У чаканні бібліобуса
|
Карэліцкая цэнтральная бібліятэка, як, дарэчы, і дзіцячая, размешчана ў будынку раённага Дома культуры ў самым цэнтры гарадскога пасёлка: даволі зручнае і ўдалае месца для такіх запатрабаваных устаноў культуры. Як расказала дырэктар ЦБС Лілія Арцюх, на сённяшні дзень у Карэліцкім раёне дзейнічае 24 бібліятэкі: акрамя вышэйназваных, ёсць Мірская гарпасялковая бібліятэка і 21 сельская. Іх агульны кніжны фонд - больш за 440 тысяч экземпляраў.
За апошнія гады, па словах Ліліі Арцюх, шмат зроблена па аўтаматызацыі ўстаноў культуры. У сістэме налічваецца 19 камп'ютэраў, у 4 бібліятэках створаны мультымедыйныя цэнтры, на базе дзіцячай арганізаваны інфармацыйна-адукацыйны, выхад у Інтэрнет маюць 12 устаноў... Пры ЦБС адноўлена правядзенне Краязнаўчых чытанняў з удзелам вучоных з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Усё вышэйназванае "для даведкі" дадае і адметныя рысы ў "бібліятэчны" партрэт раёна. Але ж выніковасць працы мае быць падмацавана і эканамічна. Пацікавіўся тым, як выконваюць бібліятэкары план платных паслуг. Бо раённыя ўстановы культуры ў цэлым не справіліся з даведзеным заданнем: у супастаўных цэнах спрацавалі толькі на 108 працэнтаў. - Усе нашы бібліятэкі з планам спраўляюцца, - запэўніла Лілія Канстанцінаўна. - Летась зарабілі больш за 12 мільёнаў рублёў. А ўвогуле ў супастаўных цэнах да ўзроўню мінулага года па аказанні платных паслуг выйшлі на 119,4%, а за першыя тры месяцы бягучага года - на 114,3%. Каб і надалей прыцягваць чытачоў, кіраўніцтва ЦБС працуе і над увядзеннем новых паслуг: сёлета дадаткова ўвялі такія платныя паслугі, як выдача на дом электронных дакументаў з фондаў бібліятэкі, падбор і прагляд СD-ROM на камп'ютэры, сканіраванне дакументаў.
|
Акрамя новаўвядзенняў, хацелася б засяродзіць увагу на аптымізацыі ўстаноў ЦБС, праведзенай у раёне. І з тымі яе вынікамі, што, як бачыцца, далі не заўжды станоўчы плён. Калі ў пачатку 2003 года ў раёне дзейнічалі 40 бібліятэк, то з прычыны ўзбуйнення і ўвядзення мінімальных сацыяльных стандартаў іх колькасць спачатку зменшылася на 14: чатыры бібліятэкі скарацілі, дзевяць рэарганізавалі ў дамы сацыяльна-культурных паслуг, а адну перавялі ў катэгорыю "клуб-бібліятэка". У 2007 годзе былі закрыты яшчэ 2 установы: дзіцячая бібліятэка ў гарадскім пасёлку Мір і Кожаўская сельская бібліятэка.
Якім жа чынам культасветнікі абслугоўваюць тых чытачоў, хто пражывае ў вёсках, дзе скарацілі бібліятэкі? Тым больш, у раёне, дзе налічваецца амаль 160 населеных пунктаў? Вельмі здзівіўся, калі пачуў адказ. Па словах Ліліі Канстанцінаўны, кожную другую нядзелю месяца бібліятэкары абыходзяць тыя вёскі... пехатой. Таму з нецярпеннем чакаюць у Карэліцкім раёне бібліобус. Як запэўніла мяне начальнік аддзела культуры райвыканкама Нэлі Матлахава, у другой палове 2009 года раён павінен атрымаць аўтабібліятэку згодна з графікам набыцця гэтых машын абласным упраўленнем культуры Гродзенскага аблвыканкама. Зразумела, што без бібліобуса мясцовым бібліятэкарам ніяк не абысціся. Але варта падумаць і пра новыя формы работы. У той, старадаўні час, Радзівілы прываблівалі ў Мір гасцей з дапамогай шматлікіх кірмашоў, а мястэчка лічылася цэнтрам рамёстваў. Дык можа, варта было б разнастаіць працу бібліятэк рэалізацыяй пэўных вырабаў, шторобяцца сіламі шматлікіх гурткоў, якія існуюць пры бібліятэках раёна? Або заняцца выдавецкай дзейнасцю? Тыя ж паштоўкі, календары з краявідамі Карэліччыны, Міра з ахвотай разбіралі б шматлікія наведвальнікі такіх прывабных для турыстаў мясцін... Але да такога крэатыву бібліятэчныя работнікі пакуль яшчэ не прыйшлі...
Дзецям - у падзямелле?..
Пабываў у цэнтральнай гарадской і ў дзіцячай бібліятэках Карэлічаў. У чытальнай зале гарадской бібліятэкі папрасіў знайсці для мяне ў Інтэрнеце якую-небудзь інфармацыю, прыкладам, пра творчасць земляка-карэлічаніна Янку Брыля. Бібліятэкар, на жаль, не змагла адшукаць для мяне патрэбнай інфармацыі, спасылаючыся на тое, што ў іх існуе раздзяленне працы: яна займаецца краязнаўствам і запісамі ў краязнаўчую электронную базу, а іншая супрацоўніца - пошукам інфармацыі ў Інтэрнеце. Зразумела, і сам магу адшукаць патрэбную інфармацыю ў Сеціве, але не выключаны і такі выпадак, калі па інфармацыю прыйдзе пажылы чалавек або той, хто не ўмее весці такі пошук... Дзіўная рэч! Камп'ютэрны век на двары, у бібліятэцы даўно прэйскурант на адпаведныя паслугі ўведзены, а супрацоўніца з сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі не хоча "сябраваць". Ці зразумеюць яе зацікаўленыя ў такім сервісе чытачы? Тым больш, як сцвярджае Лілія Арцюх, кожны бібліятэкар той установы, дзе ўсталяваны камп'ютэр, два разы ў квартал цягам года наведвае аднадзённую камп'ютэрную школу, што дзейнічае пры ЦБС. А супрацоўнікі Карэліцкай гарадской бібліятэкі - яшчэ і тыднёвыя прафесійныя курсы ў Мінску, у чыю праграму абавязкова ўключаюцца заняткі па авалодванні камп'ютэрам. А вось у дзіцячай бібліятэцы - пытанне, якое перайшло яшчэ з мінулага стагоддзя. Загадчык установы Галіна Казак распавяла, што вельмі хацела б, каб з'явілася магчымасць пераехаць у асобнае памяшканне. Цяпер бібліятэка размяшчаецца ў цокальным паверсе РДК, і гэта, зразумела, не вельмі вабіць дзяцей. Па словах Галіны Іванаўны, у аддзеле культуры ім абяцалі цягам часу выдзеліць будынак пад дзіцячую бібліятэку, але справа з месца пакуль не зрушылася. Нэлі Матлахава кажа, што пераезд дзіцячай бібліятэкі ў іншы будынак пакуль не плануецца. Сапраўды, нягледзячы на рамонт, які зрабіў дзіцячую ўстанову больш прыгожай і дыхтоўнай, цокальны паверх - гэта амаль што сутарэнні. Тым больш, як гаварылі мне бібліятэкары, даволі часта гаспадарчая група аддзела культуры размяшчае ў калідоры, па якім ідуць юныя чытачы, розны гаспадарчы рыштунак, інструменты. Дарэчы, і пад час майго наведвання ўвесь калідор быў застаўлены паліцамі, тумбамі, старымі крэсламі, якія, канешне ж, не дадавалі эстэтычнага выгляду і перашкаджалі праходу наведвальнікаў. А між тым, гэта не проста чыясьці неахайнасць. Тут уключаецца ў жыцце гаворка не толькі пра культуру побыту, але, што вельмі актуальна, шэраг нарматыўных прававых актаў, якія тычацца пажарнай бяспекі, аховы працы і г. д.
Дыскатэка ў вясковай хаце
|
Нагадаю, што цягам 2006 - 2007 гадоў адбывалася значнае скарачэнне ўстаноў культуры ў раёне. Клубаў і бібліятэк раней было 74, цяпер засталося толькі 52. Таму раённыя ўлады і знаходзяць выйсце ў аб'яднанні ўстаноў культуры. Так, напрыклад, робяць і ў Карэліцкай ЦБС, дзе існуе цяпер 3 бібліятэкіклуба, 3 бібліятэкі-цэнтры зносін і адпачынку, 2 бібліятэкі-цэнтры сацыяльна-культурных паслуг. Безумоўна, амаль ва ўсіх гэтых установах праводзяцца таксама і дыскатэкі. Прычым бібліятэкар і вядучы дыскатэкі тут прадстаўлены ў адной асобе.
Пабываў у падобнай установе - Вялікаслабодскай бібліятэцы-цэнтры зносін і адпачынку. Па словах загадчыка названай установы Раісы Ракач, у сферу абслугоўвання бібліятэкі ўваходзяць 7 населеных пунктаў, дзе пражывае 700 чалавек, 260 жыхароў - у самой Вялікай Слабадзе. План платных паслуг бібліятэка ў 2008 годзе выканала.
Размяшчаецца бібліятэка-цэнтр зносін і адпачынку ў звычайнай сялянскай хаце: першы, вялікі пакой заняты пад кнігі, а другі - пад кнігасховішча. Яшчэ адзін выкарыстоўваецца пад танцавальную залу. Цагляны клуб, які месціўся непадалёк ад бібліятэкі, у 2007 годзе быў зачынены. На маё пытанне, чаму ж так адбылося і чаму прыярытэт пры аптымізацыі быў аддадзены сялянскай хаце, дырэктар ЦБС патлумачыла наступнае. Будынак клуба знаходзіцца на балансе мясцовага калгаса і патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў, неабходных для рамонтных работ. Таму, згодна з рашэннем раённага кіраўніцтва, клуб зачынілі, а танцавальная зала размясцілася ў будынку бібліятэкі.
"Дыскатэчны" пакой сапраўды невялікі: у даўжыню - крокаў з дзесяць, і ў шырыню - тры, прычым з аднаго боку ён абмежаваны печчу. Дыскатэкі пры ўстанове культуры праходзяць кожную пятніцу і суботу за даволі сімвалічную плату ў 550 рублёў. Каб разнастаіць дыскатэчную "дзялянку", Раіса Ракач у рабоце карыстаецца сцэнарыямі раённага метадычнага цэнтра, праводзіць віктарыны і тэматычныя гутаркі. Дарэчы, як запэўніла мяне дырэктар ЦБС раёна, кожны бібліятэкар-вядучы дыскатэкі пабываў у свой час на аднадзённых курсах, якія праводзяцца два разы ў квартал на працягу года, па арганізацыі і правядзенню танцавальных вечароў пры раённым навукова-метадычным цэнтры. Названы пакой бібліятэкі выглядае крыху аскетычна: апрача апаратуры - больш нічога. На танцы прыходзяць 6 - 8, часам - 10 чалавек, а летам, калі шмат моладзі прыязджае на канікулы ў вёску, і болей. Таму, зразумела, у такім пакойчыку "разгарнуцца" ім бывае нялёгка. Таксама можна было б упрыгожыць пакой, скарыстаўшыся дапамогай наведвальнікаў, каб ён хоць крыху нагадваў дысказалу. Па словах Раісы Ракач, спачатку ёй было цяжка працаваць і бібліятэкарам, і вядучым дыскатэкі. Дапамаглі "танцавальныя" курсы раённага метадычнага цэнтра. Канешне, не проста і цяпер. Але хто сказаў, што ў культасветніка лёгкі хлеб? Безумоўна, добра, калі такі спецыяліст папрацаваў пэўны час на пасадзе клубнага работніка і ўжо мае вопыт, як загадчыца ў вёсцы Вялікая Слабада. А калі такога досведу не стае? Здабываць яго трэба на практыцы...
"Кветка шчасця" Аюцавічаў
Наведаў я і Аюцавічы - вёску, якая летась зрабілася аграгарадком. Пражывае ў ёй каля 600 жыхароў. Змены тут адбыліся як у населеным пункце, так і ў вясковай бібліятэцы, якую ўзначальвае Наталля Гаркавая.
У фондах гэтай, па праўдзе кажучы, узорнай бібліятэкі - больш за 10 тысяч асобнікаў кніг і часопісаў. Дзякуючы таму, што летась у бібліятэцы з'явіліся сканер, прынтэр і ксеракс, бібліятэка атрымала магчымасць аказваць запатрабаваныя платныя паслугі.
Вельмі ўразіў расповед Наталлі Іванаўны пра дзяўчыну - удзельніцу аматарскага аб'яднання "Умелыя ручкі", створанага пры бібліятэцы, - якая зрабіла "Кветку шчасця" з сямі бісерных пялёсткаў. Гэтую "кветку" дзяўчо прынесла дадому і аддало бацьку, сказаўшы, каб ён не піў у той дзень, калі будзе адрываць "шчаслівы" пялёстак... Ці ж не яскравы гэта прыклад таго, што бібліятэкарская справа - гэта не толькі кнігавыдача ды праца з фармулярамі, а і выхаванне падрастаючага пакалення?..
Таксама з вялікай удзячнасцю гаварыла Наталля Гаркавая і пра вялікае фота з мастакамі, якія прайшлі вайну, змешчанае ў пазамінулым нумары нашай газеты (гл. "К" № 18 за 2009 г.). Маці Наталлі Іванаўны - былы вязень фашысцкіх лагераў, і таму кожная публікацыя на тэму вайны, кожны матэрыял пра ветэранаў Вялікай Айчыннай - гэта і яе асабісты боль... Толькі ў такога неабыякавага чалавека з'яўляюцца неабыякавыя выхаванцы.
Равесніца Перамогі, або Дзе месціцца кнігасховішча?
Не мог не наведаць знакаміты гарадскі пасёлак Мір. Як распавяла мне загадчык Мірскай гарпасялковай бібліятэкі Таццяна Скок, установа была заснавана яшчэ ў 1945 годзе. Дзіцячая ж у Міры з'явілася крыху пазней: у 50-х гадах XX стагоддзя. У Дзень беларускага пісьменства, які праходзіў тут у 2002 годзе, былі праведзены рэканструкцыя і рамонт шматлікіх будынкаў мястэчка, сярод якіх - і будынкі абедзвюх бібліятэк. На сёння ў гарпасялковай бібліятэцы больш за 2 тысячы чытачоў. Як і ў іншых вёсках і паселішчах раёна, найбольш запатрабаваны ў Міры такія платныя паслугі, як карыстанне камерцыйным фондам, Інтэрнет, выдача часопісаў і кніг на дом, набор і раздрукоўка тэкстаў... Па словах загадчыцы бібліятэкі, на сённяшні дзень у фондах налічваецца каля 46 тысяч экземпляраў кніг і часопісаў. Менавіта праблема захавання бібліятэчных фондаў і выклікала ў мяне пэўныя пытанні. Пахадзіўшы па Мірскай гарпасялковай бібліятэцы, звярнуў увагу на тое, што многія паліцы літаральна ломяцца ад кніг: дадаткова ўціснуць на іх можна хіба 12 кніжкі, а больш вольнага месца няма. У кнігасховішчы, куды таксама зазірнуў, стэлажы стаяць так, што даволі цяжка паміж імі прабрацца, каб адшукаць якуюнебудзь кнігу. Чаму? Аказалася, справа вось у чым. Па словах бібліятэкараў, у верасні 2006 года ў дзіцячую бібліятэку гарадскога пасёлка Мір патэлефанавалі з ЦБС і паведамілі, што, па рашэнні абласнога кіраўніцтва, іх бібліятэка зачыняецца. Фонды ж будуць размяшчацца ў будынку гарпасялковай.
А фонды не малыя - каля 20 тысяч асобнікаў. Былая загадчыца дзіцячай бібліятэкі Святлана Нячай, якая цяпер працуе бібліятэкарам дзіцячага абанемента, расказала, што жыхары Міра збіралі подпісы за тое, каб такую патрэбную ўстанову не зачынялі. Па словах Нэлі Малахавай, аддзел культуры таксама выступаў супраць закрыцця ўстановы культуры. Тым не менш, хоць і падпісалася шмат людзей, хоць і накіравалі сабраныя подпісы кіраўніцтву вобласці, справу гэта не змяніла: бібліятэка была зачынена ў лютым 2007 года.
Дзесяць тысяч асобнікаў - палова фонду дзіцячай бібліятэкі - былі перададзены ў раён, а пасля размеркаваны па сельскіх бібліятэках Карэліччыны. Каб размясціць дадатковую колькасць выданняў, гарпасялковай бібліятэцы таксама давялося ахвяраваць значнай колькасцю сваіх кніг і часопісаў: больш за дзевяць тысяч асобнікаў былі таксама перададзены ў раён. Зразумела, што колькасць дублетаў у бібліятэцы паменшала, і цяпер патрэбныя кнігі ў двух або больш экземплярах - раскоша для чытачоў.
- Дык гэта што! - кажа загадчыца Мірскай гарпасялковай бібліятэкі. - Многія кнігі, што называецца, "на руках". А калі б усе гэтыя выданні забраць ад чытачоў - дык класці іх сапраўды не было б куды!
Менавіта з гэтай прычыны ў фондах гарпасялковай бібліятэкі цяпер няўтульна і цесна. Некаторыя кнігі бібліятэкарам даводзіцца класці адна на адну ў вышыню - каб заставалася больш вольнага месца.
Здзівіўся і такому паведамленню: каб размясціць кнігі, адміністрацыі гарпасялковай бібліятэкі давялося зачыніць памяшканне адной з дзвюх... прыбіральняў і там скласці часопісы. Пабачыў тое "ноў-хаў" на свае вочы. Каменціраваць сітуацыю, падаецца, залішне.
- На маю думку, трэба было загадзя запланаваць пераезд дзіцячай бібліятэкі ў гарпасялковую, - зазначыла Таццяна Скок. - Справа ў тым, што ў 2002 годзе, калі рабілі рэканструкцыю і рамонт нашай установы культуры, да будынка прыбудавалі яшчэ адно невялікае памяшканне. А можна ж было дабудаваць больш вялікае. Тады былі б задаволены ўсе чытачы - і маленькія, і дарослыя, і месца ў такой пашыранай бібліятэцы цалкам бы хапіла і для кніг.
Канешне, і бібліятэкары, і жыхары Міра, і чытачы бібліятэкі, з якімі давялося размаўляць, шкадуюць, што дзіцячая бібліятэка зачынілася. Тым больш - і гэта, бадай, таксама красамоўны факт - будынак зачыненай дзіцячай бібліятэкі цяпер знаходзіцца на балансе мясцовай ЖКГ і... ніяк не выкарыстоўваецца.
Каля зачыненай бібліятэкі паразмаўляў з некаторымі, выпадкова сустрэтымі, жыхарамі Міра.
- Навошта яе зачынілі? Дзецям там было добра, працавала вялікая чытальная зала, яны заўсёды пачувалі сябе там, як дома, - вось меркаванне адной жанчыны. - Я і сама падпісвалася за тое, каб бібліятэку не зачынялі.
- Маглі б выкарыстаць пад штонебудзь гэты будынак, напрыклад, пад цэнтр сацыяльных паслуг, - сказала мне пажылая ўраджэнка Міра, якая жыве ў суседнім з колішнім будынкам бібліятэкі доме.
Вось такія меркаванні месцічаў. Ужо трэці год будынак, у якім, нагадаю, адносна нядаўна правялі рамонт, сумна пазірае сваімі пустымі, без фіранак, вокнамі на дзяцей, якія ідуць міма са школы. І зарастае травой дарожка, што вядзе да "забытай" установы культуры...
***
Думаецца, нікога не трэба пераконваць у тым, што бібліятэкіпатрэбны не толькі ў горадзе, але і на сяле, асабліва там, дзе жыхары не маюць іншай установы культуры. Таму пераўтварэнне бібліятэк раёна ў бібліятэкіклубы, бібліятэкі-цэнтры зносін і адпачынку, бібліятэкі-цэнтры сацыяльнакультурнага абслугоўвання з мэтай захаваць для сельскіх жыхароў установы культуры - падаецца, цалкам абгрунтаваны крок, асабліва ў сённяшніх дэмаграфічных і эканамічных умовах.
Зразумелым падаецца і тое, што сумяшчэнне спецыяльнасцей бібліятэкара і клубніка пачалося не так даўно, і маладым спецыялістам, якія прыходзяць пасля навучання ў такія ўстановы культуры, досыць лёгка працаваць паралельна на дзвюх пасадах. Ім не так складана арганізоўваць культурны адпачынак для насельніцтва, як іхнім калегам, якім давялося спасцігаць асаблівасці прафесіі не ў век найноўшых тэхналогій.
І яшчэ. Падаецца, дзіцячая бібліятэка - маючы ўласны будынак, а не сутарэнні- валодае асаблівай аурай установы, дзе падлеткі пачуваюць сябе сапраўднымі гаспадарамі, а не "загнанымі" ў кут, дзе нібыта блытаюцца пад нагамі ў дарослых. Нягледзячы на складаныя фінансавыя ўмовы, ніхто не адмяняў слоў пра тое, што дзеці- наша будучыня. Шкада толькі, што гэтую жыццёвую аксіёму трэба даводзіць сім-тым з дарослых, якія таксама калісьці былі маленькімі...
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ наш спецыяльны карэспандэнт Мінск - Карэліцкі раён - Мінск
Фота аўтара
На здымках: 1. Былы будынак дзіцячай бібліятэкі ў г.п. Мір, які цяпер пустуе; 2. Мірская гарпасялковая бібліятэка; 3. Медыятэка ў Карэлічах; Зачынены будынак СДК у вёсцы Вялікая Слабада, дзе раней змяшчалася дысказала, і той бібліятэчны пакой, дзе яна функцыянуе сёння; 7. Вялікаслабадская бібліятэка-цэнтр зносін і адпачынку;