“Пакаленне “джынс” — у прасторы традыцыі

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

Чарговы навукова-практычны семінар у БелДІПК быў прысвечаны працы з нацыянальным касцюмам. Яго сённяшняе рэальнае існаванне ілюстравала цудоўная фотавыстаўка вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута праблем культуры, кандыдата мастацтвазнаўства Вольгі Лабачэўскай, яна ж — і вядучая семінара. На фотаздымках можна было не проста ўбачыць, нават адчуць асаблівую арганічнасць нацыянальных строяў у прыродным асяродку і тое, наколькі ўпрыгожваюць яны і людзей сталага веку — носьбітаў традыцыі, — і сучасную моладзь. “Энергетыку традыцыйнага касцюма, — сказала мне Вольга Аляксандраўна, — адчувае кожны, каму давялося апрануць на сябе льняную сарочку, фартух, шарсцяны андарак з бабулінага куфра. Колькі разоў бачыла, як мяняюцца твары і постаць гарадскіх дзяўчат, калі ім раптам даводзіцца ўвайсці ў прастору старадаўняга строю. Але і па гэтых фотаздымках вы бачыце, што “пакаленне “джынс” і карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій зусім натуральна паводзіць сябе ў старадаўніх строях канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя”.

Семінар “Нацыянальны касцюм: праблемы аднаўлення” сабраў пад дахам Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры сталічных навукоўцаў і супрацоўнікаў раённых дамоў рамёстваў. Паставіўшы сабе на мэце паказаць разнастайны досвед аднаўлення нацыянальнага касцюма, арганізатары семінара запрасілі паўдзельнічаць на ім і прадстаўнікоў вядомага Навукова-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў “Скарбніца”. Тое, што паказалі яе супрацоўнікі, — бадай, лепшыя ўзоры рэканструкцыі старадаўніх строяў з выкарыстаннем ручных тэхналогій ткацтва, вышыўкі, карункапляцення і інш. Літаральна дух захоплівала, калі дэманстравалася гэта хараство. Найцудоўны маларыцкі строй, яскравыя неглюбскі, кобрынскі, бярозаўскі, бярэзінскі…

Як расказала загадчыца аддзела ткацтва “Скарбніцы” Людміла Падабед, кожны такі народны касцюм ствараецца каля 2 месяцаў. Каштуе ён ад трох да пяці мільёнаў рублёў. Попыт на такую прадукцыю не масавы, але ён ёсць. Рэалізацыя яе — адна з крыніц эканамічнага існавання прадпрыемства. Робяць у “Скарбніцы” і больш танную, але таксама з вялікай ступенню дакладнасці, рэканструкцыю коштам 400 — 500 тысяч рублёў за касцюм для народна-сцэнічных калектываў. 

Ужо 30 гадоў існуе гэта прадпрыемства. У свой час яно і стваралася з мэтай збору і даследавання тэхналогій традыцыйных народных рамёстваў усіх рэгіёнаў, авалодвання народнымі тэхналогіямі. Да ўдзелу ў семінары “Скарбніцу” запрасілі яшчэ і для таго, каб звярнуць увагу на велізарны архіў па народных тэхналогіях, які маецца на прадпрыемстве і якім пры жаданні могуць пакарыстацца і раённыя дамы рамёстваў.

Другі шлях працы па аднаўленні народных строяў — аматарства, якое дасягнула ўзроўню прафесіяналізму, прадэманстравала супрацоўніца Дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Ларыса Мятлеўская. У яе калекцыі — 10 строяў розных рэгіёнаў Беларусі. Адзін з гэтых касцюмаў нават быў адзначаны на прэстыжным конкурсе высокай моды. Ларыса не толькі сама носіць народныя строі на працы, але і “заразіла” сваім захапленнем іншых супрацоўнікаў музея. Наведвальнікі так да гэтага прывыклі, што толькі ў народных касцюмах хочуць бачыць музейшчыкаў на святах і карпаратыўных вечарынках, якія праводзяцца ў якасці адной з платных паслуг. На семінары Ларыса Мятлеўская прадставіла два свае строі — касцюм свашкі з вёскі Лелікава Кобрынскага раёна і вілейска-навагрудскі святочны касцюм.

Асноўнай жа часткай семінара быў паказ напрацовак дамоў рамёстваў па аднаўленні рэгіянальнага строю. Мы ўбачылі 16 прэзентацый на гэтую тэму. І тое, што зроблена, для супрацоўнікаў лабараторыі традыцыйнай культуры БелДІПК аказалася нават прыемнай нечаканасцю.

Безумоўна, у кожнага дома рамёстваў свой узровень вопыту, розная ступень захаванасці традыцыйнага касцюма ў рэгіёнах. Калі на Магілёўшчыне і Гомельшчыне яшчэ захавалася даволі шмат аўтэнтычнага адзення, дык на Віцебшчыне яго ўжо амаль няма. Тым не менш, работа па народным строі вядзецца вялікая. Пра Лепельскі дом рамёстваў я аднойчы ўжо расказвала, таму не буду паўтарацца. Нагадаю толькі, што існуе гэтая ўстанова ўжо 15 гадоў, мае цэлую калекцыю адроджаных старадаўніх строяў, атрымлівае замовы на рэканструкцыю народнага адзення, стварэнне народна-сцэнічных касцюмаў не толькі са свайго і суседніх раёнаў, але нават з Мінска.

Навуковы супрацоўнік Шумілінскага дома рамёстваў Вольга Загвоздава расказала аб тым, што ў раёне ўжо адроджаны 4 народныя строі — адзін мужчынскі і тры жаночыя — дзявочы, святочны жаночы і касцюм сталай жанчыны, — і прадэманстравала іх.

Новай напрацоўкай, якую прадставіла дырэктар Глыбоцкага дома рамёстваў Вера Байкова, аказалася археалагічная рэканструкцыя строю Глыбоччыны ХІІ стагоддзя — у выглядзе вельмі сімпатычнай ільняной сукенкі і скураных упрыгожванняў. Рэканструкцыя зроблена на матэрыялах археолага Людмілы Дучыц.

Практычна не захавалася старадаўняга адзення і на Гродзеншчыне, але дамы рамёстваў суседніх раёнаў — Зэльвінскага, Мастоўскага, Лідскага, Шчучынскага — знайшлі свой адметны накірунак працы. Яны аднаўляюць народнае адзенне рэгіёна 30 — 40-ых гадоў мінулага стагоддзя. І яго асаблівасці таксама даюць магчымасць ствараць сцэнічныя касцюмы з рэгіянальным каларытам для тых жа мастацкіх калектываў.

Былі паказаны на семінары і рознага роду фантазіі супрацоўнікаў дамоў рамёстваў на тэму народнага адзення. Адзін з найбольш удалых варыянтаў — касцюм для ўдзелу ў народных святах, які стварыла дырэктар Старадарожскага дома рамёстваў Галіна Бураўцова. У поўным сэнсе народным строем яго не назавеш, бо ён мае больш сучасны крой. Але, з другога боку, зроблены гэты касцюм паводле народных тэхналогій і, як заўважыла Вольга Лабачэўская, мае такую вытанчаную традыцыйную старадарожскую вышыўку, што, каб убачыў яе перафатаграфаваны фрагмент, можна было б падумаць, што вышыўка — з аўтэнтычнага адзення.

Гэта не ўсё. Сваім досведам на семінары дзяліліся спецыялісты са Швецыі Эва Мелдал і Лінеа Хагман Лінстрэм. Наколькі я зразумела, нашых магчымасцей — знаходзіць нават аўтэнтычныя строі і працаваць з імі — у шведаў ужо практычна няма. Але нацыянальным касцюмам, якому ў гэтай краіне надаецца вельмі вялікае значэнне як сродку яднання нацыі, шведы надзвычай ганарацца, любяць яго апранаць. На народныя святы ў Швецыі ў нацыянальных касцюмах прыходзяць не толькі культарганізатары, але і ўсе ўдзельнікі, гледачы. Ёсць у Швецыі і штосьці накшталт паліцыі нацыянальнага касцюма. Калі тое, як вы яго носіце, ідзе ў разрэз з традыцыямі, вам абавязкова зробяць заўвагу.

Адно з пажаданняў да Інстытута праблем культуры, якое было выказана падчас семінара, — правесці вучобу па сімволіцы вышытых і тканых арнаментаў. Раней такія ўзоры, магчыма, былі свайго роду своеасаблівай пісьменнасцю вясковых жанчын. Па ініцыятыве Магілёўшчыны было закранута і пытанне суадносін паміж навуковай працай дамоў рамёстваў і аказаннем платных паслуг. У гэтым рэгіёне захавалася яшчэ адносна шмат аўтэнтыкі, ёсць што даследаваць. Дамоў рамёстваў восем, што, мо, і малавата. Касцюмам яны пачалі займацца не так даўно. І ва ўмовах, калі ледзь не галоўным становіцца зараблянне грошай, навуковыя даследаванні нярэдка адыходзяць на другі план. Сапраўды, тут ёсць пэўная праблема. Бо калі ствараўся, “раскручваўся” Лепельскі дом рамёстваў, платных паслуг яшчэ не было. Але слушнай падаецца і другая, выказаная на семінары, думка: у сучасных умовах навуковая праца і платныя паслугі — рэчы ўзаемазвязаныя, бо заробак ад платных паслуг можна пусціць на развіццё сваёй установы. А навуковыя даследаванні могуць даць матэрыял і для развіцця камерцыйнага накірунку. Ды ўрэшце, жывое народнае мастацтва здаўна існавала ў рынкавых умовах. 

Наталля РУСАК
Фота аўтара