“КУФАР- РАДЦА”

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

Мы не выпадкова звярнуліся да пісьменніка Мікалая Чаргінца, рыхтуючы да друку п’есу “Паэтычны батальён, або Ружы на гімнасцёрцы”, бо ён — з таго пакалення сучасных беларускіх творцаў, праз чый лёс у “сороковые-роковые” пракацілася смяротнае кола той вайны. Ён дзіцем перажыў акупацыю Мінска, бачыў на свае вочы, як вызвалялі савецкія войскі і партызаны нашу сталіцу... Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі падзяліўся сваёй пазіцыяй адносна літаратурных твораў, прысвечаных падзеям 1941 — 1945 гг., ацэнкі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў у кантэксце сучасных міжнародных адносін, а таксама ўспамінамі пра Мінск ліпеня 1944-га.

"На вякі, а не на дзесяцігоддзі!"

- Абсалютна зразумела: тэма той страшнай вайны ў літаратуры павінна працягвацца. Мы ведаем: вайна - самае жахлівае, што можна ўчыніць супраць чалавека. І злачынства, і дзеянне, якое прыніжае ягоную чалавечую годнасць, пазбаўляе дзяцей дзяцінства, не дае людзям жыць, працаваць... Таму так многа і напісана пра Вялікую Айчынную вайну пісьменнікамі-ветэранамі, а таксама тымі, каму не давялося ваяваць, але хто добра памятае тыя гады.

 Апошнім часам усё часцей чуюцца галасы: мо хопіць ужо пісаць на гэтую тэму, дастаткова: маўляў, сказана - і адсечана?!. Але тут мне прыгадваецца нядаўні сход краін-пераможцаў у Другой сусветнай, які адбыўся ў Германіі. Там паспрабавалі падвесці вынікі вайны. І якія ж яны атрымаліся? Ужо савецкія войскі названы "ордамі з Усходу", а пра тое, што гэта былі вызваліцелі Еўропы, - ні згадкі! Перамога ж прыпісваецца толькі амерыканцам, англічанам і французам. Усё гэта насцярожвае. У сувязі з гэтым, я лічу, што неабходна як мага больш даследаваць тую вайну. І моладзі, маладым талентам, трэба далучацца да гэтай тэмы, каб яна засталася на вякі, а не проста на дзесяцігоддзі. Для гэтага і ствараюцца новыя творы - кнігі, п'есы, оперы, кінафільмы.

 ***

Я прачытаў п'есу "Паэтычны батальён, або Ружы на гімнасцёрцы". У гэтым творы, чый жанр вызначаны аўтарам як "ваенная паэма", і сапраўды багата вершаў. Але важная не толькі форма. Добра, што сярод моладзі ў нас знаходзяцца такія адораныя асобы, хто не прысвячаесябе "попсу", здабыванню грошай сродкамі мастацтва, а спрабуе асэнсаваць і адлюстраваць у творы тое гора, якое давялося перажыць пакаленню, што выстаяла і дало магчымасць сваім нашчадкам жыць спакойна. П'еса чытаецца. Я ўпэўнены: яе агучванне, пастаноўка дазволяць моладзі яшчэ раз задумацца пра тое, што ў наш час немагчыма пражыць без Памяці. Загінуў кожны трэці беларус, а гэта значыць - неабходна ведаць праўду аб усім, што ўчынілі фашысты на тэрыторыі нашай рэспублікі, пра ўнёсак, паўтаруся, старшага пакалення ў справу аднаўлення - гэта тытанічная праца: бацькі і дзяды прайшлі ўсю вайну, не шкадуючы ні сваіх сіл, ні здароўя, адстаялі нашу Радзіму. Але не будзем забывацца і пра лёсы тых, хто стаў інвалідам, быў вязнем жахлівых лагераў смерці, якія стваралі на тэрыторыі нашай ды іншых краін фашысты, малалетніх ахвяр канцлагераў, дзе гітлераўцы забіралі кроў, каб аддаць сваім салдатам...

Мяркую, гэтая п'еса дазволіць яшчэ раз звярнуць увагу чытачоў і гледачоў на каштоўнасці, якія не знікаюць. Такія творы патрэбны як памяць. Яны заклікаюць да разваг у любым выпадку лепш зрабіць усё магчымае, каб не было ўзброеных супрацьстаянняў. Такія творы, вядома, паслужаць справе міру, з'явяцца прыкладам для маладога пакалення і стануць знакам памяці пра ваенны час. У шэрагах Саюза пісьменнікаў Беларусі сёння - 23 удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. У Мемарыяльнай зале Доме літаратара мы размясцілі партрэты ўсіх пісьменнікаў-франтавікоў. Тут і твары тых, хто загінуў на палях бою, і партрэты тых майстроў слова, якія вярнуліся з вайны, чые творы сёння чытаюць мільёны аматараў кніжнага слова не толькі ў Беларусі. Лічу, што і п'еса, якую прапаноўвае сваім чытачам "Культура", - таксама ўнёсак у справу захавання памяці літаратараў-франтавікоў і, у нечым, своеасаблівае дапаўненне да нашай залы.

***

Я не ваяваў на Вялікай Айчыннай, але мае дзіцячыя вочы бачылі разбурэнні, самыя жахлівыя злачынствы супраць чалавецтва, якія ўчынялі фашысты на нашай зямлі. Забойствы, пакаранні смерцю мірных жыхароў - жанчын, старых, дзяцей... І пагражала ўсё гэта ў той час не толькі тым, каго падазравалі ў супраціўленні акупантам, але і любому нашаму грамадзяніну. Як сёння памятаю шыбеніцы на Камароўцы, дзе немцы, калі вешалі мінчан, звязвалі ім рукі калючым дротам, а на шыі прымацоўвалі драўляную таблічку з надпісам "Я - партызан" або "Мая сям'я дапамагала партызанам". Часам такія абвінавачванні былі беспадстаўнымі: галоўным жа было - напужаць, запалохаць народ. У памяці маёй і гета на Танкавай... Да вайны ў адным з дамоў на яго месцы жыла наша сям'я: у бацькоў было сямёра дзяцей. Калі немцы выгналі нас адтуль. Разам з тым, я добра памятаю і радасныя дні вызвалення, Перамогі... Перад самым адступленнем фашысты падрывалі буйныя будынкі ў горадзе. Я ведаў, што яны рыхтуюць падрыў трох найбольш значных з ацалелых мінскіх гмахаў - Дома Урада, Опернага тэатра і Дома афіцэраў. Апошні, нягледзячы на шматлікія ўнутраныя пашкоджанні, стаяў цэлым. Я рады, што і тая інфармацыя, якую перадавалі мае старэйшыя сёстры і маці, таксама дапаўняла звесткі пра планы фашыстаў. У тым ліку і дзякуючы маім родным нашы войскі змаглі захапіць гэтыя будынкі і не далі іх узарвацьворагу. Я добра памятаю, як напярэдадні вызвалення горада ў нашу сям'ю прыйшоў чалавек і паведаміў: "Калі вы ў бліжэйшыя дзве гадзіны не пакінеце Мінск, ваша сям'я будзе схоплена і расстраляна". Гэта было за 4 дні да вызвалення. Нам дапамаглі выйсці за абкружаны трыма радамі дроту горад, і мы, сямёра дзяцей і маці, хаваліся некалькі дзён у склепе хаты нашых родзічаў з вёскі Мар'яліва. І вось у добры сонечны дзень да вёскі пад'ехалі некалькі матацыклістаў, за імі - грузавая машына-"паўтаратонка", дзе сядзелі нашы салдаты, за імі цягнуліся калоны. Вядома, прыпынак у гэтым населеным пункце быў кароткім. І сустракалі вызваліцеляў жыхары вёскі, чым маглі: малаком, у некага знайшліся яйкі - усё аддавалі салдатам са слязамі радасці на вачах, радуючыся, што прыйшлі нашы. А затым войскі рушылі далей у напрамку Мінска, і наша сям'я паехала за імі дамоў, на вуліцу Цнянскую, дзе ў доме № 45 давялося туліцца ў вайну. Пасля прыехалі гаспадары гэтага дома, і мы пачалі ўладкоўвацца ў раёне Камароўкі.

***

Мінск у першыя пасляваенныя дні пакідаў уражанне прыгнечанае. Амаль усе будынкі, вышэйшыя за два паверхі, аказаліся разбуранымі - гэта былі суцэльныя руіны. З гэтай нагоды мне прыгадваецца цыкл публікацый у адной з газет. Аўтар (ён прадставіўся як жыхар тагачаснага Мінска) распавядаў пра тое, як цяжка было ў акупацыі. Праўда, чамусьці ў апошнім нумары напісаў, што наш горад амаль не пацярпеў, не быў разбураны. Але ж Мінск быў на дзевяноста з нечым працэнтаў разбураны! У той час нават выказвалася прапанова не будаваць горад на гэтай тэрыторыі, а перанесці ў іншае месца. Але з дня ў дзень мінчане выходзілі на расчыстку завалаў (спачатку - вуліц, пасля - руін дамоў), затым будаваліся першыя дарогі, напрыклад, праспект Сталіна і Савецкая вуліца. Па іх пайшоў і першы трамвай. Гэта была вялікая радасць! Пасля на вуліцы выйшлі і тралейбусы, аднак менавіта тыя першыя трамваі праязджалі каля неразабраных яшчэ развалін. Мінаючы іх, нельга было не адзначыць, якая тытанічная праца робіцца мінчанамі. Яшчэ я памятаю радасць на вачах маці, калі адмянілі картачную сістэму. Вялікай радасцю ў нашай шматдзетнай, ды, мусіць, і ў любой іншай, сям'і сталася першае зніжэнне цэн, асабліва на харчовыя тавары. Памятаю, як запрацавалі нашыя магутныя прадпрыемствы: завод Леніна, МАЗ, Трактарны... І зноў жа ўсеагульнай радасцю быў выхад з канвеераў першых машын і трактароў. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, першыя пасляваенныя гады - час пазнання шчаслівых момантаў Перамогі не толькі ў вайне, але і ў мірным жыцці. І сёння ў гэтым пераконваешся: дастаткова толькі зірнуць на Мінск, адну з найпрыгажэйшых сталіц Еўропы, абласныя гарады і нават невялікія населеныя пункты. Усе яны выклікаюць здзіўленне ў замежнікаў, у тым ліку і з Захаду, уражваючы сваёй чысцінёй, прыгажосцю, архітэктурай. І гэта яшчэ адзін доказ таго, наколькі неацэнны ўклад быў зроблены ў будучыню стваральнай працай на беларускай зямлі ў пасляваенныя гады.

 

***

Пасля сустрэчы з Мікалаем Іванавічам Чаргінцом наведваю Мемарыяльную залу ў сталічным Доме літаратараў. Гэта не проста дыхтоўна адноўленае памяшканне з партрэтамі, а яскравы прыклад ушанавання памяці калег старэйшых пакаленняў... 209 твараў літаратараў... Іх узрост - збольшага, ад дваццаці да трыццаці гадоў... А былі ж і тыя, хто пайшоў у партызанскія атрады ў дванаццаць-трынаццаць гадоў, "сыны палка". Многія з іх так і засталіся навечна маладымі... Некаторыя з фотаздымкаў пісьменнікаў - удзельнікаў Вялікай Айчыннай у абноўленай зале зроблены яшчэ да вайны. Нельга не заўважыць тую розніцу ў позірках вачэй гэтых юнакоў, Рубіконам чыйго жыцця стала дата "22 чэрвеня 1941 года". Сур'ёзныя, суровыя, стомленыя, яны - радавыя, сяржанты, лейтэнанты - пранеслі праз усю вайну не толькі веру ў Перамогу, мужнасць і адвагу, але і любоў да таго, вечнага, "з легендаў і казак былых пакаленняў" зберажонага, - роднай мовы, беларускага слова. Чамусьці адразу, хоць гэты партрэт і размешчаны сярод соцень іншых, мой погляд падае на твар Аляксея Коршака - аднаго з персанажаў п'есы ў гэтым выпуску "Куфра-радцы". На гэтым "мемарыяльным партрэце пакаленняў" знаходжу і лейтэнанта Мікалая Сурначова. Як склаўся іх ваенны лёс? Як загартавала іх сэрцы, зброю і радок Вялікая вайна - Вайна Айчынная? Аб гэтым духоўным сталенні і паспрабаваў паразважаць аўтар "Паэтычнага батальёна...".

Фёдар АФАНАСЬЕЎ