Сама Валянціна Цімафееўна неяк прызналася: "Усе мы, акцёры, жадаем працаваць. І ў мяне ёсць нясыграныя ролі. У маладосці я брала п'есы, перапісвала ролі. Рэжысёр мне казаў: "Валя, ты ніколі не будзеш гэта іграць", - а я вучыла тэкст. Калісьці мне хацелася ў лірычнай драме сыграць, калісьці - у дэтэктыве. А зараз хочацца сказаць гледачу штосьці вельмі важнае. Па-мойму, маю на гэта права".
На Коласаўскай сцэне Валянціна Петрачкова сёння ператвараецца то ў знаходлівую няньку Феліцату ("Праўда - добра, а шчасце лепш" А.Астроўскага), то ў заклапочаную смяшлівую маці Еўдакію Піліпаўну ("За двума зайцамі" М.Старыцкага), у дух манастыра Урбену ("П'емонцкі звер" А.Курэйчыка), бескарыслівую самаахвярную Памэлу ("Дарагая Памэла Кронкі!" Д.Патрыка) або ціхмяную Старую ("Млын" А.Дударава).
У 1958 годзе ў вучэбным журнале народны артыст Беларусі, кіраўнік студыі тэатра імя Якуба Коласа Цімох Сяргейчык запісаў: "З Петрачковай атрымаецца адметная вострахарактарная актрыса. Яна зойме пачэснае месца ў Коласаўскай трупе". І сёння пра актрысу распавядаюць творцы, якім пашчасціла працаваць разам з ёй.
Антон ГРЫШКЕВІЧ, рэжысёр:
- Валянціна Цімафееўна Петрачкова для мяне - актрыса асаблівая. Сапраўдная беларуская актрыса! Яна - увасабленне дабрыні, мудрасці, сціпласці і адданасці тэатру. І пры гэтым мае непадробнае, глыбіннае, народнае пачуццё гумару, тэмперамент і вастрыню ўспрыняцця, неабходныя для сцэнічнага існавання яе гераінь. Сабрала і захавала яна ў сабе лепшыя традыцыі Коласаўскага тэатра, якому ніколі не здраджвала. Нашы сумесныя работы - "Крэслы" Э.Іанэска, "Дарагая Памэла Кронкі!" Д.Патрыка - у многім былі "натхнёныя і адухоўленыя" ёю. Былі яшчэ "Пакрыўджаныя" Л.Родзевіча, "Любоўны карагод" А.Шніцлера, дзе яна заўсёды іграла больш, чым "эпізоды". Наперадзе - "Ціхая ноч" Г.Мюлера, і я спадзяюся на шчаслівы працяг.
Валянцін САЛАЎЁЎ, акцёр:
- Адметнасць яе асобы распазнаецца па простасці і шчырасці ва ўсім: паводзінах у жыцці, узаемаадносінах з людзьмі, адносінах да прафесіі. Тэатр для Валянціны Цімафееўны - не забаўка, а месца споведзіперад людзьмі. Сапраўдны талент, як правіла, не крыклівы, не "паказушны". Я вучуся ў яе глыбокай пранікнёнасці ў рабоце над вобразам і простай форме выяўлення. З надзеяй чакаю магчымасці быць яе партнёрам на сцэне ў чарговым спектаклі.
Віктар ДАШКЕВІЧ, акцёр:
- Яна "вырасла" на маіх вачах. Першая работа, якая вельмі ўразіла: Маслячок у "Сыраежцы". Потым былі Еўга Бабук у "Званах Віцебска", Ганна ў "Вечары" - дарэчы, за гэты вобраз актрыса была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі БССР у 1986 годзе. Я з цеплынёй узгадваю нашу сумесную работу ў спектаклі "Званы Віцебска" ў 1974 годзе. Мяне вельмі ўразіла яе самааддача. Рэпеціравалі па начах, стараючыся спасцігнуць гэты складаны і вельмі цікавы матэрыял... Зрэшты, яна скрупулёзная і ўніклівая заўсёды, дзякуючы чаму ў яе і няма "прахадных" работ: Петрачкова цэніць самую маленькую ролю і абавязкова зробіць з яе "цукерачку".
Генадзь ГАЙДУК, акцёр:
- Я вельмі задаволены тым, што мне пашанцавала працаваць на сцэне ў ролі яе мужа ў спектаклі "За двума зайцамі". Вельмі неблагая "жонка"! У "Маскоўскім хоры" быў ейным "зяцем". Скажу шчыра: і "цешча" добрая! Асаблівае задавальненне атрымліваў, калі мы працавалі з ёй у казках. Уявіце: яна - Маслячок, а я- Маслёнак у "Сыраежцы". У "Прыгодах з чароўнай скрыначкай" я- вучань Бураціна, а яна- настаўніца Баба-яга. У казках яе ніхто не перайграе. У "Трох гадзінах на сачыненне" яна - настаўніца, а мы - вучні выпускнога класа. З вялікім задавальненнем працаваў у яе юбілейным спектаклі "Дарагая Памэла Кронкі!". Яна - не фанабэрыстая заслужаная артыстка, а ласкавая маці для артыстаў, клапоціцца пра кожнага. А як хвалюецца пра ўласнага сына Васіля! Аднойчы паехалі мы разам па грыбы. Шмат назбіралі. Разышліся на нейкі час. І раптам бачу: вяртаецца Валянціна Цімафееўна з грувасткімі кошыкамі, поўнымі грыбоў, а ззаду ідзе Васіль з пустымі рукамі. Я пытаюся: "Што вы робіце?" А яна ў адказ: "Васілю нельга цяжкае насіць, ён жа на скрыпцы грае!" У гэтым яна ўся.
Ніна ЛЕВАШОВА (КУЛЯШОВА), актрыса:
- Яна прайшла складаны лёс: працавала прыбіральшчыцай у педагагічным інстытуце і адначасова вучылася ў студыі тэатра, адна выгадавала добрага таленавітага сына Васіля. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, па натуры Валянціна заўсёды застаецца вясёлым чалавекам: раней мы сядзелі ў адной грымёрцы, разам спявалі, шмат смяяліся. Яна дапамагала і мне гадаваць дзяцей: калі Вольга ці Жэнька хварэлі, прасіла Валю выручыць. Аднойчы пакінула сына з ангінай. Жэнька капрызіў, увесь у кампрэсах. Вяртаюся з работы - а яны разам з Валянцінай "Цыганачку" танцуюць! А яшчэ, нават у самыя цяжкія матэрыяльна часы, Валя абавязкова выпісвала "Иностранную литературу", і калі там з'яўляліся цікавыя артыкулы ды творы, абавязкова давала іх і іншым артыстам пачытаць, так што часам тыя часопісы "зачытвалі" літаральна да дзірак.
Тамара ШАШКІНА, заслужаная артыстка Беларусі:
- Валю Петрачкову мы з мужам, народным артыстам Беларусі Георгіем Дубавым, вельмі любім. Калі я ў 1971 годзе ішла ў бальніцу на аперацыю, то наказвала Дубаву: "Як са мной што здарыцца, бяры шлюб толькі з Валянцінай".
Ларыса АНТОСЕВА, актрыса:
- Гэта дзівосная жанчына і вельмі таленавітая актрыса. З добрым сэрцам, з душой дзіцяці, з вачыма клоуна. Валянціна Петрачкова ў ролі Ганны ў "Вечары" - гэта маё першае ўзрушэнне ад Коласаўскага тэатра. Дзякуючы ёй, я літаральна закахалася ў гэты паэтычны, цудоўны, непаўторны, адзіны ў свеце тэатр імя Якуба Коласа. Дай Бог ёй здароўя, шчасця, мацярынскага і творчага натхнення!
Занатавала Святлана ДАШКЕВІЧ, загадчык літаратурнай часткі тэатра імя Якуба Коласа
На здымках: сцэна са спектакля "Дарагая Памэла Кронкі!"; Валянціна Петрачкова ў ролі Урбены ў спектаклі "П'емонцкі звер".