Ёсць на Валожыншчыне вёска Сакаўшчына, дзе жыве вядомы мясцовы народны майстар Марыя Стасяловіч. Марыя Мікалеўна зараз тчэ "на нагу", а раней рабіла гэта пры дапамозе спецыяльнай дошчачкі з замацаванымі адпаведным чынам цвічкамі.
Свайму майстэрству Марыя Мікалаеўна навучае дзяцей: вядзе гурток ткацтва "Чароўныя паясы" ў СакаўшчынскімСДК. У 2006 годзе яна стала лаўрэатам ІІ Нацыянальнай выстаўкі народнага мастацтва "Жывыя крыніцы", у 2007 - ІІ Рэгіянальнага свята-конкурсу вышыўкі і пляцення паясоў "Умельцы", а ў 2008 - IV свята-конкурсу майстроў ткацтва "Матчыны кросны", што праходзіў у Старых Дарогах. Летась, у снежні, Марыя Стасяловіч атрымала званне народнага майстра Беларусі.
- Колькі сябе памятаю, паясы пляла з дзяцінства, - гаворыць Марыя Мікалаеўна. - Працавала ўсё жыццё на ферме, і толькі выйшаўшы на пенсію, вырашыла вярнуцца да любімага калісьці занятку. І ўсё атрымалася! Адкуль толькі рукі помняць усё, чаму навучыла мяне маці?! Найбольш усцешна, што мае работы патрэбны людзям і, гэта асабліва прыемна, - моладзі. У Барысаве да нас падыходзілі хлопцы, куплялі пояс, тут жа ім падпяразваліся і так хадзілі пад час свята. Значыць, не дарма я працую, хоць і баляць рукі ды спіна, бо вялікі пояс трэба вязаць за два-тры дні...
Юрась ГАРЧАК