеркаваныя да прыезду ў Нясвіж караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага).

Тагачаснае лібрэта "Чужога багацця..." пакуль так і не знойдзена. Што ж да нот, дык доктар музыказнаўства Вольга Дадзіёмава адшукала клавір уверцюры да оперы, надрукаваны ў Польшчы, і рукапіс так званага рэпеціторыя - спрошчанага пералажэння, па якім у тыя часы развучвалі твор са спевакамі. У ім - выпісаныя вакальныя партыі (вядома, з падтэкстоўкамі, па якіх можна аднавіць сюжэт) у суправаджэнні не ўсяго аркестра, а толькі дзвюх скрыпак і баса. Опера адразу папоўніла кола даследаванняў як самой Вольгі Уладзіміраўны, так і яе вучняў-паслядоўнікаў.

Што ж да выканальніцкай практыкі, дык завадатарам сцэнічнага ўвасаблення выступіла "Беларуская капэла" на чале з Віктарам Скорабагатавым. Паводле знойдзеных нотных накідаў Уладзімір Байдаў, мастацкі кіраўнік ансамбля салістаў "Класік-Авангард", напісаў паўнавартасную партытуру. Вершаваныя тэксты пераклаў на беларускую мову Васіль Сёмуха. А драматург Сяргей Кавалёў, вядомы сваімі "перайначваннямі" і постмадэрнісцкімі прачытаннямі беларускіх літаратурных крыніц мінулых стагоддзяў, зрабіў новае лібрэта.

 Паводле яго, былы селянін Янак стаў артыстам, набліжанымі да сучасных рэалій аказаліся іншыя акалічнасці. Нязмененай засталася галоўная інтрыга - вечная тэма: покліч сэрца ці грошы? Янак і Кася кахаюць адно аднаго. Але яе бацька Чужапанак марыць знайсці для дачкі лепшую пару. Ведаючы пра яго жаданне пабагацець, Янак шчодра забяспечвае яму "чарадзействы", калі той шукае скарб. У выніку ўсе, уключаючы гледачоў, знаходзяць ісціну: маўляў, "чужое багацце нікому не на карысць". І сам сюжэт, і музыка ХVIII ст. дакладна ўпісваюцца ва ўлонне еўрапейскага класіцызму з яго павучальнасцю, любоўю да пастаральных сцэн, пераапрананняў, падманных "чараўніцтваў" ды іншых тыпізаваных сюжэтных фабул, падпарадкаванасцю інтанацыйным і жанравым "формулам". Ну, а якія чараўніцтвы на адноўленай сцэне Вялікага тэатра, нашпігаванай сучаснымі тэхналогіямі, падрыхтуюць "госці з ТЮГа" - галоўны "юначы" рэжысёр Наталля Башава і яе паплечніца, галоўны мастак Ала Сарокіна - пабачым. Дадамо, што музычнае кіраўніцтва ажыццяўляе дырыжор Вячаслаў Воліч, знакаміты нацыянальнымі опернымі праектамі, балетмайстрам выступае Уладзімір Іваноў-старэйшы, а хормайстрам - Ніна Ламановіч (у арыгінале, дарэчы, хор адсутнічае). Інтрыгуе і тое, што пастаноўку плануецца паказваць таксама "на выездзе" - у Нясвіжы, Міры, іншых старадаўніх замках ды палацах.