Як паведаміла "К" загадчык аддзела замежнага мастацтва Алена Сянькевіч, дакумент быў падпісаны дырэктарам Дзяржаўнага музея этнаграфіі Рэспублікі Карэя Сін Кван Сопам і дырэктарам нашага Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімірам Пракапцовым. Пагадненне прадугледжвае абмен супрацоўнікамі, сумесныя палявыя і навукова-тэарэтычныя даследаванні, працу па выставачных і адукацыйных праектах, а таксама абмен навуковай інфармацыяй і публікацыямі.
А напярэдадні, 18 мая, у Мінску адкрылася выстаўка "Традыцыйнае мастацтва Карэі", якая была арганізавана па ініцыятыве Пасольства Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь і Нацыянальнага мастацкага музея пры непасрэдным удзеле Дзяржаўнага музея этнаграфіі азіяцкай краіны.
На выстаўцы, якая прадоўжыцца да канца ліпеня, прадстаўлены каля 30 твораў жывапісу, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.Экспанаты перададзены ў падарунак Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі Дзяржаўным музеем этнаграфіі Рэспублікі Карэя. Гэта копіі з класічных твораў карэйскага мастацтва, а таксама работы сучасных народных майстроў. Падораныя рэчы, як паведаміла Алена Сянькевіч, пасля закрыцця выстаўкі мяркуюць змясціць у пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея ў зале Усходу.
Дарэчы, 19 мая ў Доме дружбы была наладжана сапраўдная чайная цырымонія па-карэйску.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ