Музейны мастэрынг

№ 20 (888) 16.05.2009 - 22.05.2009 г

18 мая музейныя работнікі ўсяго свету адзначаюць сваё прафесійнае свята, а сёння нас чакае яшчэ адна маштабная праграма — начная, якая аб’ядноўвае больш за 2000 музеяў з 40 краін Еўропы і дзесяткі ўстаноў нашай краіны, што праводзяць у межах “Ночы музеяў” мерапрыемствы, прысвечаныя Году роднай зямлі. Дэвіз акцыі ў 2009-м — “Музей і нацыянальны турызм”.

 /i/content/pi/cult/208/2440/Masteryng.jpg
У Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі сёння вывучаць гісторыю музыкі і танцаў — ад народных і тых, што адносяцца да часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, баляў ХІХ стагоддзя, да самых сучасных, прычым усе праграмы будуць суправаджацца майстар-класамі.
Адначасова чакаецца знаёмства з гісторыяй старажытных музычных інструментаў, удзел у аднаўленні некаторых старажытных рамёстваў.
Праграма “Дэманстрацыя ўпершыню” прадставіць наведвальнікам унікальны прадмет з фондаў толькі на адну гадзіну. Сваю праграму прапануе і філіял установы — Дом-музей І з’езда РСДРП.
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь сёння сканцэнтруецца на тэме культуры Усходу. Як адзначаюць ва ўстанове, гэтая калекцыя — адна з самых цікавых і амаль невядомых для наведвальнікаў. Акрамя знаёмства з музейнымі прадметамі, наведвальнікаў чакае таксама тэатралізавана-музычны праект “Калейдаскоп усходніх мар”, дзе прадставяць мастацтва каліграфіі і арыгамі, інсталяцыі і перформанса, пескаграфіі. Адбудуцца і два адкрыцці фотавыставак: “Людзі Егіпта” члена Беларускага саюза дызайнераў Вадзіма Качана і “Схаваная Японія” японскага графіка, дызайнера, фатографа Яхагі Кідзюро.
У Літаратурным музеі Янкі Купалы сёння адбудзецца прэзентацыя партрэта маці Янкі Купалы ў маладосці пэндзля В.Нямцова і прадстаўленне філіялаў установы як турыстычных аб’ектаў. А ўжо на Міжнародны дзень музеяў, 18 мая, прыпадае сумеснае мерапрыемства купалаўскага і мулявінскага музеяў. У Малой зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі пройдзе імпрэза “Песні пра долю” — да чарговай гадавіны выканання “Песнярамі” рок-оперы на вершы Янкі Купалы і музыку Уладзіміра Мулявіна.Сёння ў вячэрні і начны час Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прапануе “Вандроўкі па краінах і стагоддзях”: “Падарожжа па роднай зямлі”, “На балі ў Наташы Растовай” (у межах расійска-беларускага праекта “Жыццё Л.М. Талстога”), беларуска-нямецкі праект “Patchwork classic”, літаратурна-мастацкі праект “Добре дошли в България” з паэтычна-музычным дывертысментам. Чакаецца і “Падарожжа ў гісторыю” з філаматамі і філарэтамі.
“Начная варта” дзейнічае 18 мая ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Супрацоўнікі ўстановы прапануюць “Вандроўку ў чароўны свет батлейкі”, музычную імпрэзу “Маёвыя песні” і прэзентацыю радыёканала “Культура”, які, дарэчы, прысвеціць міжнароднаму святу ўвесь свой эфірны дзень у панядзелак.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту працуе па “святочным графіку” ўсе выхадныя.
16 мая адбудуцца “Танцы ў скансене”, а 17-га — выстаўка паслуг Музея народнай архітэктуры і побыту, майстар-класы па пляценні паясоў на бердзечку, народнай вышыўцы і адкрыццё выстаўкі “Народныя абразы з калекцыі музея” ў Пакроўскай царкве — помніку народнай архітэктуры XIX стагоддзя.
Беларускі дзяржаўны музей тэтральнай і музычнай культуры 16 мая прапануе лялечную і музычную праграмы. У апошняй выступаюць студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — удзельнікі міжнароднага праекта “Маладыя галасы” пад мастацкім кіраўніцтвам заслужаных артыстаў Беларусі М.Зданевіча, Л.Колас, Т.Эльшэўскай. У філіяле “Гасцёўня Уладзіслава Галубка” 16 мая пройдзе канцэрт вакальнай музыкі ў выкананні выкладчыкаў і студэнтаў БДАМ, а ў Музеі гісторыі беларускага кіно — спецкінапраграма да “Ночы музеяў-2009”.