Права на імя

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

Здавалася б, найлепшае прызнанне вартасці песні — калі людзі лічаць яе народнай. Такая памылка прыемная і красамоўная, але ўсё ж яе варта выпраўляць. І таму не хваравітыя амбіцыі, а жаданне звярнуць увагу на свае законныя правы прымусіла кампазітара з Баранавічаў Міхася СКРУНДЗЯ звярнуцца з лістом у рэдакцыю “К”. Пракаменціраваць ліст Міхася Скрундзя мы папрасілі галоўнага спецыяліста аддзела аўтарскіх і сумежных правоў Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Андрэя ЛУЧАНКА.

Супярэчлівае пачуццё

 Сябар пытаецца ў сябра: "Што такое супярэчлівае пачуццё?" А той адказвае: "Гэта калі твая цешча ляціць у бездань на тваім аўто". Вось у такім становішчы я знаходжуся каторы год. Справа ў тым, што песні, якія склаў я, лічаць людзі народнымі. З аднаго боку, гэта вельмі прыемна, а з іншага - я ўсё ж такі аўтар, і хацелася б, хаця б разок, пачуць сваё прозвішча, калі спяваюць тваю песню, асабліва - у той час, як яна гучыць на рэспубліканскім узроўні: па радыё і тэлебачанні. На мінулым фестывалі "Песні маёй краіны" пасля выканання адным з калектываў маёй песні старшыня журы пытаецца ва ўдзельнікаў, хто яе напісаў. І ў адказ чуе: бабруйскі народ. Добра. Я магу ўявіць, што яны пачулі недзе песню "Гаворка беларуская", але ж з экрана твор прагучаў у аранжыроўцы нашага гурта "Фэст", зробленай яго кіраўніком І.Кусцінскім. Тут узнікае думка, што ўдзельнікі калектыву чулі песню менавіта ў нашым выкананні, бо аранжыраваць так сама амаль што немагчыма. Хіба што людзі па думках павінны быць блізнятамі. Таму ўзнікае пытанне: або людзі папросту не пацікавіліся, хто аўтар гэтага твора, або наўмысна прыпісалі яго "народу"? Другі выпадак: у 1996 годзе ідзе па тэлебачанні дзіцячы фестываль "Усе мы родам з дзяцінства". Выходзіць вядучая і аб'яўляе чарговы нумар: "Беларуская народная песня "Ой, братка-беларус". І зноў я маю супярэчлівае пачуццё і не ведаю, як рэагаваць: ці радавацца, ці сумаваць. Адно ўсцешна: кіраўнік калектыву, які спяваў гэтую песню, напісаў мне ліст з прабачэннем за такую недарэчнасць. Але ж у праграмцы ансамбля "Харошкі" пад песняй "Братка-беларус" чытаю: "Беларуская песня". А ты як бы ні пры чым. Ансамбль беларускай меншасці ў Польшчы "Прымакі" таксама вельмі доўга аб'яўляў яе як беларускую народную. І такіх выпадкаў шмат. Але найбольш крыўдна, калі песню, якую склаў ты, людзі называюць сваёй і, да таго ж, абвінавачваюць цябе ў плагіяце. Узяць, да прыкладу, "Дажынкі" ў горадзе Рэчыца. Адтуль мне тэлефануюць сябры і кажуць: "Міхась, тут спяваюць тваю песню "Здумала маці мяне ажаніць". Я толькі ўзрадаваўся: значыць, пайшла мая песня ў народ! "Але ж тыя, хто спявае яе, называюцьпесню сваім творам", - гавораць сябры. Больш за тое: гэтыя людзі, знайшоўшы мой нумар мабільнага, пачалі пагражаць за тое, што я нібыта скраў у іх песню. Не хачу паведамляць, які гэта калектыў і адкуль ён, бо праз два дні людзі з гэтага калектыву... папрасілі ў мяне прабачэння. Дарэчы, хачу сказаць: усе правы на свае песні я ўжо даўно зарэгістраваў у Нацыянальным агенцтве інтэлектуальнай уласнасці. І вось з усяго вышэйсказанага як вынік узнікае думка, што арганізатарам розных канцэртаў і фестываляў трэба больш патрабавальна ставіцца да рэпертуару выканаўцаў і больш дакладна вызначаць аўтараў твораў, якія яны выконваюць, каб не было такіх прыемна-непрыемных непаразуменняў і не ўзнікала супярэчлівага пачуцця. Міхась СКРУНДЗЬ, удзельнік гурта вандроўных музыкаў "Фэст" г. Баранавічы, народнага аматарскага аб'яднання "Крок" (Баранавіцкі раён), лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў складзе гурта "Фэст"

Замацаваны навечна

 - Закон аб аўтарскім праве Рэспублікі Беларусь надзяляе аўтара комплексам маёмасных і немаёмасных правоў. У іх ліку - права на імя і права на аўтарства. Гэтыя правы замацаваны за аўтарам навечна і не могуць быць перададзены ім камусьці іншаму, нават па ўласнай волі. Менавіта пра іх парушэнні перш-наперш і вядзецца гаворка ў дадзеным лісце. Права на імя - гэта права аўтара выкарыстоўваць або дазваляць выкарыстанне твора пад сваім сапраўдным імем, псеўданімам або ананімна. Толькі сам аўтар можа абіраць найбольш прымальны для сябе варыянт з гэтых трох. Тыя ж, хто плануе выкарыстоўваць гэты твор, мусяць перш-наперш звярнуцца да яго стваральніка- не толькі для таго, каб атрымаць ягоную згоду на выкананне, але і каб запытаць, які подпіс мусіць стаяць побач з творам. Але тут адразу адзначу адзін прынцыповы момант. Рэч у тым, што механізмы рэалізацыі маёмасных і немаёмасных правоў істотна адрозніваюцца. Паводле сусветнай практыкі, аўтар музычных твораў зазвычай адстойвае свае маёмасныя правы не самастойна, а з дапамогай арганізацый па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі. На Беларусі яна адна - Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. Адпаведна, падпісаўшы дамову з намі, кампазітар або паэт не мусіць заключаць іх паасобку з кожнай FM-станцыяй або канцэртнай пляцоўкай, на якой гучаць яго песні, - гэтыя дамовы заключаем мы, а потым збіраем адпаведнае ўзнагароджанне і пералічваем яго аўтарам. Пагадзіцеся, такая схема досыць зручная для аўтараў, і таму большасць з іх ахвотна заключаюць з намі адпаведныя дамовы. У тым ліку і шаноўны Міхась Скрундзь - як вынікае з яго ліста. На падставе звестак, што дасылаюць нам карыстальнікі, мы адсочваем кожны выпадак выкарыстання музычных твораў - не толькі на канцэрце або ў радыёэфіры, але нават і ў выглядзе рынгтонаў - і кантралюем аўтарскія адлічэнні. Летась прынята пастанова аб зборы ўзнагароджвання за перазапіс дыскаў або касет у хатніх умовах - яго плацяць вытворцы дыскаў і адпаведнага абсталявання. Праўда, пакуль што многія гэтую пастанову ігнаруюць - на свае страх і рызыку. Таму калі кампазітар не будзе атрымліваць адпаведнага ўзнагароджання за выкананне сваіх твораў, ён можа разлічваць на нашу падтрымку. Што да немаёмасных правоў... Ініцыятыву па іх абароне павінны праяўляць самі аўтары: мы папросту не маем такіх паўнамоцтваў і можам хіба што дапамагчы. Паўтаруся: паводле беларускага заканадаўства, немаёмасныя правы належаць самім аўтарам, і перадаць іх камусьці іншаму яны не могуць. Што трэба зрабіць для абароны немаёмасных правоў? Перш-наперш - звярнуцца да парушальнікаў, а калі мірна паразумецца з імі не ўдасца, сабраць належныя доказы і падаваць у суд. Зразумела, што творчаму чалавеку не надта прыемна займацца судовымі цяжбамі. Але затое, лічу, само паўстанне падобныхпрэцэдэнтаў павінна дысцыплінаваць тыя арганізацыі, якія нясуць адказнасць за выкананне аўтарскіх правоў. Ніхто з іх не захоча фігураваць у якасці адказчыка і выплачваць кампенсацыю. Што да згаданай у лісце спрэчнай сітуацыі з аранжыроўкай песні... Тут магу акрэсліць толькі прынцыповыя моманты, не датычныя канкрэтнай сітуацыі. Аранжыроўка твора - гэта від яго выкарыстання, і таму на яе таксама распаўсюджваецца аўтарскае права. Аранжыроўшчык можа патрабаваць, каб пры распаўсюджванні або публічным выкананні твора згадвалі яго імя. А вось што тычыцца аўтарскіх узнагароджанняў, тут ужо складаней: аўтар аранжыроўкі можа мець на іх права ў тым выпадку, калі аўтар арыгінальнага твора вызначыў яго правамоцнасць дакументальна.

Парушальнікі па неасцярожнасці

- У дадзеным выпадку спрэчкі аб аўтарстве як такой няма. Ніхто не сцвярджае, што аўтарам песень з'яўляецца не Міхась Скрундзь, а нейкая іншая асоба. Варта таксама нагадаць, што немаёмасныя правы аўтара могуць быць парушаны не толькі наўмысна, але таксама, карыстаючыся юрыдычнай фармулёўкай, і "па неасцярожнасці". Такая акалічнасць, натуральна, не пазбаўляе парушальнікаў ад адказнасці, прадугледжанай, у тым ліку, і Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь. Хто вінаваты ў дадзеным выпадку - выканаўцы або тыя арганізацыі, якія прадастаўлялі ім пляцоўкі ці эфір, - вызначаць не бяруся. Вычарпальны адказ на гэтае пытанне, у любым выпадку, можа даць толькі суд. Але, без сумневу, кампазітар можа патрабаваць кампенсацыю за парушэнне сваіх немаёмасных правоў - вядома, тады, калі ён мае дастатковыя доказы такіх фактаў. Канфліктныя сітуацыі ў сферы аўтарскіх правоў лепей не вырашаць, а прадухіляць. Тым больш, што гэта магчыма. Калі б згаданыя ў лісце калектывы і арганізацыі своечасова паставілі пытанне аўтарства ўпадабаных імі песень, думаю, ніякіх непаразуменняў наогул бы не ўзнікла. Вы пытаеце, як можна вызначыць імя аўтара той або іншай песні? У дадзеным выпадку - вельмі проста. Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці мае базу даных, куды занесены прозвішчы ўсіх аўтараў, што падпісалі з намі адпаведныя дамовы, назвы ўсіхіхніх твораў. Таму калі ў кагосьці ўзнікаюць пэўныя сумневы - ці мае тая або іншая песня канкрэтнага аўтара, альбо яе і сапраўды стварыў беларускі народ? - можна звярнуцца да нас. Цалкам верагодна, што мы здолеем адказаць на гэтае пытанне. Між іншым, адзін з пунктаў дамовы, якую мы заключаем з карыстальнікам, абавязвае яго прымаць меры па ахоўванні асабістых немаёмасных правоў аўтара. І шкада, што гэтыя захады робяцца не заўсёды. Дарэчы тут будзе адзначыць і яшчэ адзін момант. Аўтарскае права вынікае з самога факта існавання твора і ніякага дадатковага пацвярджэння не патрабуе. Але аўтар, які заключыў дамову з НЦІУ, павінен не марудзіць з рэгістрацыяй у нас сваіх новых твораў. Адразу пасля гэтага звесткі пра іх з'яўляюцца ў базе даных.

Ведаць, што трэба адстойваць

 - Практычна штодня мне тэлефануюць аўтары, каб атрымаць кансультацыю па тым або іншым пытанні. Вось і да сустрэчы з вамі мусіў адказаць на некалькі званкоў. І таму вельмі хацелася б агучыць адно пажаданне (безадносна да ліста шаноўнага Міхася Скрундзя). Аўтары павінны ведаць свае правы. Часам здараюцца ўвогуле казусныя сітуацыі. Мне тэлефануюць і пытаюцца: калі ж, нарэшце, будзе прыняты Закон аб аўтарскім праве? Я адказваю: ведаеце, такі закон існуе з 1996 года, ды і раней дадзеная праблематыка рэгулявалася Грамадзянскім кодэксам. Няўжо гэта так складана: узяць у рукі невялічкі дакумент і ўважліва яго прачытаць? А ўжо потым звяртацца па кансультацыю. Куды прасцей працаваць з тымі людзьмі, якія валодаюць пэўнай заканадаўчай базай. Агульная праблема на Беларусі заключаецца ў тым, што аўтары не праяўляюць вялікай актыўнасці ў справе адстойвання ўласных правоў, і асабліва - менавіта немаёмасных. Паглядзіце: імёны стваральнікаў песень, якія гучаць на нашых радыёстанцыях, зазвычай не згадваюць. У тэлеэфіры аўтары згадваюцца, але вельмі сціпла: напрыклад, адным спісам, у цітрах напрыканцы канцэрта. І амаль ніхто з кампазітараў не выказвае з гэтай нагоды свайго абурэння - або, прынамсі, не выказвае яго ўслых, не патрабуе выканання сваіх правоў. Хаця калі б гэтая кампанія мела шырокі размах, упэўнены, што аўтарам удалося б змяніць сітуацыю. Тамувельмі рады, што кампазітар Міхась Скрундзь не хоча мірыцца з парушэннем уласных правоў. Калі такі рух аўтараў стане пастаянным, ён абавязкова дасягне вынікаў. * * * Магчыма, хтосьці лічыць, быццам аўтарскае права датычыць адно вялікага шоу-бізнесу, а не аматарскай творчасці, якая матэрыяльных прыбыткаў нікому зазвычай не прыносіць. Але беларускае заканадаўства сведчыць пра тое, што такія стэрэатыпы - цалкам памылковыя. Закон адзіны для ўсіх - для майстроў і дылетантаў, для геніяў і графаманаў. Кожны з іх мае аднолькавае права на ўласныя творы. У тым ліку - права бачыць побач з уласным творам сваё імя. І забеспячэння гэтага права вымагае ад усіх, хто займаецца народнай творчасцю, толькі аднаго - павагі і карэктнасці. Пра грашовыя адлічэнні аўтар ліста нават не згадваў.

 Ілля СВІРЫН