Колас і Каралішчавічы

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

У межах мерапрыемстваў, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа, 26 красавіка на тэрыторыі Дома адпачынку “На ростанях” — былога Дома творчасці пісьменнікаў “Каралішчавічы”, які знаходзіцца ў пасёлку “Прывольны”, — высадзіўся “дэсант” вядомых беларускіх пісьменнікаў. Тут ва ўрачыстай абстаноўцы пры садзейнічанні Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, ААТ “Мінскрамбуд”, цяперашняга гаспадара колішняга Дома творчасці пісьменнікаў і аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама адбылося адкрыццё мемарыяльнай экспазіцыі “Якуб Колас і Каралішчавічы”.

На цырымоніі адкрыцця экспазіцыйнага комплексу прысутнічалі першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі РБ Генадзь Лапуноў, малодшы сын Песняра, вядомы навуковец, доктар тэхнічных навук Міхась Міцкевіч, адзін са старэйшых беларускіх пісьменнікаў Мікола Аўрамчык, дачка пісьменніка Алеся Стаховіча Рыма Стаховіч-Ларчанка, паэтэса Лідзія Арабей, пісьменнікі Казімір Камейша і Васіль Жуковіч, старшыня Мінскага райвыканкама Сяргей Шаблыка і іншыя госці.  

Вядучы імпрэзы, лаўрэат прэміі імя Якуба Коласа і зямляк Песняра, пісьменнік Генрых Далідовіч адзначыў, што ў былым Доме творчасці пісьменнікаў “Каралішчавічы” на працягу 50 — 90-ых гадоў праводзілі свае творчыя адпачынкі вядомыя пісьменнікі і паэты — гонар беларускай літаратуры: Якуб Колас, Пятро Глебка, Пятрусь Броўка, Максім Лужанін, Алена Васілевіч, Максім Танк, Пімен Панчанка; памятаюць гэтыя мясціны Івана Шамякіна, Івана Мележа, Андрэя Макаёнка. Сюды прыязджалі на адпачынак іх калегі з Украіны, Прыбалтыкі, Каўказа, Расіі. З 1951 па 1955 гады ў Каралішчавічах часта бываў Якуб Колас, які шмат паэтычных радкоў прысвяціў прыгожым тамтэйшым краявідам. Сёння тыя рукапісныя старонкі сталіся асноўнымі экспанатамі новай экспазіцыі.

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская ў сваім выступленні выказала ўдзячнасць кіраўніцтву “Мінскрамбуд” і Дому адпачынку “На ростанях” за ініцыятыву і клопат аб стварэнні ў двух пакоях першага паверха музейных эскпазіцый. Адзін пакой увасабляе працоўны кабінет Якуба Коласа і ўтрымлівае асабістыя рэчы пісьменніка. Другі адведзены інтэрактыўнай этнаграфічнай экспазіцыі, “населенай” аўтэнтычнымі рэчамі хатняга ўжытку пачатку ХХ стагоддзя. Асобным комплексам вылучана ткацкая майстэрня, дзе кожнаму наведвальніку прадастаўляецца магчымасць пры жаданні самастойна выткаць на памяць сувенір. На шляху на другі паверх — на лесвіцы— гасцей сустракае фотагалерэя выбітных беларускіх пісьменнікаў, якія наведвалі “Каралішчавічы”, а вышэй — два вялікія палотны ў стылі сацрэалізму, якія бачылі тыя, хто жыў у Доме творчасці ў 50-я гады мінулага стагоддзя.

На імпрэзе старэйшыя беларускія пісьменнікі падзяліліся сваімі ўспамінамі пра часіны паўвекавой даўніны, распавялі аб сустрэчах з Якубам Коласам, прачыталі вершы Песняра. Радкі з коласаўскіх твораў, напісаных у Каралішчавічах, прагучалі і ў выкананні артыста Алега Вінярскага. А ўзорныя мастацкія калектывы “Святланы” і “Славяначкі”, якія прыехалі на свята з радзімы Коласа, — Стаўбцоўшчыны, выканалі песні на вершы слыннага Песняра.

Н.К.
Фота Мікалая АНІШЧАНКІ