Нашто вам, камбат, чужая зямля?..

№ 19 (887) 09.05.2009 - 15.05.2009 г

Матэрыял гэты прыйшоў з Россашы, што ў Варонежскай вобласці Расіі, на электронны адрас “Культуры”. Журналіст Пётр Чалы распавёў пра лёс камбата Сапрыкіна, чый батальён за тры дні баёў на Віцебшчыне ў 1943-м знішчыў амаль полк пяхоты ворага. Камбата за той бой узнагародзілі званнем Героя Савецкага Саюза. Пасмяротна. Але Сапрыкін выжыў. І гісторыя героя мела нечаканы працяг...

Тады, у студзені 91-га, гэтае паведамленне з Масквы сустрэлі з палёгкай і родныя ў раённым цэнтры Варонежскай вобласці — горадзе Россашы, і землякі з суседняй Альхаваткі. Ёсць усё ж справядлівасць на белым свеце! Франтавіку Уладзіміру Аляксеевічу Сапрыкіну вярнулі званне Героя Савецкага Саюза, якога ён быў пазбаўлены ў жніўні 1977 года.
1.
Восенню семдзесят сёмага года здымалі мемарыяльную дошку, калі на вуліцах самы бязлюдны час. Тады і класы былі пустыя, і ў школьным двары — ні душы. Сарвалі мемарыяльную дошку, якой ганарыліся хлопцы-следапыты. Менавіта яны сумесна са старэйшымі настаўнікамі знайшлі і пацвердзілі: у іх Альхавацкай сярэдняй школе ў канцы 1930-х працаваў настаўнікам Герой Савецкага Саюза камбат Сапрыкін.
Хлопцы знайшлі краязнаўчыя кнігі, атрымалі ўсе неабходныя сведчанні з архіва. Адшукалі сваякоў Героя — бацьку, сястру. На магнітафонную плёнку запісалі расказы тых, хто помніў Уладзіміра Аляксеевіча як вясковага настаўніка.
 /i/content/pi/cult/207/2436/Front1.jpg

Уладзімір Сапрыкін — настаўнік у Альхаватцы. 1930-я гг.

Жыццёвы шлях Сапрыкіна вымалёўваўся так.
Нарадзіўся ў жніўні 1916 года ў вёсцы Сухадол (зараз — Красніцкі раён Ліпецкай вобласці). Бацьку па службе часта перакідвалі з райцэнтра ў райцэнтр, сям’я калясіла па Варонежскай вобласці. Уладзімір пасля школы скончыў рабфак і педагагічны інстытут у Варонежы, адкуль яго і накіравалі настаўнічаць у Альхавацкі раён. Выкладаў матэматыку і фізіку. Там, у канцы 1937-га, пазнаёміўся з выпускніцай Баброўскай сярэдняй школы Аленай Коннавай.
“Мне яшчэ не было дзевятнаццаці, Валодзя — на два гады старэйшы, — успамінае Алена Пятроўна. — Зімой мы ажаніліся, а летам пераехалі ў Альхаватку. Восенню 1939-га яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Стаў курсантам Грозненскага пяхотнага вучылішча. У канцы мая альбо ў пачатку чэрвеня 1941-га на світанні літаральна ўварваўся да мяне ў пакой — лейтэнант Сапрыкін! Праводзілі яго на службу. 18 чэрвеня атрымала ліст ад Валодзі з Мінска: яму абяцалі жыллё — “чакай выкліку!”.
Лейтэнант Сапрыкін — з чэрвеня 41-га на фронце. Камандаваў стралковым узводам, ротай, батальёнам. З 1943 года — член Камуністычнай партыі. У тым жа годзе адзначаны высокімі ўзнагародамі. Ордэнам Чырвонай Зоркі — за тое, што “ў баі 8 сакавіка 1943 года ў вёсках Крывапустава і Гаўрылкі Туманаўскага раёна Смаленскай вобласці як камандзір батальёна ўмела кіраваў байцамі, сам хадзіў у разведку”. Тады ж ля вёскі Прудкі батальён Сапрыкіна “адбіў у гітлераўцаў звыш за тысячу чалавек — дзяўчат і маладых жанчын, якіх гналі ў Германію”. Ордэнам Аляксандра Неўскага — ім узнагароджвалі лепшых афіцэраў і генералаў,— за тое, што “...узорна арганізаваў вынас параненых з поля бітвы, усе яны былі эвакуіраваны своечасова”. Яго салдаты ў ліку першых уварваліся ў Вязьму. Свой апошні бой капітан Сапрыкін прыняў ля Чырвонай Слабады Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці.
“...Кожны дзень вораг рабіў да 10 — 12 контратак з падтрымкай танкаў. Камбат Сапрыкін на працягу трохдзённых баёў гераічна стрымліваў націск батальёна пяхоты праціўніка, застаючыся з групай у 30 чалавек. На трэці дзень немцы зноў арганізавалі атаку з 15 танкамі і адрэзалі Сапрыкіна з астаткамі батальёна. Усе байцы, натхнёныя стойкасцю свайго камбата, біліся да апошняга патрона. Таварыш Сапрыкін выклікаў агонь на сябе, калі кальцо фашыстаў звузілася да дваццаці метраў. Да апошняга ўздыху капітан страляў у ворагаў, якія з усіх бакоў насядалі на яго. Смерцю героя загінуў Сапрыкін, які знішчыў са сваім батальёнам за тры дні баёў амаль полк нямецкай пяхоты. Яго подзвіг заслугоўвае высокай узнагароды...”
Гэтую ўзнагароду і прысвоілі. Пасмяротна.Вось так коратка можна распавесці пра лёс чалавека, абазначаны датамі “24.8.1916 — 3.12.1943”.
У Альхавацкім краязнаўчым музеі выставілі дзве кнігі, у якіх ёсць звесткі пра Сапрыкіна: адна — “Волаты зямлі варонежскай”, другая — “Навечна ў сэрцы народным”, выдадзеная ў Мінску. Імя камбата заўсёды згадвалі ў дні ўрачыстасцей, якія былі звязаны з Вялікай Айчыннай.
І раптам... Хаця і здымалі ў бязлюддзе пасмяротную дошку, чутка пра тое прайшла па ўсім пасёлку. Па службовым абавязку газетчыка, у якасці ўласнага карэспандэнта варонежскай абласной газеты “Камуна”, я пачаў дазнавацца аб тым, што здарылася. Аказваецца, герой — жывы! Але ён — за мяжой, у Канадзе!
Гэты факт, канешне, да высвятлення акалічнасцей справы не падлягаў абвяшчэнню, тым больш у друку!
Час ішоў. Падрабязнасці высвятляліся. А калі выйшаў двухтомны слоўнік-даведнік, у спісе герояў камбат Сапрыкін ужо не значыўся...
2.
Тая ж газетная дарожка звяла мяне з сястрой Уладзіміра Аляксеевіча — Любоўю Аляксееўнай Краўцовай, якая працавала на чыгуначнай станцыі Россаш. Там яе аднойчы тэрмінова паклікалі да тэлефона. Узяла трубку — і ледзьве не выпусціла яе з рук:— З вамі будуць гаварыць з Канады: Таронта на провадзе. Мужчынскі голас. Чутно — дрэнна.Галоўнае зразумела: мой загінулы брат — жывы. Спешна штось расказала яму. Запісала адрас. Адправіла вялікі ліст...
Неўзабаве паштальён прынёс ёй прадаўгаваты канверт з замежнымі маркамі: на дзевяці густа спісаных старонках брат Краўцовай-Сапрыкінай паведамляў аб сваім “уваскрашэнні з мёртвых”...
3.
“Дарагая Люба!Ліст твой ішоў амаль восем месяцаў! Каб я даў волю сваяму ўяўленню, дык і тады не змог бы дапусціць усяго таго, што паведаміла мне ты. Як цяжка пры ўсім перажытым сумясціць адначасова столькі журбы і шчасця... Памёр тата... Больш за ўсё на свеце баяўся атрымаць такую вестку. Да апошняга часу я верыў, што вось-вось атрымаю ліст ад бацькі. Разам з тым, якое пякучае шчасце — ведаць, што ў мяне ёсць у Расіі такая адважная сястра! Хіба магчыма было ўявіць сабе, што ў той страшэнны 1941 год, калі я пайшоў на вайну, з’явілася на свет ты! У маім уяўленні ты прадстаўляешся малюткай, — а табе зараз аж 37 гадоў! Як перадаць усё тое, што ўсхвалявала мяне пры паведамленні пра той высокі гонар, якім удастоіла мяне Радзіма?! Для мяне, чалавека, які больш за палову жыцця правёў у далечыні ад Айчыны, гонар — быць героем свайго народа — зараз тройчы дарагі.
У гэтыя дні наноў перажыў усё. Многае ўжо ў памяці пасціралася... Сцісла перадам табе ўсё тое, што, на мой погляд, здаецца істотным...”
4.
“...Думкамі пераношуся ў Чырвоную Слабаду, дзе мне наканавана было стаць героем краіны і адначасова — скончыць свой воінскі шлях.
Батальён мой уваходзіў у склад 612-га палка 144-й дывізіі — той самай, якая першай 12 сакавіка 1943 года ўварвалася ў горад Вязьму (пра што паведамляла Саўінфармбюро). У снежні таго ж года дывізія ўдзельнічала ў прарыве Віцебскага выступу на Аршанскім кірунку. Што прадстаўляў Віцебскі выступ і якое значэнне яму надавалі немцы, ты, думаю, ведаеш з гісторыі вайны...”
Пакінем на кароткі час чытанне ліста. Паглядзім, скажам, вачыма генерала нямецкай пяхоты Курта Цыпельскірха на баявое становішча той пары. Фашысты спрабавалі “трымацца, што б там ні было” на Дняпры і “з гэтага часу пакончыць з адыходам”. На поўнач ад Віцебска рускім удалося прарваць абарону, “брэш ператварылася ў кроватачывую рану на стыку дзвюх армій.
Прапанову камандавання “адцягнуць флангі” Гітлер упарта адхіляў. З Віцебскага выступу ён спадзяваўся пачаць наступленне групы армій “Поўнач” і спаўна расквітацца за згубленыя перамогі. Ад Віцебска да Масквы, маўляў, рукой падаць!”
Далей Сапрыкін піша: “Майму батальёну паставілі задачу: прарваць на вузкім участку у Чырвонай Слабадзе ўмацаванні праціўніка. Сваю задачу выканалі. Але сілы былі няроўныя. Пазіцыі пераходзілі з рук у рукі. У апошняй схватцы мяне параніла ў грудзі. Некалькі хвілін быў яшчэ ў прытомнасці, свае паспелі зрабіць перавязку раны. Гэта ўсё, што помню. Некалькі разоў прыходзіў у сябе, калі на полі бою ўжо ўсё сціхла. Кантужаны сяржант аказваў мне пасільную дапамогу. Ён і перанёс мяне з адкрытага поля ва ўкрыццё паблізу з сіласнай ямай. З яго слоў даведаўся, што ўсе мае палявыя дакументы разам з планшэткай і баявымі ордэнамі закапаў у зямлю. Страшэнны нечалавечы боль раздзіраў усё цела. Не ў стане быў нават пальцам паварушыць. Часам здавалася, што ўсё гэта — кашмарнае трызненне, што я ў небяспецы, у шпіталі сярод сваіх.
Часам па гуку залпаў ясна пазнаваў нашу артылерыю, снарады падалі дзесьці паблізу. Пакутаваць ад болю было немагчыма, і я як міласці чакаў разрыву “свайго” снарада каля сябе (прабач за маладушша, было менавіта так). Іншым разам здавалася, што вось-вось уварвуцца свае.
Але яны не прыйшлі — свае прыйдуць значна пазней, каб ужо безупынна і пераможна рухацца наперад.
Немцы знайшлі мяне толькі на шосты дзень.
Адно зараз бясспрэчна: ніколі не пакінулі б жывым, калі адразу пасля бою натрапілі б на мяне, цяжка параненага.
Апроч таго, жывая цікаўнасць і здзіўленне перад жывучасцю рускага чалавека з яўна
 /i/content/pi/cult/207/2436/Front2.jpg

фатальным раненнем у нейкай ступені адбіліся на маім далейшым лёсе.
Потым мяне пераправілі ў міжнародны афіцэрскі лагер. Гэта горад Нінбург каля галандскай граніцы. Становішча складалася цяжкае, асабліва для савецкага афіцэра: бегчы альбо памерці — вось што пастаянна свідравала галаву. Два блізкія мне сябры, фізічна мацнейшыя, уцякалі, але былі злоўлены; іх вярнулі ў лагер і расстралялі. Вызваленне прыйшло іншым шляхам — з уваходжаннем англійскіх войскаў у Вестфалію”.
5.
“Я не сумняваўся, што сярод сваіх лічыўся загінуўшым. “Уваскрэснуць з мёртвых” з ганебным кляймом ваеннапалоннага было не ў маёй натуры. Так, наперакор светапогляду, жаданням, памкненням, з ясным разуменнем таго, які цяжкі лёс чакае мяне ў будучым, пачаў жыць на чужыне. І заўсёды ўспамінаў сваіх баявых паплечнікаў. Яны паміралі героямі. Сябе ж у глыбіні душы адчуваў у дзіўным, ілжывым становішчы як “уваскрэшаны”. Жыццё рускага чалавека за мяжой (ты гэта павінна ведаць з літаратуры), калі ён толькі не страціў душу і любоў да Радзімы, — цяжкое. Маё ж жыццё аказалася ўдвая цяжкім — гаворка ідзе не пра кавалак хлеба.
Скажу, што амаль чатыры гады безадрыўна я вымушаны быў правесці на бальнічным ложку. Вынікі ранення, як і трэба было чакаць, даліся ў знакі...
Акрамя трох сардэчных сяброў, зараз нікога няма — жыву ў адзіноце. Была жонка, урач па прафесіі, — мы аказаліся з ёю розныя людзі.
Жыццё абывацельскае не прывілася да мяне. У такіх абставінах лёгка можна спіцца альбо з’ехаць з глузду...І ўсё-такі знайшоў у сабе сілы, скончыў політэхнічны інстытут, стаў інжынерам. Дом мой (табе, напэўна, можа паказацца дзіўным, што я домаўласнік!) — свайго роду маленькі куточак Радзімы! У мяне вялікая бібліятэка — каля 5 тысяч тамоў, што, дарэчы, і прымусіла, падахвоціла стаць уласнікам дома. Кнігі — мой гонар, без кніг я не прадстаўляю сваё жыццё. Бібліятэка і звязвае мяне з Бацькаўшчынай. Вашы радасці — мае радасці, і вашы нягоды і непрыемнасці адбіваюцца на мне ўдвая.
Вось, здаецца, і ўсё пра маё жыццё. Калісьці Аляксандр Вярцінскі з адчайным душэўным надрываннем пісаў пра чвэрць стагоддзя без Радзімы, я ж больш без яе — 35 гадоў! Ды хіба я адзін... Мільёны людзей абяздоліла гэтая вайна. У акіяне гора і слёз мой лёс — слязінка...”(Працяг будзе.)

Пётр ЧАЛЫ
г. Россаш Варонежскай вобласці
Расія