У другой жа кнізе — “Шлях да паразумення” — Р.Баравік працягвае аналіз праблем рэжысуры ва ўзаемаадносінах з дзейнасцю драматургаў, акцёраў, сцэнографаў, кампазітараў, вызначае асноўныя тэндэнцыі і працэсы, якія адбываюцца ў беларускім тэатральным мастацтве 1970-х — пачатку 2000-х гадоў, звяртае пільную ўвагу на вытокі нацыянальных рэжысёрскай і акцёрскіх школ, а таксама на пытанні сучаснай падрыхтоўкі рэжысёрскіх кадраў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Звяртаецца даследчык і да праблемы ўзаемаадносін тэатра і крытыкі.
Асаблівую заклапочанасць аўтара выклікае тэндэнцыя, уласцівая сучаснаму тэатральнаму мастацтву, калі роля выканаўцы ў спектаклі зводзіцца да “імітацыі жыцця”, і большага рэжысёр не патрабуе. Сёння акцёр не адчувае сябе на сцэне ўладаром, а між тым, на думку аўтара, менавіта акцёрам і створаным імі вобразам належыць асноўная роля ў выяўленні рэжысёрскай канцэпцыі спектакля. А вось пры разглядзе праблем выбару драматургічнага матэрыялу Р.Баравік звяртае ўвагу на адпаведнасць рэжысёрскага тлумачэння п’есы задуме драматурга, акцёрскага выканання — паэтыцы драматургічнага твора. Аналізуючы драматургію К.Крапівы, А.Дударава, А.Петрашкевіча, У.Галубка, В.Ткачова, А.Курэйчыка, даследчык разважае аб праблеме ўзаемаадносін паміж драматургам і часам. Ён звяртае нашу ўвагу на неабходнасць наяўнасці ў п’есе жыццёва-значнай праблематыкі як залогу плённых стасункаў рэжысёра і драматурга, а таксама на тое, калі і пры якіх умовах твор можа страціць сацыяльна-пазнавальныя прыкметы сучаснасці.
На сённяшні дзень Рыгор Баравік — загадчык кафедры рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, і за перыяд сваёй педагагічнай дзейнасці ён падрыхтаваў шмат спецыялістаў, якія працуюць акцёрамі прафесійных тэатраў, рэжысёрамі тэлебачання, народных тэатраў. Яшчэ і таму кніга Р.Баравіка — гэта вынік абагульнення практычнага вопыту рэжысёра і роздуму тэарэтыка і педагога аб праблемах сцэнічнага мастацтва Беларусі апошніх дзесяцігоддзяў.
Людміла КЛІМОВІЧ,
кандыдат мастацтвазнаўства,
навуковы супрацоўнік ІМЭФ
імя. К.Крапівы НАН Беларусі