Пасяджэнне ў “... Сарокі”

№ 21 (889) 22.05.2009 - 29.05.2009 г

Штогод увесну культработнікі раёна збіраюцца на пасяджэнне гумарыстычнага клуба “Стракатая сарока”. Ужо шмат гадоў клуб дзейнічае пры Раённым арганізацыйна-метадычным цэнтры аддзела культуры Столінскага райвыканкама. У сяброўскім коле работнікі ўстаноў культуры жартуюць, забаўляюцца, адпачываюць, але пры гэтым і вучацца, пераймаюць перадавы вопыт работы.

/i/content/pi/cult/209/2482/12-1.jpg
 Чарговае пасяджэнне вялі метадысты РАМЦ Валерый Шуркала і Людміла Пуляк. Напачатку - жартоўная віктарына. У адказах на пытанні з падвохам не было роўных Мікалаю Кавалёву з Асаўскога сельскага дома культуры.

"Гамбургер" з баек уласнага сачынення і анекдатычных сітуацый прапанавалі членам клуба Уладзімір Гушча з Веляміцкага і Васіль Яхнавец са Стружскага СДК. А Таісія Платніцкая з Дубайскага і Варвара Белавус са Стружскага СДК выканалі прыпеўкі і байкі. Народны драматычны тэатр "Пагарынне" Столінскага ГДК паказаў урывак з новай п'есы "Як было ў нас..."

 Закончылася пасяджэнне віншаваннем. Начальнік аддзела культуры Васіль Заруба, старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры Людміла Пуляк, усе калегі ўшанавалі дырэктара Плотніцкага СДК Станіславу Валанцэвіч з юбілеем. Усё сваё жыццё Станіслава Васільеўна шчыравала на культурнай ніве. Яе ўстанова культуры - у ліку лепшых на Століншчыне. А сама юбілярка не ўяўляе сябе на іншым месцы і нават у вольны час прыходзіць у СДК, каб паспяваць для душы.

Галіна ГАШЧУК Столін

На здымку: дырэктар Плотніцкага СДК Станіслава Валанцэвіч прымае віншаванні ад начальніка аддзела культуры Столінскага райвыканкама Васіля Зарубы.

Фота аўтара