Квітней, Прыдняпроўе, цвіці фестывалямі!

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

22 мая творчую справаздачу, прысвечаную 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, трымала Магілёўшчына. Разгарнулася свята настолькі магутна, што плошча перад Палацам Рэспублікі віравала з ранку да вечара.

Пад час гала-канцэрта ў Палацы да гасцей і ўдзельнікаў звярнуўся старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Руднік:

Словы ўдзячнасці і чалавечай цеплыні ён падарыў, найперш, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны:

- Вы здзейснілі немагчымае: коштам неймаверных намаганняў выканалі свой абавязак і разграмілі агрэсара. Наша ардэнаносная вобласць унесла годны ўклад у Перамогу. 114 ураджэнцаў Магілёўшчыны сталі Героямі Савецкага Саюза, 23 - удастоены звання поўных кавалераў ордэна Славы, тысячы нашых землякоў узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі... Хачу выказаць вялікую прыязнасць і ўдзячнасць франтавікам, партызанам, падпольшчыкам, удзельнікам Руху супраціўлення, вязням канцлагераў, працаўнікам тылу - усім тым, хто выстаяў у смяротнай схватцы з ворагам. Мы пакланяемся вашай бессмяротнай мужнасці і схіляем галовы ў знак пашаны.

Адзначаючы цяперашнія дасягненні, П.Руднік пералічыў імёны ўсіх старшынь аблвыканкама, кожнае з якіхпубліка вітала гучнымі і працяглымі апладысментамі. Асаблівыя словы ўдзячнасці былі накіраваны Прэзідэнту краіны Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку - "за тое, што ў нялёгкі час сваімі рашэннямі падтрымаў шэраг заводаў Магілёўшчыны і тым самым дапамог тысячам людзей не страціць працу".

/i/content/pi/cult/210/2489/3-1.jpg

 Прызнаннем у любові да роднага краю сталася ўся творчая справаздача. Яшчэ зранку ў галерэі "Універсітэт культуры" ўрачыста адкрылася выстаўка "Сучаснае мастацтва Магілёўшчыны". Плошча перад Палацам Рэспублікі змяшчала Горад майстроў, безліч павільёнаў і ажно тры сцэнічныя пляцоўкі. На адной выступаў духавы аркестр. На другой - артысты эстрады і аматарскія народныя калектывы. На трэцяй - рабіў сваю прэзентацыю Міжнародны фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.Дуніна-Марцінкевіча.

 Асобны куточак - са зброяй, пушкамі, салдатамі- уяўляў з сябе падарожжа ў часы напалеонаўскай кампаніі. Добра было прадстаўлена сельскагаспадарчае падвор'е, рамесніцкія вырабы. Змясціліся і шапавальня з вырабленымі валёнкамі, і жывы гусак, што паважна праходжваўся ў вальеры. А колькі было вырабаў з дрэва, гліны, бісеру! Можна было спыніцца ля стэнда ўстаноў прафесійна-тэхнічнага навучання, паназіраць за кавалямі, вырабам драўляных скульптур, за мастачкамі, якія малявалі партрэты мінакоў ды кветкі.

Насупраць Горада майстроў разгарнуўся сучасны "кірмаш" - прадпрыемствы Магілёўшчыны вялі продаж сваіх вырабаў.

 А колькі цікавага чакала гасцей у самім Палацы! Ужо на ўваходзе кожны атрымліваў замест праграмкі чатырохпалосную газету "Прыдняпроўе - любоў мая!", што змясціла як статыстычныя даныя, так і асобныя артыкулы, якія характарызавалі сучасны стан развіцця розных сфер жыцця Магілёўшчыны. На лесвіцы публіку сустракалі дзяўчаты з Тэатра моды, што прэзентавалі калекцыю з Бабруйска. Былі прадстаўлены і жывапісныя пейзажы, зробленыя пераважна ў рэалістычнай манеры, у тым ліку ў працяг традыцый Бялыніцкага-Бірулі (дарэчы, тэмы яго карцін прасочваліся і ў відэааздабленні канцэрта). Стэнд, прысвечаны міжнародным пленэрам у гонар П.В. Масленікава, падрыхтаваў Абласны мастацкі музей, што носіць яго імя.

Экспазіцыя ў фае, дзе граў ансамбль цымбалістаў, нагадвала штосьці накшталт "дайджэсту" вулічных паказаў: валёнкі, саламяныя, драўляныя, керамічныя вырабы, свісцёлкі, кветкі з саломкі, лялькі, жаночыя грэбні, коўшык, іншыя побытавыя прылады. Пра Днепр нагадвала "водная" тэматыка: старая ладдзя ў выглядзе дракона, керамічныя рыбы (між іншым, менавіта тыя, што водзяцца ў рэках Беларусі) ды жабянятка. У цэнтры ж экспазіцыі апынулася плеценая з саломкі калыска - як сімвал сям'і, сувязі пакаленняў, прадаўжэння роду і традыцый. Увогуле, фае атрымалася вельмі светлым, "празрыстым", бо шкляныя выставачныя вітрыны, што ўтрымлівалі вырабы як аматараў-пачаткоўцаў, так і прызнаных майстроў, не займалі шмат месца, пакінуўшы для гледачоў вольную прастору. Нечакана была пабудавана і драматургія гала-канцэрта. Пасля ўзнёслай уверцюры, дзе спалучыліся балетная класіка і фальклорныя абрадавыя дзеянні, уключаючы святкаванне Вялікадня, пачаўся святочны марафон фестываляў, што праходзяць на Магілёўшчыне. Кожнаму з іх прысвячаўся асобны канцэртны блок. Перад намі паўсталі "Сузор'е талентаў", што яднае творчыя сем'і, Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" ў Клімавічах, Міжнародны фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа", Міжнародны фестываль народнага мастацтва "Вянок дружбы" ў Бабруйску, нарэшце - знакаміты "Залаты шлягер" у Магілёве. Фінальным жа акордам сталі феерверкі і, вядома, кветкі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Надзея БУНЦЭВІЧ

На здымках: старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Руднік; пад час дзеі на Кастрычніцкай плошчы. Фота Юрыя ІВАНОВА

(Працяг тэмы - на стар. 11 - 13.)