Палац, які яшчэ і... плавае

№ 20 (888) 16.05.2009 - 22.05.2009 г

У наш час даволі часта можна пачуць праўдзівыя гісторыі і неверагодныя легенды пра знаходжанне на Беларусі таго ці іншага вядомага ў сусветнай гісторыі чалавека. Адно з такіх месцаў — Пінск, а дакладней кажучы — мясцовы палац Бутрымовіча, дзе за 225 гадоў адбылося нямала падзей.

 /i/content/pi/cult/208/2452/Palac1.jpg

У сценах палаца жылі прадстаўнікі трох шляхецкіх родаў: Бутрымовічы, Орды, Скірмунты.
Заснавальнікам маёнтка быў шляхціч і афіцэр Матэуш Бутрымовіч, гарадскі суддзя. Сучаснікі казалі пра яго як пра рэфарматара і палітычнага дзеяча Рэчы Паспалітай. Менавіта пры яго ўдзеле ў палескай глушы будаваліся дарогі, пракладваліся каналы. Аднойчы прыехаць у госці да Бутрымовіча пажадаў сам кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Але на той час прыстойнага дома ў пінскага падстарасты не было, і кароль загасцяваў у маёнтку Крысцінава, пабудаваным Бутрымовічамі на сваіх землях ля сяла Лапаціна. Аднак ужо да таго часу Матэуш пачаў узводзіць сваю гарадскую рэзідэнцыю, што не саступала па памерах сядзібам польскіх магнатаў.
У хроніцы гэтага каралеўскага візіту адзначаецца, што ў падмурку пабудовы быў усталяваны закладны камень з прысвячэннем манарху. Такім чынам, пінскі палац мае дакладны дзень нараджэння — 9 верасня 1784 года.
Што засталося за радкамі афіцыйнага пратакола пампезнай цырымоніі — дык гэта спешнасць, з якой было абрана месца будучага будаўніцтва. Да прыезду караля мусілі паспець паказаць: праца пачалася. Выкапалі катлаван, а ў яго лінула вада. І тое — не выпадковасць: побач — рака і рэшткі сярэднявечнага абарончага рова. Мясцовасць — нізкая, тады яшчэ не абжытая.
Тым не менш, будаўніцтва прадоўжылі: на вільготны грунт паклалі сухія альховыя калоды, канструкцыю ўмацавалі чатырма дзесяткамі дубовых паляў. Асноўнай умовай надзейнасці з’яўлялася падтрыманне грунтавых вод на ўзроўні драўлянай часткі (не ніжэй і не вышэй), перашкаджаючы доступу паветра. Па перыметры будынка зрабілі водаадводы ў бок ракі. Падземныя поласці напоўнілі камянямі, каб лішняя вада прасочвалася паміж імі, як па капілярах. У выніку атрымалася нешта накшталт падмурка, “што плавае”. Будынак апынуўся нібы на вялікай баржы, надзейна прычаленай да берага. Разлік будаўнікоў аказаўся дакладным: дрэнажная сістэма спраўлялася з працай да яе разбурэння ў 60-я — 80-я гады мінулага стагоддзя пры будаўніцтве карпусоў гасцініцы.
Паводле водгукаў сучаснікаў, у XIX стагоддзі палац выклікаў дваістыя ўражанні. Гэта быў прыгожы гмах, што знаходзіўся ў перспектыве вялікага пейзажнага парку. Але пры гэтым вакол яго размяшчаліся непрывабныя будынкі гарадской ваколіцы, саляныя і збожжавыя склады. Пісьменнік Юзэф Крашэўскі адзначыў у сваіх падарожных нататках, што палац “уяўляецца, як франт на сяле”, саромеючыся сваёй прэтэнцыёзнай архітэктуры сярод іншых хацін, што стаялі, “як скрыначкі на паліцах”.
Няма адзінага меркавання, хто з’яўляецца архітэктарам пінскага палаца. Інтрыга заключаецца ў тым, што амаль адначасова будаваліся два вельмі падобныя будынкі. На старых фотаздымках палац Скірмунтаў у Моладаве і палац Бутрымовіча ў Пінску складана адрозніць.
Над праектамі працавалі прадстаўнікі віленскай дынастыі архітэктараў Шыльдхауз. Паводле найбольш распаўсюджанай версіі, у Пінску працаваў Караль Шыльдхауз, а ў Моладаве — адзін з яго сыноў. Яны імкнуліся ўзводзіць вытанчаныя пабудовы, абраўшы за ўзор загарадныя рэзідэнцыі французскіх вяльможаў. Палац мае элементы позняга барока, класіцызму, ампіру. Яго архітэктурныя вартасці — відавочныя. Па меркаванні доктара архітэктуры, прафесара Уладзіміра Чантурыі, “будынак адрозніваецца своеасаблівай трактоўкай архітэктурнага ордэна, выкананага з адступленнямі ад канонаў: пры афармленні тарцовых фасадаў згрупіраваныя парамі калоны ссунуты да сярэдзіны, у выніку чаго вуглавыя часткі антаблементу не абапіраюцца на калоны, а маюць вынасы”. І гэта далёка не ўсе асаблівасці пінскага “мура”, як па-мясцоваму звалі палац Бутрымовіча.
Што да сучаснай гісторыі будынка, то варта адзначыць, што ў савецкі час палац быў Домам піянераў і школьнікаў, станцыяй юных натуралістаў. Тады ж тут працаваў кінатэатр “Піянер”. Зараз помнік архітэктуры канца XVIII стагоддзя стаў музеем і Палацам шлюбаў, для чаго пад час рэстаўрацыі неабходна было адаптаваць асаблівасці старой пабудовы да сучасных будаўнічых патрабаванняў і новага прызначэння, а разам з тым не ўносіць сур’ёзных канструктыўных змен.
Напрыканцы красавіка палац атрымаў другое жыццё, і зараз у Пінску можна ўбачыць вынікі праведзенай, амаль трохгадовай, працы. Адкрыццё гісторыка-архітэктурнай каштоўнасці адбылося ва ўрачыстай атмасферы з удзелам губернатара Брэсцкай вобласці Канстанціна Сумара.

Вячаслаў ІЛЬЯНКОЎ
Пінск
На здымкy: палац Бутрымовіча сёння.