Валянціна Брысач. "Нёман улетку". |
На творчасць Валянціны Станіславаўны ўплываюць вандроўкі па маляўнічых мясцінах Прынямоння. Мастачку заўжды натхняюць родныя краявіды. На яе карцінах бачыш і адноўлены Аўгустоўскі канал, і веліч былога маёнтка Валовічаў у Свяцку, і "зачараваную" часам Каложскую царкву. Увагу наведвальнікаў выстаўкі прыцягваюць таксама кветкавыя кампазіцыі, на якіх пераліваюцца колеры яркіх макаў і сціплых рамонкаў, гнуткіх бярозак і шляхетных хрызантэм. А калі спыняешся ля твораў "Нёман каля Багатыровічаў" ці "Над Нёманам", ва ўяўленні нібы ажываюць вобразы з раманаў Элізы Ажэшка, якая ў сваіх творах таксама апявала сціплую прыгажосць гэтых мясцін. Сімвалічна, што выстаўка экспануецца у зале, размешчанай на вуліцы імя славутай пісьменніцы.
Аляксандра ДУБРАВІНА
Гродна