ЦІ глыбокае “Капыльскае мора”?

№ 20 (888) 16.05.2009 - 22.05.2009 г

У 1996 годзе пад час археалагічных раскопак у Капылі на Замкавай гары даводзілася чуць ад некаторых людзей сталага веку, што наўкола яе ў вельмі даўнія часы размяшчалася мора. На той момант я не надаў гэтай інфармацыі ўвагі, прыняўшы яе за народную фантазію.

 /i/content/pi/cult/208/2453/Mora1.jpg

Пачаліся раскопкі. І раз-пораз у адкладах культурнага пласта поруч з артэфактамі гістарычнага паходжання сталі трапляцца знаходкі, што відавочна не з’яўляліся прадуктамі чалавечай дзейнасці. Пасля даследавання гэтых рэчаў спецыялістамі-геолагамі высветлілася: гэта вапнякі з уключэннем або адбіткамі мікраарганізмаў вельмі даўняй эпохі. Адносяцца знаходкі да так званых сілурыйскага і дэвонскага перыядаў палеазойскай эры і датуюцца прыкладна 450 — 410 мільёнамі гадоў таму.
Але што ж магло існаваць тады на месцы сённяшняга Капыля? У тыя часы, як сцвярджаюць геолагі, значная плошча мацерыкоў паўночнага паўшар’я была пакрыта марамі рознай глыбіні. Клімат — цёплы і вільготны. Арганічны свет на пачатку гэтага перыяду быў прадстаўлены пераважна марской фаунай. У марах, напрыклад, вадзіліся так званыя науцілоіды — малюскі, што па знешнім выглядзе нагадвалі кальмараў, даўжынёй цела ад 6 міліметраў да 67 сантыметраў. У слабасалёнай і прэснай вадзе на тыя часы вадзіліся ракаскарпіёны, а таксама з’яўляліся першыя сківічныя рыбы.
На ўзбярэжжах вадаёмаў буялі прымітыўныя расліны, што напрыканцы гэтага перыяду адсунуліся ад краю воднай паверхні. За кошт гэтага раслінны свет стаў больш разнастайны, з’явіліся папаратнікавыя і хвашчовыя. Суша зведала нашэсце мноства членістаногіх, у тым ліку кляшчоў, павукоў і прымітыўных бяскрылых насякомых.
Толькі як адбіткі гэтых прымітыўных арганізмаў трапілі на вапнякі?
 /i/content/pi/cult/208/2453/Mora2.jpg

Справа ў тым, што рэкі, якія ўпадалі тады ў мора, неслі ў сваіх водах велізарную колькасць часцінак вуглякіслага кальцыю. Ва ўмовах салёнай вады ён і выпадаў на дно вадаёмаў у выглядзе вапняковых адкладаў, дзе і знаходзілі свой апошні прытулак першыя арганізмы. Прайшоў не адзін мільён гадоў, і мора адступіла. Мацерыкі паступова набывалі свае сучасныя абрысы, а вапняковыя адклады з адбіткамі прадстаўнікоў раслінна-жывёльнага свету апынуліся ў нетрах глебы і часам з-пад рыдлёўкі чалавека з’яўляюцца, каб нагадаць нам пра гісторыю Зямлі.
Ну, а як жа быць з паведамленнем пра мора? Мо гэта — трансфармаванае народам біблейскае паданне пра Сусветны патоп?..

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ,
кандыдат гістарычных навук, археолаг
На здымках: рэшткі каралаў (злева)
і
ракушачніка з Капыля.