Стаць годнымі прадаўжальнікамі!

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка: “ВАМ, НАШЧАДКАМ ПАКАЛЕННЯ ПЕРАМОЖЦАЎ, ДАВЕРАНА ВЯЛІКАЯ І БЯСЦЭННАЯ СПАДЧЫНА — МОЦНАЯ І НЕЗАЛЕЖНАЯ КРАІНА” 25 мая Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з адоранай моладдзю ў Зале ўрачыстых цырымоній Палаца Рэспублікі Добрай традыцыяй сталі сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з навучэнцамі і студэнтамі — пераможцамі міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэатамі і стыпендыятамі спецыяльных фондаў Кіраўніка дзяржавы па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і таленавітай моладзі. Вось і на гэтым тыдні, 25 мая, акурат у апошні дзень вучэбнага года, Прэзідэнт вітаў у Палацы Рэспублікі нашу адораную моладзь.

Ва ўрачыстай і адкрытай атмасферы Аляксандр Лукашэнка ўручыў маладым талентам нашай краіны ганаровыя адзнакі лаўрэатаў спецфондаў. Прэзідэнт падкрэсліў: "Сёння мы з гонарам можам сказаць, што беларуская зямля не збяднела на таленты, а сістэма дзяржаўнай падтрымкі маладога пакалення інтэлектуальнай і творчай эліты даказала сваю дзейснасць і эфектыўнасць".

І сапраўды, пра гэта сведчаць надзвычайная "ўраджайнасць" мінулага года на высокія адзнакі нашай моладзі: 33 беларускія школьнікі сталі пераможцамі міжнародных алімпіяд і прывезлі на Радзіму 7 залатых, 14 сярэбраных і 12 бронзавых медалёў. Зрэшты, гэта - толькі вяршыня вялікай і сістэмнай працы, што праводзіцца ў краіне, кіруючыся Дзяржаўнымі праграмамі "Дзеці Беларусі", "Моладзь Беларусі" і "Маладыя таленты Беларусі", дзякуючы якім "падрастаючае пакаленне мае магчымасць атрымліваць сучасную, якасную адукацыю, развіваць свае здольнасці і творчыя імкненні, паўнацэнна адпачываць. Мы будзем і далей рухацца ў такім накірунку", - запэўніў Прэзідэнт. Тым больш, для гэтага ў Беларусі маецца грунтоўная матэрыяльна-тэхнічная база: для задавальнення пазнаваўчых інтарэсаў навучэнцаў у кожнай гарадской і вясковайшколе створана сетка факультатываў і гурткоў разнастайнай скіраванасці. Найбольш здольныя дзеці атрымліваюць адукацыю ў 196 гімназіях і 33 ліцэях, для юных музыкантаў, мастакоў, артыстаў у краіне дзейнічае больш за 500 дзіцячых школ мастацтваў.

 Сярод значных культурных падзей мінулага года з удзелам беларускай моладзі Прэзідэнт адзначыў той факт, што летась краіна ўпершыню прымала Маладзёжныя Дэльфійскія гульні дзяржаў - удзельніц СНД, паклаўшы ў айчынную "скарбонку" 13 залатых, 18 сярэбраных і 14 бронзавых медалёў. Не абышоў сваёй увагай Аляксандр Лукашэнка і перамогу юнай спявачкі Крысціны Святлічнай на міжнародным конкурсе "Дзіцячая Новая хваля2008". Адзначаючы, што наша краіна знаходзіцца напярэдадні маштабнага святкавання 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Прэзідэнт, звярнуўшыся да прысутных, зазначыў: "Вам, нашчадкам пакалення пераможцаў, даверана вялікая і бясцэнная спадчына - моцная і незалежная краіна. Таму так важна стаць годнымі прадаўжальнікамі нашых слаўных традыцый, расці мужнымі, перакананымі патрыётамі, канкрэтнымі справамі пацвярджаючы любоў да роднай краіны".

Аляксандр Лукашэнка заклікаў маладых людзей не растрачваць свае таленты, а актыўна і мэтанакіравана ісці далей выбраным шляхам, быць адданымі любімай справе і цаніць галоўны рэсурс - час, які не стаіць на месцы. І ў адказ на гэтыя шчырыя і цёплыя словы знамянальная падзея ў зале ўрачыстых цырымоній Палаца Рэспублікі завяршылася канцэртам з удзелам новых лаўрэатаў прэзідэнцкіх фондаў.

 Таццяна КОМАНАВА