Перад паказам рэжысёр папярэдзіў гледачоў: “Гэтая гісторыя — зусім не пра аўтара знакамітага “Васіля Цёркіна”. І літаральна ўсе, хто прыйшоў у гэты дзень у глядзельную залу, былі заінтрыгаваны: што ж за загадкавы “пан” такі? І вось з’яўляецца сам Твардоўскі: на першы погляд, вельмі просты чалавек. Але тонкая ігра артыста Юрыя Мянько адразу падкрэсліла веліч, майстэрства, чароўнасць і тонкую іронію гэтага Мага. Менавіта ён здабыў люстэрка, заплаціўшы за яго вялікую цану — душу, якую аддаў д’яблу. Абставіны складваюцца так, што чарадзей мусіць знікнуць у люстэрку, хаваючыся ад сваіх ворагаў. Але калі б гэта здарылася, гледачы так і не змаглі б уявіць і ўбачыць вялікае каханне Барбары Радзівіл і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста, што здольнае стаць побач з каханнем Рамэа і Джульеты ці Трыстана ды Ізольды. Акурат пра яго, а таксама пра чорную зайздрасць і тое самае магічнае люстэрка, што было сведкам дабра і зла, пан Твардоўскі распавядае служанцы Гальшцы.
Нягледзячы на тое, што дзеянне ў спектаклі прыпадае на 1572 год, пастаноўку аздобілі мультымедыйныя сцэны, распрацаваныя і ўвасобленыя студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Даніілам Жугждам. Зрэшты, уражвала і прыемна здзіўляла ў спектаклі ўсё: дэкарацыі, лялькі, касцюмы, музыка. А вобразы, створаныя артыстамі тэатра Аляксандрай Літвінёнак (Барбара Радзівіл), Наталляй Будрык (Ганна Радзівіл), Віталём Лявонавым (Жыгімонт Аўгуст), Васілём Прабадзяком (Суддзя), Наталляй Дацэнка (Гальшка) і іншымі стварылі яркае відовішча, поўнае моцнага тэмпераменту, эмацыянальнага ўсплёску, майстэрства, якое ўразіла і парадавала прыхільнікаў тэатральнага мастацтва.
Марына ДАНІЛЬЧЫК
Гродна